Украіна не замерзла: апоўначы споўніцца 1000 дзён, як спыніўся імпарт газу з Расеі

У ноч з 22 на 23 жніўня споўніцца 1000 дзён з часу, як Украіна перастала атрымліваць газ наўпрост з Расеі, сьведчыць лічыльнік на сайце кампаніі «Укртрансгаз».

«Сымбалічна напярэдадні Дня Незалежнасьці: сёньня апоўначы перасячэм адзнаку 1000 дзён, як мы імпартуем газ толькі з-за заходняй мяжы. Добра, што мы свайго часу запусьцілі лічыльнік, інакш можна было б прапусьціць», — напісаў у твітэры дараднік міністра энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны Максім Бяляўскі.

Украіна ўвайшла ў 2018 год з найбуйнейшымі ў параўнаньні з пачаткам пяці апошніх гадоў запасамі газу ў падземных сховішчах — 14,7 мільярда кубамэтраў газу.

Ацяпляльны сэзон ва Ўкраіне звычайна стартуе ў сярэдзіне кастрычніка. Паводле шматгадовых стандартаў, ён пачынаецца тады, калі сярэднесутачная тэмпэратура паветра на працягу трох сутак складае восем ці менш градусаў.