Перапісьнікам спатрэбіцца 2 тысячы пляншэтаў. Канчатковага рашэньня, як будуць сфармуляваныя ў перапісным лісьце пытаньні мовы і нацыянальнасьці, пакуль няма.
Беларусь атрымае ад Усясьветнага банку каля 2 мільёнаў даляраў на правядзеньне перапісу, паведаміла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі Іна Мядзьведзева.
Пагадненьне аб міжнароднай дапамозе знаходзіцца ў стадыі падпісаньня, сказала яна:
«Фактычна ўсе пытаньні абмеркаваныя, і Ўсясьветны банк выдае нам грант у памеры 1,9 мільёна даляраў».
Колькі наагул будзе каштаваць перапіс, Мядзьведзева дакладна ня ведае.
«Рэч у тым, што цяпер яшчэ вядуцца перамовы са спонсарамі аб набыцьці дзьвюх тысячаў пляншэтаў, і залежна ад вынікаў гэтых і іншых перамоваў можна будзе назваць канчатковую лічбу. Нам так шмат пляншэтаў не патрэбна, і таму пасьля заканчэньня перапісу значную частку іх мы перадамо ў міністэрствы аховы здароўя і адукацыі».
Паводле кіраўніцы Белстату, пробны перапіс насельніцтва ў Маладэчанскім раёне паказаў, што траціна апытаных гатовыя ўдзельнічаць у інтэрнэт-перапісе.
Гэта дазволіць значна зьменшыць колькасьць людзей, занятых у правядзеньні перапісу. Калі ў мінулым перапісе працавалі 46 тысяч чалавек, то гэтым разам іх будзе ня болей за 10 тысяч, мяркуе Белстат.
На запаўненьне перапіснога ліста патрэбна 5 хвілін
Пробны перапіс у Маладзечанскім раёне паказаў, што цяпер на запаўненьне перапіснога ліста ідзе 5 хвілін. У мінулым перапісе 2009 году запаўненьне займала ад 15 да 20 хвілін. Скарачэньне працэдуры зьвязана з тым, што перапіс будуць весьці на пляншэтах, і частка адказаў на пытаньні ўжо будзе запоўненая.
Адметнасьць новага апытаньня — тое, што ў ім пашыраны блёк пытаньняў пра міграцыю.
«Мы будзем даведвацца, хочуць ці не хочуць людзі зьяжджаць зь Беларусі, а таксама што падштурхнула іх працаваць за межамі Беларусі», — сказала Іна Мядзьведзева.
«Сёлета таксама будуць задавацца пытаньні аб сельскагаспадарчым падворку, то бок будзе запісвацца колькасьць ягадных кустоў, пладовых дрэваў і гэтак далей. Але гэта, — сказала кіраўніца Белстату, — выключна для статыстыкі, а не дзеля падаткаў. Гэтая інфармацыя канфідэнцыйная, яна будзе захоўвацца толькі ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Рэч у тым, што мы дагэтуль ня ведаем, колькі людзі вырошчваюць ягад і пладоў на лецішчах, асабістым падворку ці ўчастках у межах гораду».
Перапіс адбудзецца ў кастрычніку 2019 году. Папярэднія дадзеныя зьявяцца месяцы праз тры, а на апрацоўку ўсіх дадзеных пойдзе паўтара года. Дзякуючы электронным носьбітам гэтым разам часу спатрэбіцца значна меней, чым пры мінулым перапісе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фармулюючы пытаньні пра мову для перапісу 2019 году, Белстат не зьвяртаўся да мовазнаўцаўЯк будуць сфармуляваныя пытаньні пра мову, нацыянальнасьць, рэлігію
Пытаньні, якім чынам будуць адлюстраваныя ў перапісным лісьце мова, нацыянальнасьць і рэлігія, Іна Мядзьведзева гэтым разам не закранала.
Форма перапіснога ліста пакуль не зацьверджаная, канчатковых фармуляваньняў пакуль няма, яны мусяць быць зацьверджаныя да кастрычніка 2018 году.
Летась у кастрычніку прайшоў пробны перапіс насельніцтва ў Маладэчанскім раёне. Апытвалі жыхароў аднаго мікрараёну гораду і некалькіх вёсак. Узор перапіснога ліста, які выкарыстоўвалі ў Маладэчанскім раёне, зьмешчаны на сайце Белстату.
Што да нацыянальнай прыналежнасьці, пытаньне было сфармулявана такім чынам: «Да якой нацыянальнасьці вы сябе адносіце?» Прапанаваныя варыянты адказу: беларус, рускі, паляк, украінец, не паведаміў, іншыя адказы.
Пытаньні пра веравызнаньне, стаўленьне да рэлігіі ня будуць уключаныя ў праграму перапісу 2019 году, сказалі Свабодзе ў Белстаце.
«Згодна з рэкамэндацыямі Канфэрэнцыі эўрапейскіх статыстыкаў, пытаньні пра рэлігію і веравызнаньне ня ёсьць асноўнымі, яны адносяцца да катэгорыі дадатковых», — сказала раней прэс-сакратар Белстату Тацяна Лапкоўская.
Моўныя пытаньні: з рэкамэндаваных чатырох выбралі два
У перапісным лісьце, які запаўнялі падчас пробнага перапісу ў Маладэчне, было два пытаньні, якія тычыліся мовы:
- Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)?
- На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?
І прапанаваныя 5 варыянтаў адказаў: беларуская, руская, польская, украінская, іншая.
Чаму былі выбраныя гэтыя два пытаньні, Свабодзе тлумачыла прэс-сакратарка Белстату Тацяна Лапкоўская.
Яна спасылаецца на матэрыялы «Канфэрэнцыі эўрапейскіх статыстыкаў». У дакумэнце ёсьць разьдзел 12 — «Этнакультурныя характарыстыкі». Прапануюцца чатыры канцэпцыі. Кожная краіна можа выбіраць альбо ўсе чатыры, альбо дзьве.
- А — родная мова, якая вызначаецца як першая мова, засвоеная ў раньнім дзяцінстве.
- В — асноўная мова, якая вызначаецца як мова, якой асоба валодае лепш за ўсё.
- С — звычайна ўжываная мова, якая вызначаецца як найчасьцей ужываная дома, на працы
- D — веданьне мовы (моваў), што вызначаецца як уменьне размаўляць, пісаць на адной або некалькіх мовах.
Беларусь выбрала дзьве пазыцыі — А і С. Такія ж самыя фармулёўкі моўных пытаньняў былі і на перапісе 2009 году.
Гісторыя перапісаў у Беларусі
Першы афіцыйны перапіс насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адбыўся ў 1897 годзе, калі краіна ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі.
Пасьля ўключэньня Ўсходняй Беларусі ў склад СССР перапісы праводзіліся ў 1926, 1937, 1939 гадах. У Заходняй Беларусі, якая ў міжваенны пэрыяд ўваходзіла ў склад Польшчы, перапісы былі ў 1921 і 1931 гадах. Засакрэчаны перапіс 1937-га
З 1959 году перапісы насельніцтва ў Беларусі праводзяцца што дзесяць гадоў.
Апошні перапіс праводзіўся з 14 па 24 кастрычніка 2009 году. Паводле гэтага перапісу, у Беларусі жылі 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек. Беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Засакрэчаны перапіс 1937-га