У Менску зноў дамовіліся пра бестэрміновае перамір’е на Данбасе

Адзін з экспанатаў музэю АТА ў Дняпры.

Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе дамовілася аб бестэрміновым спыненьні агню з 29 жніўня. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар прадстаўніка Ўкраіны ў кантактнай групе Дарка Аліфер.

«Кантактная група пры ўдзеле прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей пацьвярджае сваю поўную прыхільнасьць бестэрміноваму спыненьня агню ў сувязі з пачаткам навучальнага году пачынаючы з поўначы 29 жніўня 2018 году, — напісала Аліфер на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Для маніторынгу бакі таксама абавязваюцца гарантаваць надзейны і бясьпечны доступ АБСЭ па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, адпаведна яе мандату».

Пры гэтым Аліфер адзначыла, што на працягу папярэдняга перамір’я, якое было абвешчана 1 ліпеня, украінскі бок зафіксаваў амаль паўтары тысячы абстрэлаў з боку сэпаратыстаў, у тым ліку з забароненай менскімі дамовамі зброі — ракетных установак «Град», танкаў, артылерыі і мінамётаў.

Паводле ўкраінскага боку, міру на Данбасе немагчыма дабіцца без поўнага спыненьня паставак зброі, боепрыпасаў і гаруча-змазачных матэрыялаў з Расеі, у той час як «цяпер такія пастаўкі працягваюцца». У сваю чаргу Крэмль гэтыя абвінавачваньні адпрэчвае.