Расьследаваньне: перакладчык Кілімнік — магчымае зьвяно, якое зьвязвае Манафорта са спэцслужбамі Расеі

Пол Манафорт

Былы кіраўнік перадвыбарчага штабу Дональда Трампа паліттэхноляг Пол Манафорт, якога цяпер судзяць у ЗША за ўтойваньне інфармацыі аб афшорных рахунках, банкаўскае махлярства і нявыплату падаткаў, доўгі час працаваў з перакладчыкам Канстанцінам Кілімнікам, ураджэнцам гораду Крывы Рог у Днепрапятроўскай вобласьці Ўкраіны.

Паводле дадзеных Financial Times і сьледчых з групы спэцпракурора Мюлера, Кілімнік вучыўся ў Вайсковым унівэрсытэце Міністэрства абароны Расеі, дзе рыхтуюць у тым ліку перакладчыкаў для вайсковай выведкі, і прынамсі ў пачатку карʼеры меў дачыненьне да расейскага ГРУ Міністэрства абароны.

Пазьней ён далучыўся да каманды Манафорта, які быў паліткансультантам Партыі рэгіёнаў і працаваў на экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. У яго таксама ёсьць сувязі з расійскім алігархам Алегам Дзерыпаскам.

І FT, і расьследвальная ініцыятыва «Праект», і група спэцпракурора Мюлера лічаць Кілімніка тым самым зьвяном, якое зьвязвае Манафорта з расейскімі ўладамі і спэцслужбамі. Менавіта гэтыя сувязі з Расеяй група Мюлера спрабуе даказаць у ходзе расьсьледаваньня «змовы з Расеяй», якое вядзецца з канца 2016 году. Менавіта праз Кілімніка Крэмль, паводле іх вэрсіі, аказваецца зьвязаны з Трампам і яго выбарчай кампаніяй.

Канстанцін Кілімнік (крайні зьлева ў сіняй кашулі) з камандай Манафорта, 2006

Кілімнік у лютым 2017 году даў інтэрвію англамоўнаму праекту Радыё Свабода «Цэнтральная служба навінаў». Падчас яго ён забараніў сябе фатаграфаваць і адмаўляў свае сувязі з расейскімі спэцслужбамі, але пацьвердзіў, што ў яго ёсьць два грамадзянствы: Расеі і Ўкраіны. Ён таксама пацьвердзіў, што меў зносіны з Полам Манафортам «кожныя пару месяцаў», у тым ліку і ў той час, калі той працаваў у штабе Трампа ў 2016 годзе. Але, паводле Кілімніка, ніякіх кансультацый па амэрыканскіх выбарах 2016 году ён Манафорту не даваў і не супрацоўнічае зь ім прафэсійна з 2014 году.

Акрамя сувязяў з ГРУ, Кілімнік зьвязаны з Расеяй ускосна праз структуры мільярдэра Алега Дзерыпаскі, лічаць сьледчыя «Праекту» (у красавіку 2018 году Дзерыпаска трапіў пад пэрсанальныя санкцыі ЗША як блізкі да Ўладзіміра Пуціна алігарх).

Уладзімір Пуцін і Алег Дзерыпаска

З 1995 году і недзе да мяжы 2004-2005 гадоў Кілімнік афіцыйна працаваў на амэрыканскую грамадзкую арганізацыю «Міжнародны рэспубліканскі інстытут» у Маскве (IRI). Цяпер IRI ў Расеі ўваходзіць у сьпіс непажаданых арганізацый, сайт IRI заблякаваны. У 2005 годзе Кілімнік, які на той момант быў выканаўцам абавязкаў дырэктара расейскага адзьдзяленьня IRI, быў адтуль са скандалам звольнены. Яго былыя калегі заявілі «Праекту», што гэта было зьвязана з тым, што Кілімнік пачаў спачатку таемна, а потым і адкрыта працаваць ва Ўкраіне на Віктара Януковіча.

Адзін зь людзей, якія працавалі на Кілімніка, сьцьвярджае, што праца паліткансультантаў ва Ўкраіне каардынавалася менавіта пры ўдзеле структур Дзерыпаскі. У прыватнасьці, Кілімнік ня менш за 20 разоў дасылаў супрацоўнікаў IRI у офіс «Базэл» на вуліцы Рачдэльскай у Маскве, дзе ім перадавалі капэрты з наяўнымі грашыма і авіябілеты для прыцягнутых да працы Кілімнікам паліткансультантаў. Прадстаўніца Дзерыпаскі пры гэтым заявіла, што ні сам алігарх, ні «Базэл» ніколі не фінансавалі Кілімніка. У Дзерыпаскі і Манафорта, паводле яе, ёсьць «прыватныя інвэстыцыйныя адносіны, існаваньне якіх не аспрэчваецца», але яны «ніколі не былі скіраваныя на дасягненьне палітычных мэтаў».

«Праект» сьцьвярджае, што Дзерыпаска фінансаваў яшчэ як мінімум адну сумесную паездку Манафорта і Кілімніка: у Кіргізстан ў 2005 годзе. Тады там пачаліся масавыя пратэсты «Цюльпанавай рэвалюцыі», якія скончыліся ўцёкамі прэзыдэнта Аскара Акаева і тым, што яго месца заняў Курманбек Бакіеў. Паліттэхнолягі езьдзілі туды прасоўваць інтарэсы Расеі, зьвязаныя з выкарыстаньнем аэрадрому «Манас» у якасьці ваеннай базы ЗША. Прадстаўнік Дзерыпаскі абвяргае фінансаваньне камандзіроўкі, але адзін з паліткансультантаў, які езьдзіў у Бішкек, пацьвердзіў, што працаваў там разам з Кілімнікам, у той жа час у Кыргызстане быў і Манафорт.

Аднак Кілімнік сьцьвярджаў у інтэрвію Радыё Свабода, што Манафорт ні з кім акрамя яго ў Расеі не меў зносінаў «з часоў Дзерыпаскі», і што ў амэрыканскага паліткансультанта «няма сувязяў з РФ».

Цяпер Кілімнік з жонкай жыве ў Расеі ў элітным пасёлку на паўночным захадзе Падмаскоўя, адразу за МКАД, і па-ранейшаму пазьбягае публічнасьці. Два яго рэдкіх здымкі ёсьць у базе рэчыўных доказаў па справе Пола Манафорта: гэта кадры сустрэчы Кілімніка зь Януковічам, але на абодвух здымках Кілімнік паварочваецца да камэры сьпінай.

Аўтары расьсьледаваньня лічаць, што такія паводзіны Кілімніка невыпадковыя і могуць ускосна сьведчыць аб тым, што ён працаваў у разьведцы. Яго адзінае фота ёсьць у агенцтва AP: на ім Кілімнік сфатаграфаваны з чальцамі каманды Манафорта.