Брытанец Чарлі Роўлі, выпісаны з лякарні прыкладна месяц назад пасьля атручэньня нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», зноў шпіталізаваны. На гэты раз праз праблемы са зрокам. Пра гэта распавёў брытанскаму выданьню The Guardian ягоны брат Мэт’ю Роўлі.
Паводле брата, Чарлі Роўлі трапіў у бальніцу на выходных і цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі. Ён практычна асьлеп, а таксама з цяжкасьцю выказвае свае думкі па тэлефоне. Прадстаўнікі бальніцы сказалі Guardian, што ня могуць даваць інфармацыю пра пацыента.
21 ліпеня Чарлі Роўлі выпісалі з шпіталя. Ягоная сяброўка Дон Стэрджэс за два тыдні да таго памерла ад атручваньня «Навічком».
30 чэрвеня брытанцаў 44-гадовую Дон Стэрджэс і яе 45-гадовага прыяцеля Чарлі Роўлі знайшлі непрытомнымі ў крытычным стане ў доме ў горадзе Эймсбэры, які менш чым за 20 кілямэтраў ад гораду Солсбэры, дзе 4 сакавіка атруцілі былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію.