Олівэр Оджэа пераехаў у Беларусь, заснаваў гурт «Afrococoa» і вучыць беларусаў афрыканскім танцам.
Мы сустракаемся з Олівэрам у Малінаўцы ля МКАДа, дзе музыка жыве апошнія тры гады. «Да мяне даяжджаюць толькі самыя зацятыя тусоўшчыкі», — усьміхаецца суразмоўца.
Шэсьць гадоў таму Олівэр Оджэа пераехаў у Беларусь зь нігерыйскага мэгаполіса Лагас, што на беразе Гвінэйскага заліва, і скончыў біялягічны факультэт БДУ. Па адукацыі ён мікрабіёляг, а па ладзе жыцьця — заснавальнік уласнага бэнду «Afrococoa», кампазытар, трэнэр па афрыканскіх танцах: кізомбе і азунту.
«Беларусь была плянам Б»
Нігерыя — першы ў Афрыцы экспартэр нафты. Па словах Олівэра, жыцьцё ў гэтай краіне можа быць вельмі камфортным. Яго бацька працаваў на мытні, а маці была эканамісткай. Цяпер бацькі жывуць у Штатах і Вялікай Брытаніі.
На пытаньне — чаму Беларусь? — Олівэр шчыра прызнаецца:
«Я з кансэрватыўнай сям’і. Бацькі шмат чаго забаранялі ў дзяцінстве. Я рос сарамлівым інтравэртам і хацеў вырвацца і паспрабаваць нешта новае. На выбар у мяне было некалькі краін: Нямеччына, Грузія, Украіна і Беларусь.
Спачатку я абраў Украіну, бо шмат маіх сяброў зьехалі туды. Плян праваліўся. Маці сказала, што там пачынаецца рэвалюцыя і лепей застацца дома. Беларусь была плянам Б, бо знаходзілася побач з Украінай. Усё, што я ведаў пра Беларусь да таго, як прыляцеў: там страшна халодна».
«Мой першы інструмэнт — гармонік»
«Аднойчы ў дзяцінстве бацька падарыў мне альбом будучай легенды афрабіту — Фэля Куці. Я ўключаў яго і танцаваў нон-стоп», — узгадвае Олівэр.
Тады малады Фэля Куці набіраў моц у былой брытанскай калёніі, а новы жанр афрабіту натхняў незьлічоную колькасьць музыкантаў, у тым ліку і маленькага Олівэра.
Суразмоўца дэманструе сваю калекцыю музычных інструмэнтаў: губны гармонік, саксафон, гітару і бубен. «Мой першы інструмэнт — гармонік. Я пачаў граць на ім ужо ў 9 гадоў і адразу зачараваўся».
Каб стаць знакамітым у Нігерыі, патрэбны вялізны капітал для прасоўваньня. На музычным рынку трэба быць унікальным, бо канкурэнцыя ня знае літасьці. У Беларусі жанр афрабіту ўнікальны сам па сабе.
«Здам залік толькі тады, калі вывучу „Купалінку“»
Першае ўражаньне музыкі пра Беларусь было такое: ціхі аэрапорт і холад. У першую ноч Олівэр спаў у вопратцы. Больш за ўсё яго зьдзівіла, што беларусы не размаўлялі па-ангельску.
«У мяне не было выбару. Прыйшлося па-хуткаму вучыць расейскую мову. Празь сем месяцаў я мог ужо больш-менш свабодна гаварыць. Самым складаным было навучыцца вымаўляць гук „щ“.
Яшчэ памятаю, як выкладчыца расейскай мовы сказала, што я здам залік толькі тады, калі вывучу „Купалінку“. Я тады хадзіў і напяваў увесь час: „Купалінка-купалінка, цёмная ночка...“», — кажа Олівэр.
Тады музыка не адрозьніваў расейскай мовы ад беларускай, а цяпер у ягоным асяродзьдзі ёсьць беларускамоўныя сябры. Яны і ўзбагацілі яго вакабуляр выразамі «калі ласка», «дзякуй», «я цябе кахаю».
Олівэр носіць вышыванкі, вучыць беларускую мову, падарожнічае па Беларусі.
«Я намагаюся дакрануцца да беларускай культуры, бо жыву тут. З дыскрымінацыяй і расізмам у Беларусі я не сутыкаўся. Натуральна, людзі баяцца новага. Цёмнаскуры чалавек для іх — гэта штосьці незвычайнае, але насамрэч усе мы аднолькавыя. У адной сваёй песьні я сьпяваю: „Нехта есьць манга, а ў цябе — бульба...“», — разважае музыка
«Мой першы дом — Афрыка, другі — Беларусь»
Да прыезду ў Беларусь Олівэр музыкай сур’ёзна не займаўся. Усё закруцілася, калі аднойчы ў менскім рэстаране да яго падышоў беларускі музыка і спытаў, ці не чытае той рэп. Хоць Олівэр і адказаў адмоўна, беларускі рэпэр запрасіў яго да свайго сябра ў студыю, і музычная кар’ера студэнта зь Нігерыі распачалася ў жанры афрахаўс, рэгі, афрабітс.
Ужо два гады Олівэр скарае Зыбіцкую. Амаль кожныя выходныя ўлетку менчукі і госьці сталіцы зьбіраюцца, каб паслухаць галоўны гіт гурту Afrococoa — песьню Viva Belarus.
Гэты трэк музыка напісаў тры гады таму. Яго экс-дзяўчына зьвярнула ўвагу, што Олівэр піша песьні ў асноўным пра ўласную сям’ю, Афрыку, нігерыйскую культуру і нічога — пра Беларусь. Так і нарадзілася «Viva Belarus».
«Гэта такая „песьня замежніка“, — кажа музыка. — У ёй я ўзгадваю, як холадна было ў Беларусі, калі я ўпершыню сюды прыехаў. Я стаяў, бы замарожаная курыца, а потым пакаштаваў дранікі і ўлюбіўся ў гэтую мясцовую страву».
Бацькі Олівэра цалкам падтрымліваюць ягоны запал да музыкі. Бліжэйшым часам ён плянуе заставацца ў Беларусі і шмат працаваць. «Мой першы дом — Афрыка, другі — Беларусь. Тут я стаў тым, хто я ёсьць», — падсумоўвае Олівэр.