Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус нагадаў, што 23 жніўня спаўняецца 79 гадоў з дня падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа — пагадненьня аб ненападзе паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам.
Паводле Лінаса Лінкявічуса, гэты дакумент «вызначыў лёс мільёнаў эўрапейцаў».
«Для Літвы, Латвіі і Эстоніі гэта мела вынікам 50 гадоў савецкай акупацыі. Мы вельмі добра ўсьведамляем, што Молатаў сёньня абсалютна жывы і шукае свайго Рыбэнтропа», — заявіў літоўскі службовец.
Пакт Молатава-Рыбэнтропа быў падпісаны ў 1939 годзе ў Маскве міністрам замежных справаў Нямеччыны Яўхімам фон Рыбэнтропам і народным камісарам замежных справаў СССР Вячаславам Молатавым.
Дакумэнт прадугледжваў нэўтралітэт СССР у будучай агрэсіі Трэцяга райху супраць Польшчы і ўсёй Эўропы. У чэрвені 1941 году, амаль праз два гады пасьля пачатку Другой усясьветнай вайны, Нямеччына напала на Савецкі Саюз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму «вайна пачалася ў Берасьці», калі БССР была далей за Беласток