Паводле паказаньняў салдат, агучаных у Менскім абласным судзе на працэсе па факце гібелі салдата Аляксандра Коржыча, загінулы салдат усяго за тыдзень з жыцьцярадаснага і камунікабэльнага ператварыўся ў замкнёнага і дэпрэсіўнага.
На працэсе па справе аб гібелі Аляксандра Коржыча завяршылася апытаньне ягоных саслужыўцаў, прызнаных пацярпелымі ад дзеяньняў падсудных сяржантаў.
Усяго свае паказаньні суду далі больш за 20 чалавек, у тым ліку сябра Коржыча шараговец Раман Аскерка. Некаторыя з пацярпелых падрабязна апісалі, што адбывалася з Аляксандрам Коржычам як падчас службы, так і ў апошнія дні і гадзіны жыцьця.
Сьцісла:
- Апытаныя салдаты казалі, што дзяліліся зь сяржантамі прадуктамі і цыгарэтамі, і расказвалі, як іх зьбівалі і прымушалі рабіць фізычныя практыкаваньні.
- Саслужыўцы Коржыча называюць дзеяньні сяржантаў «нармальнымі».
- Коржыч меў таварна-фінансавыя адносіны з падсудным сяржантам.
- Псыхалягічны стан Коржыча рэзка пагоршыўся пасьля двух тыдняў у мэдпункце.
- Саслужыўцы нябожчыка сьцьвярджаюць, што ніколі ня чулі ад яго пра намеры зрабіць самагубства.
«Зь мяне пяць чабурэкаў — і я не працую»
Паводле саслужыўцаў Аляксандра Коржыча, у таго склаліся своеасаблівыя стасункі зь сяржантамі роты, дзе ён служыў.
«Сяржант Бараноўскі (адзін з абвінавачаных. — РС) празь дзень адпраўляў Коржыча ў краму, — сказаў на працэсе пацярпелы Кірыл Штык. — Коржыч ніколі не займаўся гаспадарчымі працамі. Ён або знаходзіўся ў частцы, або хадзіў у краму, або ў кавярню».
Па словах пацярпелых, за няўдзел у гаспадарчых працах на тэрыторыі часткі Коржыч мусіў адкупіцца. За кожны паход у краму сяржантам трэба было нешта набыць — пачак цыгарэт, некалькі пакецікаў кавы, вафлі або іншыя прадукты. Пры гэтым некаторыя з саслужыўцаў сьцьвярджалі, што Коржыч мог сам прапанаваць сяржантам хабар.
«Коржыч мог сам падысьці да сяржанта Бараноўскага і прапанаваць: „Зь мяне пяць чабурэкаў — і я не працую“, — сказаў пацярпелы Сяргей Шылко. — Яму так было прасьцей. Коржыч быў ня вельмі гатовы да службы фізычна і такім чынам прыстасоўваўся да праходжаньня службы. Яму прасьцей было заплаціць сяржанту».
Паводле саслужыўцаў, адносіны паміж Коржычам і сяржантам Бараноўскім былі амаль дзелавыя. За сваю ахову ён заплаціў сяржанту 30 рублёў. Пра гэта на судзе сказаў Сяргей Шылко.
«Ён мне сам пра гэта расказаў і прасіў нікому не гаварыць, — сказаў Шылко. — Такім чынам Коржыч спрабаваў абараніцца ад сяржанта Вяжэвіча».
«Сяржант „даіў“ Коржыча»
Пацярпелы Яўген Краскоўскі распавёў, што Коржыч практычна кожны дзень набываў нешта Бараноўскаму, каб спакайней служыць.
«Коржыч з Бараноўскім меў цесныя стасункі, таму што сяржант яго «даіў», — сказаў Краскоўскі.
Зусім іншыя адносіны ў Аляксандра Коржыча склаліся зь іншым сяржантам Вяжэвічам, які праходзіць па справе ў якасьці абвінавачанага. Па словах саслужыўцаў, Вяжэвіч быў адным з самых жорсткіх у частцы. Ён пэрыядычна зьбіваў салдат, прымушаў іх адціскацца, патрабаваў набываць сабе прадукты. Адразу некалькі пацярпелых расказалі, што былі сьведкамі зьдзекаў Вяжэвіча з Коржыча.
Пацярпелы Раман Аскерка падчас службы падтрымліваў цесныя стасункі з Коржычам. Ён распавёў на судзе, што сяржант Вяжэвіч быў асноўным носьбітам пазастатутных адносін у частцы.
«Аляксандар баяўся Вяжэвіча, стараўся не трапляцца яму на вочы, — сказаў Аскерка. — Ведаю, што ён нават размаўляў зь сяржантам Бараноўскім наконт гэтага, прасіў дамовіцца, каб Вяжэвіч яго не чапаў. Але пасьля інцыдэнту з рыдлёўкамі Вяжэвіч сказаў Коржычу, што Бараноўскі яго не ўратуе».
