Суд у Пецярбургу 21 жніўня прыступіў да разгляду крымінальнай справы ў дачыненьні да грамадзянскага актывіста і блогера, інваліда 2-й групы Эдуарда Нікіціна. Яго вінавацяць у экстрэмізьме за публікацыю анэкдоту ў сацсетцы «Вконтакте», і па гэтым артыкуле яму можа пагражаць да пяці гадоў пазбаўленьня волі.
Як паведаміў адвакат Нікіціна, сьледзтва пасьля правядзеньня псыхіятрычнай экспэртызы просіць суд не прыцягваць яго да крымінальнай адказнасьці, а накіраваць на прымусовае лячэньне.
Двух рэпостаў у сацсетцы «Вконтакте», зробленых грамадзянскіх актывістам, удзельнікам руху «Салідарнасьць» Эдуардам Нікіціным яшчэ ў 2015 годзе, — жартаў пра «ватнікаў» і анэкдоту пра выбары — аказалася дастаткова для ўзбуджэньня крымінальнай справы паводле 282-га «экстрэмісцкага» артыкулу «Распальваньне нянавісьці альбо варожасьці, а таксама зьнявага чалавечай годнасьці».
Эдуард Нікіцін нарадзіўся ў 1971 годзе, ён інвалід 2-й групы бяз права на працу, жыве з бацькамі. Крымінальная справа за даўнюю актыўнасьць «Вконтакте», за рэпост, жарты і камэнтары 2015 году выклікаюць у яго зьдзіўленьне і абурэньне, хоць аб узбуджэньні крымінальнай справы ён даведаўся ня сёньня:
— У 2016 годзе я прайшоў папярэднюю сьледчую праверку ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Неўскім раёне. Крымінальная справа распачатая ў сьнежні 2017-га. Там быў анэкдот на тэму торта і яшчэ нейкай субстанцыі — не хачу казаць гэтага слова — што калі на гэтую субстанцыю пакласьці некалькі вішанек, то яна ня стане тортам: гэта на тэму выніковасьці выбараў. І яшчэ была карцінка на тэму ватнікаў. Што такое сацыяльная група «ватнікі», ніхто толкам ня ведае, і ці існуе яна наогул, у законе гэта не агаворана. Але экспэрты чамусьці вырашылі, што гэтае вызначэньне адносіцца да грамадзян Расеі і да расейскай нацыі, чаго, дарэчы, на малюнку не напісана. Наколькі я ведаю, нідзе ў законе не сказана, што гэта за група, нідзе ня вызначаныя межы гэтай групы, хто да яе належыць.
Я нават ня ведаю, як гэта расцэньваць — не разумею, як гэта зрабіць у рамках літаратурнай лексыкі, а ненарматыўных выразаў ня хочацца. Я сам ня ведаю, з чым гэта параўнаць. Я размаўляў з гэтай нагоды са сваімі старэйшымі таварышамі — гэта і ня сталінскія часы ў чыстым выглядзе, і ня брэжнеўскія, гэта нешта такое, чаму яшчэ не падабрана вызначэньне. Сьледзтва дамагаецца меры мэдычнага характару — у выглядзе прызнаньня мяне неасудным.
Адвакат Эдуарда Нікіціна Максім Камакін:
— Было некалькі рэпостаў, аўтарства якіх не ўстаноўлена, уключаючы рэпост анэкдоту на палітычную тэму, які ставіць пад сумнеў магчымасьць паляпшэньняў у краіне і ставіць пад сумнеў інстытут выбараў. Экспэрты прыйшлі да высновы, што анэкдот на гэтым малюнку ў завуаляванай форме выказвае недавер да абраных шляхам галасаваньня дэпутатаў, дзяржаўных службоўцаў, магчымасьці ажыцьцяўленьня імі якіх-небудзь пазытыўных зьменаў у краіне. Іншымі словамі, калі вы не давяраеце дэпутатам, кіраўніку дзяржавы, службовым асобам, а яшчэ горш, ставіце пад сумнеў магчымасьць ажыцьцяўленьня кім-небудзь зь іх пазытыўных зьменаў у краіне, то вы ўжо практычна гатовы кліент для абвінавачаньня паводле артыкулу «экстрэмізм». А калі вы яшчэ раскажаце на гэтую тэму анэкдот, то 282-і артыкул па вас ужо плача.
Калі я чытаў гэтае заключэньне экспэртаў, я спачатку не паверыў сваім вачам. Я думаю, што гэта першая ластаўка — як толькі судовая практыка будзе накатаная, пасыплюцца заявы, правакацыі і вал крымінальных справаў за анэкдоты або няўдалыя жарты. Наступны жарт там быў пад карыкатурай — і якую ж выснову зрабілі экспэрты: улічваючы тое, што слова «ватнік» выкарыстоўваецца карыстальнікамі пэўнай катэгорыі антырасейскай скіраванасьці ў значэньні прыніжэньня, нэгатыўнай ацэнкі і ачарненьня расейцаў, надпіс «добры ватнік — халодны ватнік» успрымаецца як пажаданьне сьмерці ўсяму расейскаму народу. Гэта значыць, экспэрт цалкам атаясамлівае слова «ватнік» з расейскім народам, чаго мой падабаронны ніякім чынам не прызнае. Такія экспэртызы заснаваныя цалкам на домыслах экспэртаў, і якасьць іх нічога ня вартая.
— А судзьдзі хто, гэта значыць, хто гэтыя экспэрты?
— Адзін з экспэртаў мае спэцыяльнасьць «навуковы камунізм», магчыма, ён рабіў свае высновы ў адпаведнасьці з атрыманай адукацыяй. Гэта экспэрты з крыміналістычнага суправаджэньня сьледчага ўпраўленьня крыміналістыкі ГСУ — Галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту РФ па Пецярбургу — Алена Кірухіна, Тацяна Мамаева і Рэзідэ Сахаўдзінава, вось яна і ёсьць спэцыяліст па навуковым камунізьме, астатнія маюць адукацыю — філялёгія і клінічная псыхалёгія. Мы заяўляем хадайніцтва аб прызнаньні гэтых экспэртыз недапушчальным доказам, паколькі яны ўтрымліваюць толькі здагадкі экспэртаў і не зьяўляюцца дасьледаваньнем, якое трэба праводзіць. Таму мы просім выключыць з доказаў гэтую экспэртызу, ніякіх іншых доказаў віны Эдуарда няма, і мы патрабуем яго апраўдаць. Мера стрыманьня ў дачыненьні да Эдуарда не абіралася, пакуль ён на свабодзе.
Цалкам матэрыял Тацяны Вольцкай чытаць тут.