Праграма фінансавай дапамогі Грэцыі завершылася. Кажуць, усё кепска

Ілюстрацыйнае фота

Грэцыя пасьпяхова завершыла трохгадовую праграму вонкавай макрафінансавай дапамогі эўразоны, распрацаванай дзеля ліквідацыі наступстваў пазыковага крызісу, піша BBC.

Цяпер — упершыню за восем гадоў — Грэцыя можа вольна (або амаль вольна — пад кантролем Эўракамісіі) пазычаць грошы на фінансавых рынках.

Эўрапейскі стабілізацыйны мэханізм надаў краіне амаль 62 млрд эўраў цягам апошніх трох гадоў, разам з дапамогай МВФ з 2010 году краіна атрымала звыш 260 млрд эўраў. Гэта найбольшая фінансавая дапамога адной дзяржаве ў гісторыі чалавецтва.

Умовай пазыкаў было правядзеньне шэрагу непапулярных рэформаў. Але нават з рэформамі рост эканомікі Грэцыі быў павольным, аб’ёмы эканомікі засталіся на чвэрць меншымі, чым да пачатку крызісу.

«Цяпер Грэцыя можа стаяць на сваіх нагах», — заявіла кіраўніцтва Эўрапейскага стабілізацыйнага фонду.

У СМІ па абодва бакі Атлянтычнага акіяну гучаць сумневы ў эфэктыўнасьці «ратаваньня» Грэцыі. Так, The Guardian публікуе артыкул пра дапамогу Грэцыі з фразай «гэта быў правал», The New York Times — з падзагалоўкам «Боль, далёкі ад завяршэньня».

Паводле выданьняў, краіну чакаюць доўгатэрміновыя наступствы: скарачэньне выдаткаў бюджэту і падвышэньне падаткаў прывялі да зьмяншэньня колькасьці працоўных месцаў, падзеньня падатковых прыбыткаў, падвышэньня дзяржаўнай запазычанасьці — і ў выніку яшчэ большага скарачэньня выдаткаў. Даходы грэкаў упалі на 30%, траціна 10-мільённага насельніцтва цяпер знаходзіцца ля мяжы беднасьці або за ёю.