Супраціў путчу ў 91-м: як гэта было ў Беларусі

Мітынг БНФ супраць ГКЧП

У Беларусі супраціў праімпэрскаму пракамуністычнаму путчу быў арганізаваны БНФ адразу, як толькі было заяўлена пра стварэньне ГКЧП.

Фрагмэнты кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая ў 2013 выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» (другое выданьне — 2016).

Створаны ўстойлівы міт, што ў Беларусі людзі нібыта моўчкі пагадзіліся з маскоўскім пераваротам у жніўні 91-га, што не было ніякага супраціву, ніякіх масавых акцыяў. Пры Лукашэнку падзеі жніўня 91-га будуць замоўчвацца, найперш — з-за імкненьня паказаць беларусаў абыякавымі, няздольнымі на рашучыя дзеяньні. Мяркую, не апошнюю ролю адыграе і палітыка скажэньня інфармацыі пра Беларускі Народны Фронт і яо лідэраў.

Насмарэч, супраціў путчу 19-21 жніўня 1991 выявіў імкненьне беларускага народа да свабоды і дэмакратыі, а праз некалькі дзён, 26 жніўня, меў лягічным вынікам абвяшчэньне Незалежнасьці.

... Раніцай 19-га жніўня ў 91-ым большасьць беларусаў прачнуліся пад паведамленьне аб увядзеньні надзвычайнага становічша з 4 гадзінаў раніцы; Гарбачоў адхілены, на яго месцы фармальна віцэ-прэзыдэнт Янаеў, а рэальна краінай кіруе «ГКЧП» ( у перакладзе з расейскай — «дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы»).

Надзвычайнае становішча — гэта, звычайна, камэнданцкая гадзіна, патрулі. Ну і танкі, іншая бронетэхніка — як жа бяз іх. ГКЧП складаўся з віцэ-прэзыдэнта СССР Генадзя Янавева, старшыні КДБ, міністраў абароны і ўнутраных спраў і яшчэ зь некалькіх прыхільнікаў жорсткіх захадаў дзеля захаваньня камуністычнай імпэрыі.

А я ехаў са свайго Ўручча, з вуліцы Гінтаўта, ў Дом ураду і нічога гэтага ня ведаў, бо тэлевізар раніцай не ўключыў, а хатняга тэлефона ў мяне тады не было. У аўтобусе ж і ў мэтро па тварах людзей неяк не выглядала, што нешта здарылася.

Калі мяне не падводзіць памяць, у той дзень мы павінны былі сустрэцца з Пазьняком у Доме ўраду дзеля падрыхтоўкі заявы з нагоды заплянаванага на заўтра ў Маскве падпісаньня «саюзнай дамовы». Дамовіліся на час пасьля абеду, але я паехаў раней, бо трэба было перадаць машыністкам на раздрукоўку нейкія законапраекты. Словам, звычайныя рутынныя палітычныя справы.

І толькі прыехаўшы ў Вярхоўны Савет (было недзе крыху болей за 9 гадзінаў раніцы), я даведаўся пра пераварот. Першым, як аказалася, прыехаў Лявон Баршчэўскі — ён жыў бліжэй за ўсіх да Дому ўраду (Пазьняк прыехаў каля 11-ай, ад ягонай Ангарскай транспарт ішоў дрэнна, ды яшчэ трэба было рабіць перасадкі).

У памяшканьні Апазыцыі БНФ, 363-ім пакоі, паступова сабраліся ўсе, хто тады быў у Менску — Валянцін Голубеў, Алег Трусаў, Уладзімер Заблоцкі, Барыс Гюнтар, Ігар Гермянчук, Юрась Беленькі, Галіна Сямдзянава, Лявон Дзейка, Павал Холад...

У чым была небясьпека ГКЧП


Чым пагражае ГКЧП — гэта мы зразумелі адразу.

Між іншым, пра саму абрэвіятуру, якую адмыслова не перакладаю з расейскай.

У пачатку 90-ых гадоў, часы нядоўгай і непасьлядоўнай беларусізацыі, расейскія абрэвіятуры перакладаліся ў прэсе дакладна: «НКУС» («народны камісарыят унутраных спраў», «ДКНС» (дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы«). Лічу, што ўжываць гэтыя прыдуманыя ў Маскве словы варта так, як яны зафіксаваліся ў сьвядомасьці — па расейску. Бо, як і КГБ, гэтыя абрэвіятуры зрабіліся паняцьцямі, зьявамі — не перакладаем жа мы трансфармаванае з латыні слова «інквізыцыя».

Таму тут і далей буду ўжываць, без перакладу, ГКЧП — «Государственный комитет по чрезвычайному положению».

Прэсавая канфэрэнцыя членаў ГКЧП, 19 жніўня 1991

Члены ГКЧП заявілі, што Гарбачоў «паводле стану здароўя» ня можа выконваць прэзыдэнцкія абавязкі, і бралі ўладу ў свае рукі. Гарбачоў быў ізаляваны на летняй рэзыдэнцыі ў крымскім Фаросе, на вуліцы Масквы выйшлі танкі. Тыя маскоўскія падзеі дастаткова добра апісаныя, і я ня буду на іх спыняцца, патлумачу толькі, чаму ўтварэньне ГКЧП адразу успрынялося намі як вялізная небясьпека.

Па-першае, у ягоны склад увайшлі тыя, хто найбольш зацята выступаў за захаваньне СССР — нагэтулькі зацята, што нават прапанаваная Гарбачовым «саюзная дамова» ім падавалася «разбуральнай». Па сутнасьці, гэта былі прыхільнікі рэстаўрацыі імпэрыі ў яе самым жорсткім, «сталінскім» варыянце.

