Кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава прадставіла новае кіраўніцтва ўраду супрацоўнікам апарату Савету міністраў. 18 жніўня Аляксандар Лукашэнка зьмяніў кіраўніцтва ўраду, прызначыў прэм’ерам Сяргея Румаса, які дагэтуль узначальваў Банк разьвіцьця.
Найперш Румас падзякаваў Лукашэнку за «давер» падчас прызначэньня на пасаду.
«Я разглядаю гэта як вялізную адказнасьць і выклік для мяне асабіста, — цытуе БелТА Сяргея Румаса . — Сёньня пачынаецца, напэўна, самы адказны этап у маім жыцьці, які запатрабуе вялізнай канцэнтрацыі ўсіх сілаў і навыкаў, досьведу, які я атрымаў на папярэдніх пасадах».
Што да асноўных задачаў на пасадзе, то Сяргей Румас сказаў, што яны ўсе вядомыя і вызначаныя праграмнымі дакумэнтамі.
«Ня варта чакаць нейкай рэвізіі прынятых рашэньняў або рэвалюцыйных разваротаў. Кіраўнік дзяржавы пры прызначэньнях новага складу ўраду зрабіў акцэнт на такія рэчы, як дысцыпліна, прыстойнасьць і згуртаванасьць. Акрамя таго, шмат увагі нададзена росту дабрабыту насельніцтва — гэта асноўная ацэнка работы ўраду», — адзначыў новапрызначаны кіраўнік ураду.
Сяргей Румас нарадзіўся ў 1969 годзе ў Гомлі. Скончыў Яраслаўскую вышэйшую вайсковую фінансавую вучэльню, служыў на Далёкім Усходзе. Пасьля распаду СССР вярнуўся ў Беларусь, працаваў у камэрцыйных і дзяржаўных банках. У 2010 годзе прызначаны віцэ-прэм’ерам ва ўрадзе Міхаіла Мясьніковіча.
У 2012-м Аляксандар Лукашэнка даручыў Сяргею Румасу заняцца арганізацыяй новага фінансавага інстытуту — Банку разьвіцьця. Таксама ён узначальвае Беларускую фэдэрацыю футболу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб сыстэма не пахіснулася» — Лукашэнка зьмяніў кіраўніцтва ўраду ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Банкір, кіраўнік футбольнай фэдэрацыі, шматдзетны бацька. Хто такі Сяргей Румас ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэм’еры Турчын, Кухараў, Ляшэнка і Петрышэнка. Хто яны? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 прычынаў, чаму Лукашэнка зьмяніў «урад пафігізму». Разважае Раманчук