Паводле статыстыкі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), колькасьць выпадкаў захворваньняў на адзёр у Эўропе дасягнула рэкорднага ўзроўню за дзесяць гадоў. Больш за ўсё тых, хто захварэў, у Сэрбіі і ва Ўкраіне, паведамляе ВВС.
У эўрапейскім рэгіёне хваробай заразіліся каля 41 тысячы чалавек, што прывяло да 37 сьмяротных ахвяраў.
У мінулым годзе СААЗ зарэгістравала каля 24 тысяч выпадкаў захворваньня, у пазамінулым — крыху больш за пяць тысяч. Экспэрты зьвязваюць распаўсюджваньне захворваньня з тым, што людзі адмаўляюцца ад прышчэпак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праўда і міты пра вакцынацыюБольш за палову выпадкаў захворваньня ў гэтым годзе — больш за 23 тысячы — прыпадае на Ўкраіну. Больш за ўсё сьмяротных зыходаў — у Сэрбіі, там ад адру памерлі 14 чалавек.
У сямі краінах, паводле дадзеных СААЗ, на адзёр за паўгода захварэлі больш за тысячу чалавек: гэта Расея (1396 выпадкаў), Францыя (2579 выпадкаў), Грузія (1128 выпадкаў), Украіна (23070 выпадкаў за паўгода), Італія (2020 выпадкаў), Сэрбія і Грэцыя (4954 і 2476 адпаведна).
У Беларусі сёлета таксама зафіксаваная найбольшая колькасьць захворваньняў на адзёр за апошнія гады. Паводле апошніх зьвестак Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, на пачатак ліпеня ў Беларусі было зафіксавана 178 афіцыйна пацьверджаных выпадкаў адру. У большасьці выпадкаў хворыя заразіліся ва Ўкраіне. Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што гэта ня ўспышка захворваньня, а адзінкавыя выпадкі, не зьвязаныя паміж сабой, але падкрэсьліваюць неабходнасьць вакцынацыі ў сувязі зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй у краінах Эўропы і суседніх дзяржавах (асабліва ва Ўкраіне).