Паводле ацэнкі Міжнароднага валютнага фонду, інфляцыя ў Вэнэсуэле ў 2018 годзе можа дасягнуць мільёна працэнтаў. Пра прычыны крызісу ў эканоміцы краіны «Нямецкая хваля» перад дэнамінацыяй гаварыла з вэнэсуэльскім эканамістам Пабла Рафаэлем Гансалесам.
Вэнэсуэла ў панядзелак, 20 жніўня, перажыла буйную дэнамінацыю нацыянальнай валюты — ад курсу балівара «адрэзалі» цэлых пяць нулёў. А сам балівар прывяжуць да вэнэсуэльскай крыптавалюты Petro. Аднак факту гіпэрінфляцыі ў краіне гэта не адмяняе.
DW: Што зьяўляецца прычынай такога неверагоднага росту інфляцыі?
Гансалес: Урад Вэнэсуэлы ўвёў валютны кантроль, які замацаваў усе цэны на ўзроўні аднойчы праведзенай ацэнкі. Гэта і прывяло да краху, які мы цяпер бачым. Цяпер у Вэнэсуэле за 1 даляр даюць 2,5 мільёна балівараў. Гэта ў 17 разоў больш, чым афіцыйны абменны курс. Аднак адмена жорсткага валютнага кантролю для ўраду цалкам непрымальная.
— У чым праяўляецца інфляцыя для жыхароў Вэнэсуэлы?
— Месячны заробак у Вэнэсуэле складае 5,5 мільёна балівараў. Кіляграм мяса каштуе 10 мільёнаў. Мінімальная цана на хлеб на востраве Маргарыта — 1 мільён 400 тысячаў балівараў. Астранамічныя кошты ў Вэнэсуэле пазбаўленыя ўсялякай лёгікі. Больш за палову работнікаў у краіне, якія атрымліваюць мінімальны заробак, наўрад ці могуць на яе існаваць.
— Чаму ўрад так трымаецца за сваю валютную палітыку?
— Урад сьцьвярджае, што кантроль накіраваны на прадухіленьне адтоку валюты з краіны. Але адбываецца адваротнае. Валюта зьнікае, а людзі бяднеюць.
— Як ідуць справы з харчовым забесьпячэньнем?
— Гэта яшчэ адзін абсурд у паўсядзённым жыцьці вэнэсуэльцаў. Без урадавых прадуктовых кошыкаў CLAP, якія складаюцца з асноўных прадуктаў харчаваньня, многія людзі не маглі б харчавацца ў дастатковай ступені.