Анісім: міністар фінансаў ня супраць двухмоўя, але выдзяляць на гэта грошы адмаўляецца

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім

22 жніўня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім атрымала пісьмовы адказ ад міністра фінансаў Уладзімера Амарына на свой запыт адносна беларусізацыі заканатворчасьці, адукацыйнай і мэдыйнай сфэраў.

Дэпутатка прасіла міністра закласьці ў бюджэт-2019 грошы на падрыхтоўку законапраектаў на абедзьвюх дзяржаўных мовах, прадугледзець, каб палова бюджэтных сродкаў у сфэры адукацыі і масавай інфармацыі ішла на пашырэньне беларускай мовы.

«Штогод на ўтрыманьне дзяржаўнага апарату (нарматыўных органаў), устаноў адукацыі і друкаваных выданьняў вылучаюцца значныя сродкі зь дзяржаўнага бюджэту. Пры гэтым бюджэтнае заканадаўства не абмяжоўвае іх права выдаваць нарматыўна-прававыя акты на беларускай мове, а таксама асьвятляць свае пытаньні ў сфэры адукацыі і інфармацыйнай прасторы», — напісаў міністар фінансаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як папулярызаваць беларускую мову: 15 прапаноў Алены Анісім да «галоўнага ідэоляга»

Камэнтуючы ягоны ліст, Алена Анісім сказала Свабодзе, што гэта яшчэ адзін прыклад таго, як цяжка прабіваць пытаньні беларусізацыі ў краіне.

«Я зразумела такі адказ як прызнаньне таго, што мае прапановы не ўваходзяць у кампэтэнцыю міністэрства фінансаў. Атрымліваецца даволі дзіўна. Многія высокія чыноўнікі, асабліва ў прыватных размовах, кажуць, што яны асабіста падтрымліваюць пашырэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы. Але рэальнай падтрымкі я зноў не пабачыла», — кажа дэпутатка.

Алена Анісім сказала, што плянуе таксама зьвярнуцца да міністраў адукацыі і інфармацыі.

«Паколькі фінансавых абмежаваньняў на выкарыстаньне роднай мовы няма, буду націскаць на іх асабіста. Але гэта толькі адзін з крокаў», — сказала яна.

Як Анісім лабіруе заканатворчасьць па-беларуску

Змагацца за прыманьне законаў адразу на дзьвюх дзяржаўных мовах — беларускай і расейскай — Алена Анісім пачала яшчэ напрыканцы 2016 году. На яе думку, адсутнасьць усіх законаў на беларускай мове — прамое парушэньне Канстытуцыі, якое не дае грамадзянам абараніць свае правы ў судовым парадку. Бо пакуль законаў на беларускай мове няма, пераклады іх ня маюць юрыдычнай сілы.

«Людзі зьвяртаюцца з тым, што іхнія правы парушаюцца, асабліва ў судах, і спасылаюцца на адсутнасьць заканадаўства на беларускай мове. А мы як заканадаўцы, атрымліваецца, самі перашкаджаем іх канстытуцыйнаму праву і абвешчанай роўнасьці моваў», — кажа Алена Анісім.

На круглым стале па беларусізацыі заканадаўства, які праводзіўся сёлета ўвесну ў Палаце прадстаўнікоў, ягоныя ўдзельнікі прызналі — юрыдычных перашкодаў для гэтага няма. Існуюць толькі перашкоды матэрыяльныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Палаце прадстаўнікоў дыскутуюць, як пачаць пісаць законы па-беларуску: тры варыянты

18 красавіка 2018 году на пленарным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім прапанавала зьмяніць артыкул № 119 рэглямэнту і запісаць, што законы Палата прадстаўнікоў прымае на беларускай і расейскай мовах, а не на беларускай і (альбо) расейскай мовах, як гэта прапісана цяпер.

Старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Леанід Цупрык сказаў дэпутатам, што, на думку камісіі, ініцыятыва Алены Анісім супярэчыць адразу двум законам: «Аб Нацыянальным сходзе» і «Аб мовах». Бо ў абодвух гэтых нарматыўных актах прапісана аб прыняцьці законаў на беларускай і (альбо) расейскай мовах. Такім чынам, прапанову Анісім фактычна заблякавалі яе ж калегі.

27 чэрвеня 2018 году, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, міністар фінансаў Уладзімер Амарын прызнаў, што грошы на законы па-беларуску патрэбныя невялікія. Ён публічна паабяцаў, што калі так вырашыць парлямэнт, грошы знойдуцца.

Цяпер законы ў Беларусі прымаюцца пераважна на расейскай мове.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар фінансаў гатовы знайсьці грошы на законы па-беларуску. Калі так вырашыць парлямэнт