Пра гісторыю з рыдлёўкамі расказваюць на працэсе амаль усе пацярпелыя. Яна здарылася ў ліпені 2017 году. У адзін зь вечароў Вяжэвіч у прысутнасьці групы іншых салдат загнаў Аляксандра Коржыча ў яму глыбінёй больш за мэтар, пасьля чаго пачаў шпурляць у бок Коржыча рыдлёўкі. Прычынай такіх паводзінаў, па словах саслужыўцаў, стала адмова Коржыча набываць Вяжэвічу вафлі.
Акрамя гэтага, большасьць апытаных салдат пацьвердзілі, што Коржыча, як і ўсіх іншых, сяржанты неаднаразова білі, змушалі адціскацца, вымагалі ў яго прадукты і цыгарэты.
«Пасьля мэдпункту Коржыч панік»
Амаль усе былыя саслужыўцы Аляксандра Коржыча кажуць пра яго як пра вясёлага і камунікабэльнага. Салдаты расказалі, што Коржыч падтрымліваў добрыя адносіны з усімі саслужыўцамі, ня меў ні з кім зь іх канфліктаў. У Коржыча заўсёды можна было пазычыць цыгарэты або грошы. Ён ніколі нікому не адмаўляў. Расказваў саслужыўцам пра сваё жыцьцё да войска — як працаваў у аўтасэрвісе, добра зарабляў, меў аўтамабіль. Расказваў, што сам аплаціў рамонт у кватэры маці. Найбольш цесныя адносіны падчас службы ў Коржыча склаліся з саслужыўцамі Раманам Аскеркам і Аляксандрам Аліхаджаевым.
«Напачатку ў Аляксандра Коржыча не было ніякіх скаргаў на службу, — сказаў на судзе Аскерка. — Праблемы зьявіліся пасьля мэдпункту (туды Коржыч трапіў з прастудай на пачатку верасьня 2017 году. — РС). Адтуль ён выйшаў іншым чалавекам. Пачаў скардзіцца на боль у сэрцы. Ён стаў паніклы, ні з кім асабліва не размаўляў».
Паказаньні Аскеркі пацьвярджаюць і іншыя саслужыўцы. Яўген Краскоўскі на працэсе расказаў, што Коржыч скардзіўся яму на дрэннае лекаваньне ў мэдпункце. Стан Коржыча пасьля выпіскі з мэдпункту не палепшыўся, ён працягваў хадзіць туды па лекі.
Аднойчы Коржыч папрасіў саслужыўца Сяргея Шылко схадзіць разам зь ім у мэдпункт. Ён паскардзіўся, што яму даюць ня тыя лекі. Па словах Коржыча, ад тых лекаў у яго балела сэрца. Калі Сяргей Шылко прыйшоў разам з Аляксандрам у мэдпункт, то ўбачыў, што Коржычу далі валяр’янку. Шылко ўгаварыў Коржыча выпіць яе.
«Калі Коржыч выпісаўся з мэдпункту, гэта быў зусім іншы чалавек, — кажа Шылко. — Ён мог глядзець у сьценку і ні з кім не камунікаваць. Сяржант Бараноўскі нават пачаў перажываць за яго, як мне здалося. Ведаю, што ён званіў ягонай сястры».
«У мэдроце Коржыча трымалі пад аховай»
Неўзабаве пасьля выпіскі з мэдпункту Аляксандар Коржыч трапіў у мэдроту, куды салдат зьмяшчалі ў выпадку больш сур’ёзных захворваньняў. У мэдроце ён ляжаў у асобнай адзіночнай палаце пад аховай сяржанта Бараноўскага і шарагоўца Рудкоўскага.
«Калі Коржыча клалі ў мэдроту, то яго рэчы спачатку прынесьлі ў агульную палату, але пасьля аднесьлі ў адзіночную, — сказаў на працэсе Іван Квірын, які ў сярэдзіне верасьня таксама праходзіў лекаваньне ў мэдроце. — Ён быў бледны, у дэпрэсіі. Мог на сярэдзіне размовы спыніцца і замаўчаць. Потым заплакаць. Прызнаваўся, што забыў, пра што гаварыў раней».
Па словах саслужыўцаў Коржыча, ахову да хворага салдата прыстаўлялі ў тых выпадках, калі існавала небясьпека для яго жыцьця. Ахоўнікі павінны былі пільнаваць хворага і ў выпадку небясьпекі тэрмінова клікаць лекара. Адзін з ахоўнікаў пастаянна знаходзіўся ў палаце з хворым, для гэтага там стаяў яшчэ адзін ложак. Па словах Івана Квірына, сяржант Бараноўскі на ноч некуды сыходзіў з мэдроты, з Коржычам заставаўся толькі шараговец Рудкоўскі. Пасьля сяржанта Бараноўскага на ахову Коржыча ў мэдроце быў прызначаны сяржант Вірбал.
