Швайцарскі банк Credit Suisse замарозіў зьвязаныя з Расеяй актывы на суму каля 5 мільярдаў даляраў. Як паведамляе агенцтва Reuters, на такія меры банк пайшоў, каб ня трапіць пад санкцыі ЗША.
Імёны ўладальнікаў замарожаных рахункаў не ўдакладняюцца. У артыкуле Reuters адзначаецца, што Швайцарыя застаецца адным з самых папулярных кірункаў у заможных грамадзян Расеі, куды яны выводзяць сродкі.
22 жніўня ўступілі ў сілу новыя санкцыі ЗША ў дачыненьні да Расеі ў сувязі з атручваньнем былога афіцэра расейскай вайсковай выведкі ГРУ Сяргея Скрыпаля ў брытанскім горадзе Солсбэры. У Вашынгтоне перакананыя, што Масква парушыла амэрыканскі закон аб кантролі над хімічнай і біялягічнай зброяй і забароне яе ваеннага прымяненьня.
Цяпер у Кангрэс ЗША ўнесены новы законапраект, які ўзмацняе жорсткасьць санкцый у сувязі зь меркаваным умяшаньнем Расеі ў амэрыканскія выбары. Новыя абмежаваньні могуць закрануць правядзеньне даляравых апэрацый для расейскіх дзяржаўных банкаў. Таксама плянуецца забарона на інвэстыцыі ў расейскі дзяржаўны доўг.
У чаканьні абвешчаных Вашынгтонам новых санкцый рэзка патаньнеў расейскі рубель. Расейскі прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў параўнаў анансаванае ўзмацненьне санкцый ЗША з абвяшчэньнем эканамічнай вайны.