Афіцыйны прадстаўнік Упраўленьня ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму Сяргей Басько сказаў Свабодзе, што міліцыянты ўначы не выкідалі затрыманую жанчыну ў лесе, а выпусьцілі яе з участку. А кайданкі ёй сапраўды надзелі, але пасьля прынамсі пяці законных патрабаваньняў праехаць на мэдычныя агледзіны.
19 жніўня менская юрыстка распавяла Свабодзе пра сваё жорсткае начное затрыманьне ў Гатаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выкінулі сярод ночы ў лесе». Менская юрыстка расказала пра жорсткае начное затрыманьне ў ГатавеУ той жа дзень у Мачулішчанскім аддзеле міліцыі Свабодзе сказалі, што жанчыны з такім імем і прозьвішчам у іх не было. Але 20 жніўня прадстаўнікі УУС Менскага аблвыканкаму прадставілі сваю вэрсію інцыдэнту ў Мачулішчанскім аддзеле міліцыі.
Вэрсія міліцыі
Увечары ў 22.50 у міліцыю паступіла скарга ад жыхаркі шматкватэрнага дома ў Гатаве, што ў суседняй кватэры гучная музыка і шум. Суседка спачатку прасіла кампанію зрабіць музыку цішэй, але ў адказ, кажуць міліцыянты, пачула абразы: жанчына, якая ўступіла ў канфлікт, казырала тым, што яна сама юрыстка.
Калі прыехала міліцыя, кампанія ўжо разыходзілася. Жанчына, кажуць міліцыянты, адмовілася назваць сваё імя, груба выказалася на адрас міліцыі. Ёй прапанавалі праехаць у Мачулішчанскі аддзел міліцыі для разбору і высьвятленьня асобы — жанчына прадстаўлялася юрысткай, але адмаўлялася назваць сябе. Разам зь сястрой і яе мужам яны самі паехалі ў міліцыю, прычым спакойна, без супраціву. Там жанчына ўрэшце вымушаная была назваць сябе. Паколькі кампанія знаходзілася нападпітку, усім прапанавалі праехаць на мэдычныя агледзіны. Жанчына катэгарычна адмовілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць ад міліцыі, якая нас беражэ?«Паводле рапартаў міліцыянтаў, пяць разоў яе прасілі праехаць. Пасьля пятага папярэджаньня і непадпарадкаваньня супрацоўнікі былі вымушаныя выкарыстаць фізычную сілу, жанчыне надзелі на рукі кайданкі. А пасьля наведваньня мэдустановы было вырашана яе адпусьціць. Жанчыну зноў даставілі ва ўчастак, аддалі асабістыя рэчы і тэлефон і папрасілі пакінуць памяшканьне.
Але жанчына запатрабавала даставіць яе на службовай машыне дадому. Міліцыя ж ня служба таксі. Урэшце сястра вывела жанчыну літаральна за руку з участку. Ні ў які лес яе не вывозілі.
Жанчына правакавала міліцыянтаў, каб яе затрымалі, скандаліла, казырала сваёй службовай пасадай, пагражала паведаміць адвакату, журналістам», — кажа Сяргей Басько.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Білі, катавалі, мачыліся на галаву — 10 фактаў гвалту, у якіх падазраюць беларускіх міліцыянтаўАфіцыйны прадстаўнік Менскай абласной міліцыі паведаміў, што ёсьць некалькі відэа, як жанчына размаўляе з супрацоўнікамі міліцыі, як яе дастаўляюць без кайданкоў у Мачулішчанскі аддзел, як у кайданках вязуць у мэдустанову, як яе выпусьцілі з будынка міліцыі. Пры гэтым у яе сваякоў быў тэлефон, яны разам кудысьці тэлефанавалі.
Распачата адміністрацыйная справа. Менскім РУУС праводзіцца праверка.