Адзін з заснавальнікаў рэстарану «Поедем поедим» Леанід Зайдэс пракамэнтаваў парталу tut.by вясельле побач з мэмарыялам памяці ахвяраў сталінізму ў Курапатах.
Актывісты падрыхтавалі заяву ў Генэральную пракуратуру Беларусі на гаспадароў рэстарану. Нагодай стала вясельле з салютам і фаервэркамі, якія 17 жніўня зьняў на відэа актывіст Зьміцер Дашкевіч.
Пэтыцыю супраць рэстарацыі ў сувязі з гэтым здарэньнем падпісалі больш за 800 чалавек.
Леанід Зайдэс заявіў: «Вясельле было, гэтага ніхто не адмаўляе. А салюту не было. Прытым вясельле на дзевяць чалавек, гэта хіба вясельле? Людзі зрабілі перадзамову, прыйшоў мужчына ў касьцюме, нявеста ў белай сукенцы, нават ня ў вэлюме. Мне іх што, выгнаць? Яны проста расьпісаліся. Гэты відэазапіс зроблены не на маёй тэрыторыі. Ёсьць мая тэрыторыя, за якую я адказваю. На падкантрольнай мне тэрыторыі салюту не было».
Бізнэсовец кажа, што ў яго ёсьць відэазапіс, які гэта пацьвярджае.
— А тое, што адбываецца па-за межамі тэрыторыі ... ну вы зразумейце правільна. Выклікайце тады міліцыю, я за тую тэрыторыю адказнасьці не нясу. А так званае вясельле, напэўна, было. Але яно было бяз музыкі, безь нічога, тэлевізар працаваў. Было дзевяць чалавек. Картэжу і лімузінаў не было.
Генэральная пракуратура паведаміла, што зямельны ўчастак пад рэстарацыяй «Поедем поедим» мае «абцяжараньне ў выкарыстаньні». У прыватнасьці, тут выключаюцца ўсе віды «гучных мерапрыемстваў» і арганізацыя адпачынку на адкрытым паветры.
Абмежаваньне тлумачылася «неабходнасьцю выключыць парушэньне сакральнага характару прылеглай з усходняга боку гісторыка-культурнай каштоўнасьці».
20 ліпеня падчас брыфінгу для СМІ Леанід Зайдэс падкрэсьліў, што гэта сямейная рэстарацыя, а не забаўляльны комплекс. Ён гарантаваў, што там ня будзе гучнай музыкі, фэстываляў і фэервэркаў. Не прайшло і месяца, як над Курапатамі прагрымеў вясельны салют.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.