У Аўганістане талібы захапілі ў закладнікі больш за 100 чалавек

Выкраданьне адбылося на тэрыторыі раёну Хан-Абад у правінцыі Кундуз

Удзельнікі групаваньня «Талібан» спынілі тры аўтобусы на дарозе ў раёне Хан-Абад на поўначы Аўганістану і захапілі пасажыраў у закладнікі. Пра гэта паведамляе Associated Press.

Старшыня рады правінцыі Кундуз Мухамад Юсуф Аюбі мяркуе, што талібы шукалі супрацоўнікаў дзяржаўных органаў або статутных ведамстваў.

Паводле мясцовай паліцыі, пасажыры былі з правінцыяў Бадахшан і Тахар, яны накіроўваліся ў сталіцу — Кабул. Прадстаўнікі ўлады лічаць, што закладнікамі «Талібану» сталі больш за 100 чалавек, сярод іх жанчыны і дзеці.

Талібы пакуль не выстаўлялі умоваў вызваленьня закладнікаў. Адзначаецца, што тэрыторыя, дзе адбылося выкраданьне, знаходзіцца пад іхным кантролем.

Напярэдадні прэзыдэнт Аўганістану Ашраф Гані абвясціў «умоўнае» замірэньне з талібамі на рэлігійнае сьвята Курбан-Байрам. Агонь мелі спыніць сёньня, 20 жніўня. Але ён не сказаў, ці пагадзілася ўлада «Талібану» на гэта.

Узброеныя сілы ды іншыя статутныя структуры Аўганістану пасьля ад’езду з краіны баявых частак NATO ды іхных хаўрусьнікаў у 2014 годзе мусяць самыя ваяваць з рухам «Талібан» і яшчэ з шэрагам антыўрадавых групаваньняў, але яны маюць паветраную падтрымку ЗША. Таксама ў краіне знаходзяцца амэрыканскія вайскоўцы, хоць ужо не зь непасрэдна баявымі функцыямі.

Талібы ігнаруюць прапановы ўраду Аўганістану пайсьці на мірныя перамовы.