Зьехаў у Расею, спрабаваў пазбавіць Лукашэнку пасады. Чым займаліся прэм’ер-міністры пасьля адстаўкі

За 24 гады ўлады Лукашэнкі ў Беларусі дзявяты раз памяняўся прэм’ер-міністар. Чым запомніліся мінулыя кіраўнікі ўрадаў, чаму яны сыходзілі і куды адправіліся пасьля адстаўкі, высьветліла Свабода.

Міхаіл Чыгір: правёў першую дэнамінацыю, удзельнічаў у альтэрнатыўных выбарах прэзыдэнта

Час прэмʼерства: 21.07.1994 — 18.11.1996

Нарадзіўся ў 1948 годзе ў Капыльскім раёне Менскай вобласьці. Банкір па адукацыі. У 43 гады стаў старшынём праўленьня «Белаграпрамбанку». У 1994 годзе Аляксандар Лукашэнка запрасіў 46-гадовага Чыгіра на пасаду першага прэмʼер-міністра прэзыдэнцкай Беларусі.

Міхаіл Чыгір, першы прэм’ер пры Лукашэнку: «Калі Румас будзе дабівацца зьменаў, то доўга можа не пратрымацца»

Чыгір правёў першую ў гісторыі незалежнай Беларусі дэнамінацыю. 20 жніўня 1994 году беларускі рубель абрэзалі на адзін нуль. Праз два з паловай гады ва ўрадзе Чыгір пайшоў у адстаўку — у лістападзе 1996 году, у знак пратэсту супраць абвешчанага рэфэрэндуму.

У 1998 годзе ён заявіў пра свой удзел у альтэрнатыўных выбарах прэзыдэнта Беларусі, якія былі прызначаныя на травень 1999 году. Неўзабаве Чыгіра затрымалі. Супраць палітыка двойчы заводзілі крымінальную справу. Ягоныя дзеці мусілі зьехаць за мяжу. Чыгір упэўнены, што гэта быў палітычны перасьлед.

Сяргей Лінг: спрачаўся з Расеяй за цэны на газ

Час прэмʼерства: 18.11.1996 — 18.02.2000

Нарадзіўся ў 1937 годзе ў Менску. Лінг быў намесьнікам прэмʼер-міністра ў часы Чыгіра. Ён скончыў сельгасакадэмію, пачынаў кар’еру з пасады агранома. У савецкія часы быў міністрам эканомікі БССР.

Пасьля апальнага Чыгіра Лінг прыйшоў як сьціплы і паслухмяны прэмʼер. Нават на пасадзе прэмʼер-міністра ён працягваў займацца выключна сельскай гаспадаркай, у якой разьбіраўся.

Пры Лінгу пачаліся першыя «газавыя войны» з Расеяй. Калі «Газпрам» адключыў Беларусі газ за даўгі, Лінг прыгразіў павысіць тарыфы на транзыт. Але гэта не спрацавала: беларускі ўрад мусіў знайсьці грошы.

Уладзімер Ярмошын: усім па 100 даляраў

Час прэмʼерства: 18.02.2000 — 01.10.2001

Нарадзіўся ў 1942 годзе ў Разанскай вобласьці. З 1965 году працаваў у Менску. Перад прэмʼерствам займаў пасаду старшыні Менгарвыканкаму. Пасьля трагедыі на Нямізе падаваў у адстаўку, але Лукашэнка яе не прыняў.

Ярмошын быў на пасадзе прэмʼер-міністра менш за ўсіх — паўтара года. Пра яго казалі як пра рэальную альтэрнатыву Лукашэнку. Гэта быў аўтарытэтны чалавек з намэнклятуры, дасьведчаны і як дырэктар буйнога заводу грамадзянскай авіяцыі № 407, і як старшыня Менскага гарвыканкаму.

Пры ім была ўзятая першая плянка па заробках — 100 даляраў.

Пасьля адстаўкі працаваў кіраўніком прадстаўніцтва «МТС» у Беларусі, пад ягоным кіраўніцтвам будавалі «Менск-Арэну» і жылы комплекс «Славянскі квартал» у цэнтры Менску.

Генадзь Навіцкі: ахова не пускала яго на «Менскую лыжню»

Час прэмʼерства: 01.10.2001 — 10.07.2003

Нарадзіўся ў Магілёве ў 1949 годзе. Інжынэр-будаўнік па адукацыі. Да 1994 году працаваў старшынём праўленьня Магілёўскага аблсельбуда, зьбіраў подпісы за Лукашэнку на выбарах 1994 году. Тады ён пераехаў у Менск, дзе адразу быў прызначаны міністрам архітэктуры і будаўніцтва.

