«Сродкаў на пракорм гіганцкіх стратных прамысловых пражэктаў больш няма. Рынкавы блёк ураду ўзмацніўся». Так пра прызначэньне Румаса прэм’ерам і канец эпохі Сямашкі напісаў у Фэйсбуку сустаршыня кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.
«Эканоміка ў Расеі падае, пазытыўных навін з таго боку чакаць не даводзіцца, а расейская пазыцыя па многіх пытаньнях становіцца толькі больш жорсткай. У гэтых умовах трэба павышаць здольнасьць айчыннай эканомікі выжываць самастойна. Новых адказаў не прыдумана — патрэбныя рынкавыя рэформы.
Сяргей Румас кіраваў Банкам разьвіцьця і мае добрыя кантакты з многімі міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Таму крытычна важнай задачай прыцягнуць у наступным годзе мінімум мільярд яму будзе справіцца прасьцей.
Перасталі працаваць і старыя спосабы вядзеньня перамоваў з Расеяй па нафта-газавай і іншай тэматыцы. Памятаю, як адзін высокі чыноўнік сказаў пра Сямашку: "Здольны выціснуць сьлязу з каменя". Значыць усё перасохла. Сямашка сышоў. Замест яго прагматычны Ігар Петрышэнка і былы кіраўнік Белнафтахіму Ігар Ляшэнка, які выдатна разумее расейцаў.
Асобны пазытыў, што новыя прызначэньні вельмі амаладзілі ўрад. Самому Румасу няма і 50-ці, новаму міністру эканомікі Дзьмітрыю Крутому 37 гадоў, віцэ-прэмʼеру Андрэю Турчыну 43 гады. Ня буду выносіць вэрдыктаў. У кожнага ўраду ёсьць 100 дзён, каб паказаць, у якім кірунку ён будзе ісьці», — напісаў Андрэй Дзьмітрыеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб сыстэма не пахіснулася» — Лукашэнка зьмяніў кіраўніцтва ўраду ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Банкір, кіраўнік футбольнай фэдэрацыі, шматдзетны бацька. Хто такі Сяргей Румас ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэм’еры Турчын, Кухараў, Ляшэнка і Петрышэнка. Хто яны? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 прычынаў, чаму Лукашэнка зьмяніў «урад пафігізму». Разважае Раманчук