Аляксандар Лукашэнка 18 жніўня прызначыў новага прэм’ер-міністра, вярхушку ўраду, зьмяніў шэраг міністраў. Цяпер урадам кіруе Сяргей Румас. Што было сапраўднай прычынай такіх зьменаў і што будзе далей, Свабода спытала ў эканаміста Яраслава Раманчука.
Чаму замянілі?
- Урад у папярэднім складзе ператварыўся ў «структуру, якая чыніць сабатаж дзеяньняў Лукашэнкі і дыскрэдытуе яго ў вачах насельніцтва, прадпрымальнікаў, нават намэнклятуры», мяркуе Яраслаў Раманчук. Той урад «ня браў на сябе функцыі кіраваньня эканомікай», ня браў на сябе прыняцьце «балючых рашэньняў». Стары ўрад стаў «таксычным актывам» для Лукашэнкі.
- Дзяржаўны сэктар патрабуе зусім не таго падыходу, які быў раней — а гэта «асноўная балячка беларускай эканомікі». Папярэдні прэм’ер Кабякоў і міністры «не маглі нічога зрабіць з той зьвязкай лябістаў, чырвоных дырэктароў і VIP-аў», якія «выбівалі грошы» пад дзяржаўныя праграмы.
- Праз год ці два гады «будзе важная прэзыдэнцкая кампанія». Лукашэнку трэба ў 2019–2020 годзе сказаць, што зробленыя неабходныя крокі, балючыя пытаньні вырашаныя, эканоміка рэфармуецца, каб падтрымаць яе сацыяльны характар. А «канфлікт з Расеяй пашыраецца», умовы ўжо ня тыя, што гады тры таму, «трэба рабіць непапулярныя рэчы сёньня».
- Карупцыйны скандал у ахове здароўя, «Мінздароўгейт», стаў «балючым стрэлам па рэпутацыі Лукашэнкі. Экс-міністар здароўя, віцэ-прэм’ер Жарко «ўключыў рэжым Нязнайкі», хоць за 11 гадоў кіраваньня міністэрствам наўрад ці мог нічога ня ведаць.
- Пасьля «аршанскага інцыдэнту», калі Лукашэнка накрычаў на мінулы ўрад, нельга ўжо было не зрабіць новыя прызначэньні, іначай бы «ўсе пабачылі, што Лукашэнка гэта кульгавая качка, якая ня ў стане нічога зрабіць з урадам», што «намэнклятурны хвост віхляе прэзыдэнцкім сабакам».
Румас прыйдзе, парадак навядзе?
На думку Раманчука, абноўлены ўрад «ня мае такой опцыі» — быць «пафігічным», як мінулы ўрад. Той «урад пафігізму» стаў такім, бо быў задоўга, не прымаў неабходных рашэньняў, «спускаў усё на тармазах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Банкір, кіраўнік футбольнай фэдэрацыі, шматдзетны бацька. Хто такі Сяргей РумасНовы прэм’ер Сяргей Румас, які раней узначальваў Банк разьвіцьця і Беларускую фэдэрацыю футболу, адзначае Раманчук, да таго працаваў шмат гадоў у Аграпрамбанку, быў віцэ-прэм’ерам у «вельмі балючы час, калі эканоміка краіны абвалілася праз фінансавую палітыку ўраду і банкаў».
Гэты чалавек, кажа Раманчук, «мае досьвед, мае інфармацыю» і «ведае, як размаўляць з чырвонымі дырэктарамі і банкірамі, каб не паддавацца на правакацыі кшталту «дайце грошай, бо мы такія добрыя«». Ці дадуць яму паводзіць сябе рашуча, яшчэ невядома, дадае Раманчук, але раней на пасадзе віцэ-прэм’ера Румас «выказваўся вельмі рашуча».
«Я бачу гэта як добрае ўзмацнеьне прарынкавых сілаў, якія будуць кропля за кропляй пераконваць Аляксандра Лукашэнку і адміністрацыю прэзыдэнта, што трэба рабіць нейкія рэформы, — рэзюмуе Раманчук. — Ня толькі таму, што нейкія там лібэралы зьявіліся ва ўрадзе, а таму, што грошай у дзяржавы няма. А тая палітыка, што была, гэта палітыка зацягваньня ланцугу на шыі эканомікі за кошт будучых пакаленьняў».
Раманчук дадае, што ён чакае і новага міністра фінансаў, «зубастага і моцнага» — такім Раманчук называе ў якасьці прыкладу эканаміста, экс-дырэктара БПС-Банку, папярэдняга першага віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага. Такі міністар патрэбны, бо «ва ўсіх пераходных краінах ключавая фігура гэта не прэм’ер — стратэг і больш палітычная фігура, — а міністар фінансаў». Міністар эканомікі, прэм’ер, кіраўнік Нацбанку, мяркуе Раманчук, ужо лепшыя, чым былі, ва ўрадзе стала болей «прарынкавых» людзей.