Беларускі блогер і грамадзкі актывіст Крысьціян Шынкевіч апублікаваў сьпіс інфармацыі, якую захоўвае пра яго сацыяльная сетка «ВКонтакте».
Магчымасьць атрымаць такія зьвесткі ад кампаній жыхарам Эўразьвязу дае прыняты Брусэлем у траўні сёлета Рэглямэнт абароны пэрсанальных зьвестак (General Data Protection Regulation, GDPR).
Шынкевіч, які пражывае ў Польшчы, у сваім акаўнце ў Фэйсбуку паведамліў, што атрымаў ад сацсеткі «ВКонтакте» файл аб’ёмам 1,5 мэгабайта, у якім была інфармацыя пра ягоную актыўнасьць у гэтай сетцы па такіх пунктах:
«1. Уся гісторыя зьмены імя на маёй старонцы.
2. Якія групы адмініструю/адміністраваў.
3. Якія файлы загружаў у „ВКонтакте“, зь якога IП, гораду, больш за тое, нават простыя галасавыя паведамленьні з выдаленых перапісак там захоўваюцца ў іх.
4. Усе файлы, што я выдаліў са сваёй старонкі, дакладней адрас файла, яго назва, калі дадаў і з якога адрасу ІП, а таксама спасылка, па якой яны далей адчыняюцца.
5. Больш за тое, захоўваюцца нават адрасы фотак са сьпісу захаваных фотак (закрыты альбом).
6. Захоўвае ЎСЮ гісторыю перапісак (ад 1 верасьня 2016), нават выдаленых, з усімі прычэпкамі, нават выдаленымі.
7. Уся гісторыя прывязкі-адвязкі нумару тэлефона ад акаўнта.
8. Гісторыя аднаўленьня пароляў да старонкі.
9. Усе камэнтары і пасты з маёй сьцяны ў „ВКонтакте“, нават выдаленыя год-два таму.»
Інтэрнэт выданьне tjournal.ru адзначае, што такую інфармацыю, якую атрымаў Шынкевіч, немагчыма атрымаць грамадзянам Расеі. Выданьне прыводзіць прыклад расейскага актывіста Мікалая Дзячкова, які у красавіку 2018 году спрабаваў атрымаць ад «ВКонтакте» зьвесткі аб тым, якімі суполкамі ён кіраваў і кіруе ў той час. Даць яму такую інфармацыю адмовіліся, параіўшы спраўляцца «сваімі сіламі».