Таксама вядома, што Аляксандар Аліхаджаеў і Раман Аскерка, якія сябравалі з Коржычам, у канцы верасьня спрабавалі адведаць яго ў мэдроце. Аднак у абодвух выпадках на сустрэчу ня трапілі. Аскерку сказалі, што Коржыча павезьлі ў шпіталь у Барысаў, Аліхаджаеву — што Коржыча ў мэдроце больш няма.
«Ён проста зьнік»
16 жніўня на працэсе апытвалі пацярпелага Міхаіла Казачэнку. Падчас папярэдняга сьледзтва ён расказваў, што ня меў блізкіх адносінаў з Коржычам і нічога ня ведае пра абставіны яго сьмерці. Аднак у судзе ўзгадаў, што выпадкова стаў сьведкам выпіскі Коржыча з мэдроты.
У канцы верасьня Казачэнка ляжаў у мэдпункце, і яго накіравалі ў мэдроту здаваць аналізы. У чарзе на аналізы ён стаяў побач з Коржычам, пачуў, як таму сказалі выпісвацца з мэдроты. Калі Казачэнка выйшаў з памяшканьня, усіх салдат паставілі ў шэраг. Там было чалавек 15. Коржыч стаў у канец шэрагу.
«Пасьля сяржант, ня памятаю ягонага прозьвішча, павёў нас назад у мэдпункт. Гэтага сяржанта няма сярод абвінавачаных. Калі мы прыйшлі на месца, Коржыча з намі ўжо не было. Ён проста зьнік. Сяржант ня бачыў гэтага».
Адным з апошніх з Аляксандрам Коржычам размаўляў яго саслужывец Уладзіслаў Вагера. На судзе ён расказаў, што Коржыч перад выпіскай выглядаў спакойным.
«Па зьнешнім выглядзе Коржыч быў спакойны, — сказаў пацярпелы. — Мы бачыліся 26 верасьня, курылі разам. Коржыч сказаў, што яго выпісваюць і што яму яшчэ баліць сэрца».
Цела Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвальным памяшканьні 3 кастрычніка. Паводле дадзеных сьледзтва, яно знаходзілася там на працягу тыдня. Такім чынам, дзень сьмерці Коржыча можа супадаць з днём выпіскі з мэдроты.
«Коржыч ня мог павесіцца сам»
Ніводзін з апытаных на судзе салдат не казаў, што чуў ад Коржыча пра намер зьдзейсьніць самагубства. Саслужыўцы згадваюць, што пасьля выпіскі з мэдпункту Коржыч, наадварот, пачаў вельмі турбавацца за сваё жыцьцё.
«Я дагэтуль не магу зразумець, як Коржыч мог павесіцца, — сказаў на працэсе Сяргей Шылко. — Чалавек, які так пільна сачыў за сваім здароўем. У яго заўсёды была самая вялікая аптэчка ў роце. Я не магу паверыць, што такі чалавек мог пайсьці і самастойна павесіцца. Я ня веру ў гэта».
Большасьць таварышаў па службе пра сьмерць Аляксандра Коржыча даведаліся ад сьледчых, якія прыйшлі ў казарму аглядаць рэчы загінулага салдата.
«Ад сьледчых мы даведаліся пра гэта, — сказаў Раман Аскерка. — Ніхто з кіраўніцтва часткі нічога нам не казаў і не тлумачыў. У казарму прыйшоў сьледчы і пачаў агляд рэчаў Коржыча. Я ня ведаю, чаму Аляксандар гэта зрабіў».
Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей
Справу аб трагічнай гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча расьсьледавалі каля 9 месяцаў, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Да працэсу расьсьледаваньня ў якасьці выключэньня была дапушчаная маці нябожчыка Сьвятлана Коржыч.
Your browser doesn’t support HTML5
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Праз два тыдні пасьля таго, як у падвале вайсковай часткі ў Печах знайшлі труп Аляксандра Коржыча, Сьледчы камітэт Беларусі распачаў 8 крымінальных спраў у дачыненьні да 8 вайскоўцаў. Пазьней колькасьць затрыманых у справе Аляксандра Коржыча вайскоўцаў павялічвалася: акрамя сяржантаў і прапаршчыка, за краты трапілі таксама два афіцэры, якія кіравалі ротай Коржыча. Аднак з больш чым 15 чалавек, затрыманых у справе, на лаве падсудных у першым працэсе апынуліся толькі тры сяржанты, якім прад'явілі абвінавачваньні паводле ч. 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
У справе салдата Коржыча, які загінуў у войску, будуць судзіць толькі сяржантаў
Частка 3 артыкула 455 КК. Злоўжываньне начальніка ці службовай асобы ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі зь цяжкімі наступствамі. Пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.
Часткі 1 і 2 арт. 430 КК. Прыняцьце службовай асобай для сябе ці для блізкіх матэрыяльных каштоўнасьцяў ці выгод маёмаснага характару. Караецца абмежаваньнем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу. На 31 ліпеня ў судах знаходзіцца яшчэ 12 крымінальных спраў за дзедаўшчыну, у іх фігуруе 19 асобаў.