Аб прызначэньні Сяргея Румаса на пасаду кіраўніка ўрада стала вядома ў суботу 18 жніўня. Разам з Румасам ва ўрад прыйшоў цэлы шэраг новых людзей. У яго будуць новыя намесьнікі, таксама Лукашэнка прызначыў некалькі новых міністраў. Свабода сабрала асноўныя факты пра новага кіраўніка беларускага ўраду.
Сяргей Румас нарадзіўся 1 сьнежня 1969 году ў Гомелі. Вучыўся ў Расеі, у 1990 годзе скончыў Яраслаўскае вышэйшае ваеннае фінансавае вучылішча з чырвоным дыплёмам, пасьля чаго вярнуўся ў Беларусь. У 1995 годзе атрымаў дыплём Акадэміі кіраваньня пры Кабінэце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Кандыдат эканамічных навук.
Пасьля завяршэньня вучобы Сяргей Румас працаваў у банкаўскім сэктары. У 1992-1994 гадах ён узначальваў улікова-апэрацыйны, крэдытны і эканамічны аддзелы спэцыялізаванага ўпраўленьня Нацыянальнага банка. Затым некаторы час працаваў у камэрцыйных банках. У 1995 годзе Румас стаў дырэктарам філіяла «Беларусбанку», у якім за дзесяць гадоў зрабіў кар’еру і стаў першым намесьнікам старшыні праўленьня. У 2005 — 2010 гадах займаў пасаду старшыні праўленьня «Белаграпрамбанку».
У 2010-2012 Сяргей Румас быў намесьнікам прэм’ер-міністра, 31 ліпеня 2012 прызначаны старшынёй праўленьня адкрытага акцыянэрнага таварыства «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь».
Акрамя гэтага з красавіка 2010 года Сяргей Румас узначальвае асацыяцыю «Беларуская фэдэрацыя футбола», жанаты, мае чацьвярых сыноў.