Гарадзкі суд Менску вярнуў на перагляд справу хлопца, затрыманага на ЛГБТ-вечарыне

Ілюстрацыйнае фота

Хлопец кажа, што проста спытаў, навошта АМАП перапісвае ягоныя пашпартныя дадзеныя. Яго затрымалі ў клюбе «Бурлеск» падчас праверкі АМАП. Амаль трое сутак ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. А пазьней яму прысудзілі яшчэ і пяць базавых штрафу.

Пра чарговы візыт АМАПу у менскі клюб, дзе праходзяць закрытыя ЛГБТ-вечарыны, стала вядома 21 ліпеня з сацыяльных сетак. Пазьней інфармацыя аб праверцы «месцаў масавага адпачынку грамадзян» зьявілася на сайце УУС Менскага гарвыканкаму.

N. казаў Радыё Свабода, што прыйшоў у клюб са сваёй дзяўчынай і сябрамі.

«Пачалася аблава. Сталі ва ўсіх правяраць пашпарты, ці ёсьць васямнаццаць. Я даў свой пашпарт, але мае дадзеныя сталі перапісваць. Я проста спытаў, чаму ў мяне просяць пашпартныя дадзеныя. Мне нічога не адказалі, АМАП скруціў, ледзьве руку не паламалі, і адвёз у міліцыю, у апорны пункт».

«У апорным пункце размаўлялі так, нібыта не лічылі за чалавека, — кажа ён. — У мяне там сябар яшчэ быў, дык казалі кшталту „вы там у ж... дзеўбяцеся“, „як вы такія жывяце“. У прынцыпе, не было пра што гаварыць далей», — казаў N.

З дапамогай праваабаронцаў N. вырашыў абскардзіць пастанову аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці па артыкулах 17.1 («дробнае хуліганства») і 23.4 («непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўніка міліцыі») у гарадзкім судзе Менску. Судзьдзя Лапко прыняў рашэньне вярнуць справу N. у раённы суд.

Праваабаронца: адміністрацыйны перасьлед быў беспадстаўны

Праваабаронца групы «Ідэнтычнасьць і права» Натальля Манькоўская лічыць, што адміністрацыйны перасьлед N. быў беспадстаўны. Гэта пацьвердзілі сьведкі зь ягонага боку ў сваіх пісьмовых тлумачэньнях, якія былі далучаныя да скаргі на пастанову.

Натальля Манькоўская

«У судзе першай інстанцыі ён прызнаў віну, бо правёў некалькі дзён у ЦІПе, быў вельмі прыгнечаны, ягоныя сваякі ня ведалі, дзе ён, — кажа Манькоўская. — Пры падрыхтоўцы абедзьвюх адміністрацыйных спраў былі значныя парушэньні. Адвакатка Тацяна Лішанкова зьвярнула ўвагу суду на вымушанасьць прызнаньня, бо гэта адбылося пад ціскам супрацоўнікаў міліцыі. Таксама ў яго не былі ўзятыя паўнавартасныя тлумачэньні, а было толькі пацьверджаньне, што ён згодны з пратаколам. Не былі апытаныя ўсе міліцыянты, якія прысутнічалі пры затрыманьні. Сьведкі, якія маглі б пацьвердзіць невінаватасьць N., не былі апытаныя. Адвакатка таксама казала пра тое, што гэта была ЛГБТ-вечарына і што дзеяньні міліцыянтаў і складаньне пратаколаў былі выкліканыя перадузятым стаўленьнем да ЛГБТ».

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на незаконнасьць фіксацыі асабістых дадзеных людзей падчас праверак міліцыі.