Старшыня Дзяржаўнага кантролю: «Скаланаюся, думаючы, што было б з краінай, калі б закрылі неэфэктыўныя прадпрыемствы»

Леанід Анфімаў, архіўнае фота

«Спробу ўклініцца ў бясконцую спрэчку эканамістаў і палітыкаў» зрабіў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў. Так ён апісвае мэту свайго артыкула «Какими нам быть?» у газэце «Советская Белоруссия».

Леанід Анфімаў выступае супраць рынкавай эканомікі, абараняе плянавую. Ён тлумачыць гэта так:

«На побытавым узроўні, у хатняй гаспадарцы, ці выстройваем мы лінію паводзінаў або альгарытм нашых дзеяньняў для забесьпячэньня сваёй жыцьцядзейнасьці? Ці ўсё аддаем на волю выпадку? Безумоўна, выстройваем».

Ён лічыць, што так адбываецца і зь дзяржаўнай уласнасьцю, і прызнаецца, што ня бачыць розьніцы ў адносінах дзяржавы зь дзяржаўнымі і прыватнымі суб’ектамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы прэм’ер пры Лукашэнку: «Калі Румас будзе дабівацца зьменаў, то доўга можа не пратрымацца»

«Іншая рэч, што кагосьці даводзіць да шаленства, калі тое, што мусіла даўно памерці, чамусьці дагэтуль жыве, — дадае Анфімаў. — І гэты хтосьці ніяк не жадае прызнаць, што менавіта дзякуючы таму, што ў пачатку 90-х была праяўленая дзяржаўная мудрасьць — прадыктаваная хутчэй інтуіцыяй, што называецца, ад зямлі, чым крыклівымі выклікамі, — удалося захаваць дзяржаўны ўплыў на ўласнасьць (...)

Я сёньня скаланаюся, думаючы, што было б з краінай, калі б усё раздалі ў прыватную ўласнасьць або зачынілі неэфэктыўныя прадпрыемствы. Да гэтага тады, і з падвоенай сілай цяпер, нас заклікае разнамасны хор рыначнікаў, называючы заводы „таксічнымі актывамі“».

Леанід Анфімаў (другі справа) на разглядзе кадравых прапановаў, пасьля якой Аляксандар Лукашэнка зьмяніў верхавіну ўраду

​Бяду беларускай эканомікі Анфімаў бачыць у тым, што «мы не навучыліся пярэчыць альгарытму дзеяньняў, што нам навязваюць», маючы на ўвазе рэкамэндацыі экспэртаў іншых дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў, якіх ён лічыць «дзядзямі і цёцямі, што кружляюць па сьвеце ў пошуках прасьцячкоў».

Ён прапануе паглядзець на «нашых суседзяў, і ня толькі па Савецкім Саюзе, якія лёгка трапілі ў сплеценыя сеткі абяцаньняў рынкавага раю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВУП расьце толькі таму, што жывем у доўг, — эканаміст Злотнікаў

Аўтар мяркуе, што рэформы, якіх сёньня хоча грамадзтва, палягаюць у тым, каб «цягаць у парлямэнце адзін аднаго за чубы або ў жывым эфіры тэлевізіі плюхнуць апанэнту ў твар шклянку вады», і робіць выснову, што такія рэформы непатрэбныя — а трэба рэформы, што тычацца «стаўленьня людзей да працы».

***

Леанід Анфімаў кіруе Камітэтам дзяржаўнага кантролю ад кастрычніка 2014 году, да таго чатыры гады быў намесьнікам кіраўніка камітэту. Быў сярод тых, з кім Аляксандар Лукашэнка абмяркоўваў нядаўнія зьмены ўраду.

Нарадзіўся ў 1954 годзе ва Ўладзімірскай вобласьці Расеі, пачынаў працаваць пастухом, пасьля пайшоў на авіязавод мэханікам, па заканчэньні Політэхнічнага інстытуту ў Менску працаваў на МАЗе. У 1991–2004 гадах працаваў на розных пасадах у Менгарвыканкаме і Камітэце дзяржаўнага кантролю, у 2004-м стаў першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму, у наступным годзе намесьнікам старшыні Дзяржаўнага кантролю, у 2006–2010 быў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта.

У пачатку 1990-х Анфімаў стаяў ля вытокаў стварэньня Грамадзянскай партыі (зь якой утварылася цяперагняя Аб’яднаная грамадзянская партыя). Тагачасны сустаршыня Грамадзянскай партыі Васіль Шлындзікаў расказваў «Нашай Ніве» пра Анфімава: «Толькі добрае магу сказаць. Чалавек заўсёды быў перадавых поглядаў. Ён рыначнік, лібэрал».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ера Румаса прызначылі, не спытаўшы згоды дэпутатаў. Гэта законна?