Амаль 50 адсоткаў расейцаў нічога ня ведаюць пра ўвод савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну, якое спыніла рэформы Праскае вясны.
Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага недзяржаўным дасьледчым «Левада-цэнтрам» напярэдадні 50-годзьдзя акупацыі Чэхаславаччыны войскамі Варшаўскай дамовы 21 жніўня 1968 году. Вытрымкі з дасьледаваньня апублікавала брытанская The Guardian.
Цалкам статыстычныя зьвесткі будуць апублікаваныя 20 жніўня, паведаміў выданьню дырэктар цэнтру сацыёляг Леў Гудкоў. Вынікі апытаньня, на ягоную думку, сьведчаць пра вяртаньне Расеі да прапаганды ў духу эпохі Брэжнева, да «стэрэатыпаў савецкага пэрыяду».
Your browser doesn’t support HTML5
Больш як траціна ўдзельнікаў апытаньня (36%) выказалі меркаваньне, што ўварваньне было абгрунтаваным, а Савецкі Саюз зусім пэўна ці зь вялікай доляй імавернасьці дзейнічаў правільна, пасылаючы войскі ў Чэхаславаччыну.
Яшчэ 45% не змаглі ацаніць падзеі. У параўнаньні з 2003 годам гэты паказьнік вырас на 11 адсоткаў.
Больш як 1/5 рэспандэнтаў (21%) усклалі адказнасьць за падзеі на заходнія краіны, заявіўшы пра іхныя «падрыўныя дзеяньні», накіраваныя на раскол сацыялістычнага блёку дзяржаваў.
Яшчэ каля 23% палічылі, што адбывалася «спроба перавароту», учыненая па-антысавецку настроенымі палітыкамі Чэхаславаччыны, якая ў выніку прывяла да ўводу войскаў.
Урэшце, каля 18% расейцаў упэўненыя, што адбылося «паўстаньне супраць рэжыму, пастаўленага Савецкім Саюзам». У 2008 годзе аналягічны адказ даў 31% рэспандэнтаў.