Вынікі дзейнасьці ўраду Генадзя Навіцкага

Навіцкі быў ці ня самым незаўважным прэмʼерам. Журналісты распавядаюць пра выпадак, калі ахова не прапусьціла яго на «Менскую лыжню»: не пазналі ў ім другую асобу ў дзяржаве. Афіцыйнай падставай для звальненьня Навіцкага стала «фальсыфікацыя», як пра гэта сказаў Лукашэнка: маўляў, урад утойваў інфармацыю пра запазычанасьць па заробках.

Адразу пасьля адстаўкі Навіцкага абралі на старшыню Савету Рэспублікі. На гэтай пасадзе ён заставаўся да 2008 году.

Сяргей Сідорскі: адкрываў Эўропу, пацярпеў ад Лукашэнкі, бо ў ім западозрылі палітыка

Сяргей Сідорскі і Ўладзімер Пуцін

Час прэмʼерства: 10.07.2003 — 27.12.2010

Нарадзіўся ў 1954 годзе ў Гомлі. Доктар тэхнічных навук. Мае больш за 40 навуковых прац і манаграфій у галіне вакуўмна-плязьменных тэхналёгій.

Больш за ўсіх астатніх узначальваў урад — 7,5 года. На час Сідорскага прыйшлася пара беларускай «стабільнасьці», калі курс даляра трымаўся на ўзроўні 2000 рублёў больш за 5 год: зь лета 2003-га да пачатку 2009-га. Заробкі ў даляравым эквіваленце пры Сідорскім дасягнулі 500 даляраў.

Толькі Сідорскі!

На яго час прыпала лібэралізацыя і пачатак дыялёгу з Эўропай. Замест Лукашэнкі ён езьдзіў на сустрэчу з кіраўнікамі краінаў Эўразьвязу.

Напярэдадні выбараў 2010 году хадзілі чуткі пра перамовы апазыцыі і Сідорскага. Лічылася, што ён меў добрыя стасункі са сваім расейскім калегам — Уладзімірам Пуціным (той быў прэмʼер-міністрам Расеі ў 2008–2012 гадах. — РС).

Быў у нас адзін цікавы прэм’ер, Сідорскі, але яго завялі ў цень, таму што занадта яскрава стаў сябе праяўляць

Ён сышоў з ураду пасьля таго, як Лукашэнка западозрыў у ім палітыка. Калі ён прапанаваў працягнуць тэрмін пагашэньня крэдытаў дзяржаўнымі заводамі, Лукашэнку гэта моцна абурыла.

«Я палітык, я павінен думаць пра людзей, а вы павінны думаць пра эканоміку і фінансы... Вы голы эканаміст», — сказаў тады Лукашэнка.

Праз 4 месяцы пасьля гэтай размовы Сідорскі пайшоў у адстаўку. Да ліпеня 2018 году ён працаваў у Эўразійскай эканамічнай камісіі ў Маскве. Чым займаецца цяпер невядома.

Міхаіл Мясьніковіч: «рыначнік» ва ўрадзе Кебіча

Час прэмʼерства: 28.12.2010 — 27.12.2014

Нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Новы Сноў каля Нясьвіжа. Працаваў у «Менскводаканале», займаўся камунальнай гаспадаркай. У ягоныя абавязкі ўваходзіла арганізацыя пахаваньняў чыноўнікаў і вядомых людзей. З другой паловы 1980-х займаў міністэрскія пасады ва ўрадзе БССР.

Ва ўрадзе Кебіча ён займаў пасаду прэмʼер-міністра, вёў перамовы з замежнымі арганізацыямі, Усясьветным банкам і МВФ. Тады Мясьніковіча называлі «першым лібэралам» ва ўрадзе і лічылі прыхільнікам рынкавай эканомікі.

Але як толькі Лукашэнка ў 1994 годзе прыйшоў да ўлады, Мясьніковіч сышоў ад Кебіча. З 1995 па 2001 год ён узначальваў адміністрацыю прэзыдэнта, якая праводзіла далёка ня рынкавую палітыку. Потым з 2001 да 2010-га быў кіраўніком Акадэміі навук.

На час Мясьніковіча прыпаў моцны фінансавы крызіс. У 2011 годзе некалькі месяцаў у краіне існавалі два курсы беларускага рубля да замежнай валюты, людзі начавалі каля абменьнікаў, а прадпрыемствы набывалі даляры праз сайт prokopovi.ch. З 2015 году — старшыня Савету Рэспублікі. Асоба, якая фігуруе на здымках побач з Лукашэнкам цягам усяго ягонага прэзыдэнцтва.