Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў занепакоенасьць, што любыя заявы пад прысягай, якія ён можа даць спэцыяльнаму пракурору Робэрту Мюлеру, можна будзе выкарыстоўваць для прад’яўленьня яму абвінавачваньняў у прадстаўленьні заведама непраўдзівых зьвестак.
«Гэта можа быць пасткай,» — заявіў Дональд Трамп у эксклюзіўным інтэрвію агенцтву Reuters.
Прэзыдэнт Трамп паўтарыў заклапочанасьць галоўнага адваката, які прадстаўляе яго інтарэсы ў расьсьледаваньні мінюсту ЗША, Рудзі Джуліяні, які папярэдзіў, што любое інтэрвію зь Мюлерам можа стаць «пасткай».
Трамп таксама выказаў занепакоенасьць, што сьледчыя могуць параўнаць яго заявы з паказаньнямі іншых, напрыклад, былога дырэктара ФБР Джэймса Комі і што любыя неадпаведнасьці могуць быць выкарыстаныя супраць яго.
«Нават калі я кажу праўду, гэта робіць мяне хлусам», сказаў Трамп. «Гэта ня добра».
Нягледзячы на свае перасьцярогі, Трамп не сказаў, ці пагодзіцца ён у канчатковым выніку на інтэрвію з Мюлерам, які, сярод іншага, расьсьледуе магчымую змову выбарчага штабу Трампа з Расеяй у 2016 годзе.
Дональд Трамп адзначыў, што стаяў у баку ад расьследаваньня, але можа гэтага не рабіць. Амэрыканскі прэзыдэнт таксама заявіў, што мог бы сам «весьці расьсьледаваньне», калі б хацеў.
Трамп таксама адмовіўся гаварыць, ці зьбіраецца ён пазбаўляць Робэрта Мюлера доступу да сакрэтнай інфармацыі, як гэта адбылося на мінулым тыдні з былым дырэктарам ЦРУ Джонам Брэнанам. Ён неаднаразова крытыкаваў падыход Трампа да пытаньняў зьнешняй палітыкі і нацыянальнай бясьпекі.
Раней амэрыканскі прэзыдэнт раскрытыкаваў генэральнага пракурора ЗША Джэфа Сэшнса за тое, што той дыстанцыяваўся ад расьсьледаваньня, пакінуўшы ажыцьцяўленьне кантролю над ім свайму намесьніку Роду Розэнстайну.
У інтэрвію Reuters Трамп абвінаваціў каманду Мюлера ў тым, што іх расьсьледаваньне перашкаджае яго намаганьням, накіраваным на паляпшэньне адносін з Расеяй, і ў тым, што яно пасеяла разлад сярод амэрыканскай грамадзкасьці.
Трамп праігнараваў высновы, зробленыя выведнай супольнасьцю ЗША, што Расея ўмяшалася ў выбары ў 2016 годзе.