Памёр заснавальнік беларускай школы траўматалёгіі і артапэдыі Ёсіф Варановіч

21 жніўня памёр Ёсіф Варановіч — выбітны хірург, доктар мэдычных навук, заслужаны дзеяч навукі БССР, адзін з заснавальнікаў беларускай школы траўматалёгіі і артапэдыі паведамляе «Народная Воля».

​Ёсіф Варановіч некалькі месяцаў не дажыў да юбілею — у сьнежні яму споўнілася б 90 гадоў.

З 1972 па 1993 год ён узначальваў БелНДІ траўматалёгіі і артапэдыі. Ёсіфа Варановіча прызначылі кіраваць вядучай мэдустановай краіны, нягледзячы на тое, што ён паходзіў зь сям’і рэпрэсаваных і ня быў сябрам кампартыі.

Апошнім часам прафэсар хварэў, але яшчэ нядаўна прыяжджаў на працу — у РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, куды ён прыйшоў адразу пасьля заканчэньня ў 1953 годзе Менскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту. Ён займаўся навукай, кансультаваў пацыентаў, па параду да прафэсара Варановіча зьвярталіся яго ня менш знакамітыя калегі-вучні.

Сваю першую апэрацыю Ёсіф Варановіч выканаў яшчэ студэнтам, у 22 гады. А ўсяго правёў некалькі тысяч хірургічных умяшаньняў, апэраваў да 80 гадоў.

Ён распрацаваў шэраг новых мэтадаў лячэньня; стаў заснавальнікам беларускай школы артапэдаў-артролягаў і вэртэбролягаў, што дасьледуюць паталёгіі хрыбетніка, у тым ліку з пашкоджаньнямі сьпіннога мозгу, траўмы і захворваньні суставаў; стаў заснавальнікам сучасных напрамкаў у траўматалёгіі і артапэдыі — хірургічнай артралёгіі, эндапратэзаваньня, рабіў складаныя апэрацыі пры пухлінах костак шкілета і хрыбетніка.