І ў выпадку ўмацаваньня іхняга рэжыму Незалежнасьць Беларусі магла заставацца недасягальнай марай яшчэ доўгія гады.

Па-другое, усталяваньне дыктатарскага рэжыму адбывалася б ня проста жорстка, а з крывёй, і крыві б пралілі шмат — старшыня КГБ Кручкоў, які ўвайшоў у склад ГКЧП (і, як потым выявілася, быў галоўным ініцыятарам яго стварэньня) выразна прадэманстраваў усяму сьвету свой стыль у студзені 91-га ў Вільні, калі КДБ справакаваў прымяненьне савецкімі вайскоўцамі сілы і загінулі 14 чалавек.

Нарэшце, утварэньне ГКЧП, абвяшчэньне надзвычайнага становішча і адхіленьне ад пасады Гарбачова было парушэньнем Канстытуцыі СССР. Мы дамагаліся выхаду з СССР і ня мелі ніякіх ілюзіяў адносна Гарбачова — але лічылі, што парушэньне Канстытуцыі СССР сілавымі міністрамі прывядзе да некантралюемых працэсаў.

Так, пасьля візыту Гарбачова ў Менск у лютым 1991-га і праграмнай заявы на сустрэчы ў Акадэміі навук, дзе ён адкінуў сваю ранейшую дэмакратычную рыторыку, заявіў пра вернасьць «камуністычнаму выбару» і лаяў «нацыяналістаў», ілюзіі адносна яго страцілі нават тыя ў БНФ, хто іх яшчэ меў — Гарбачоў дамагаўся захаваньня імпэрыі, і тут ягоныя намеры супадалі з мэтамі камуністычнага кіраўніцтва Беларусі.

І пры ўсім гэтым — тое, што рабіла з Гарбачовым ГКЧП, было гвалоўным парушэньнем законнасьці дый проста справядлівасьці. Мы выступалі не ў абарону Гарбачова як палітыка — а ў абарону законна абранага прэзыдэнта, у абарону прыярытэту права і дэмакратыі.

Зрэшты, лепш за ўсіх стаўленьне да Гарбачова перадаў невядомы мне хлапец, які ў тыя дні прыйшоў на наш мітынг перад Домам ураду з партрэтам Гарбачова, на якім напісаў: «Яго — сёньня, цябе — заўтра».

Мы разумелі, што для нас гэтае «заўтра» можа мець самы прамы сэнс.

Дземянцей: «Я ж не пацанёнак»


Мы вырашылі высьветліць сытуацыю зь першых рук — у старшыні Вярхоўнага Савету Мікалая Дземянцея, які назаўтра павінен быў быць у Маскве і падпісваць з Гарбачовым «саюзную дамову». Акрамя таго, Дземянцей як старшыня ВС меў права склікаць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету.

Мікалай Дземянцей, пачатак 1990-х.

Да Дземянцея нас пайшло шасьцёра — Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў, Уладзімер Заблоцкі і я. Мы зь Ігарам Герменчуком рабілі дыктафонны запіс (дыктафон я браў у кагосьці з дэпутатаў, хто застаўся ў пакоі апазыцыі, і адразу яго вярнуў, таму запіс у мяне не захаваўся). Праз колькі дзён тэкст быў зьмешчаны ў «Свабодзе» і «Знамени юности». У «Свабодзе» тэкст быў скарочаны з-за эканоміі газэтнай плошчы, у «Знамени юности» словы адных дэпутатаў прыпісаныя іншым (гэта ня ў якасьці папроку — мы не прадстаўляліся, а журналісты маглі і не разабрацца, дзе чый голас). Тут падаю дыялёг максымальна набліжаным да рэальнага.

Гутарка адбылася у кабінэце Дземянцея.

Уладзімер Заблоцкі, жнівень 1991

«Заблоцкі: Аналіз сытуацыі сьведчыць, што з парушэньнем Канстытуцыі і законаў СССР уладу ў Крамлі спрабуе захапіць так званы камітэт па надзвычайным становішчы. Апазыцыя лічыць неабходным тэрмінова склікаць сэсію ВС БССР і абмеркаваць становішча. Мы думаем, што 7 чалавек, якія ўвайшлі ў склад гэтага камітэту, ня маюць права вырашаць за кожную рэспубліку.

Дземянцей: Нічога яны за нас не вырашаюць.

Заблоцкі: Яны за нас вырашаюць усё. Гэта — відавочна. Таму ВС БССР, як мы лічым, павінен тэрмінова сабрацца і заявіць, што гэты камітэт антыканстытуцыйны і не паўнамоцны ўводзіць надзвычайнае становішча.

Валянцін Голубеў, жнівень 1991

Голубеў: Мікалай Іванавіч, наш Вярхоўны Савет павінен вызначыць: падтрымліваем мы гэтых самазванцаў ці будзем усё ж кіравацца канстытуцыйнымі прынцыпамі. Мы ведаем, што Вы званілі Лук’янаву (старшыні Вярхоўнага Савету СССР, які быў на баку путчыстаў, — С.Н.). Зразумела, яму нічога не заставалася сказаць Вам, як толькі тое, што «ўсё робіцца паводле закону». Але Беларусь павінна вырашаць сама за сябе.

Дземянцей: Вы з Гарбачовым асабіста сустракаліся? Вы ведаеце, чаму нарадзілася ў яго гэтая заява?

Голубеў: Якая заява?

Дземянцей: Ну будзе яна, гэтая заява. Я ж не ад Гарбачова прыехаў. Вы, калі хочаце, паяжджайце да Гарбачова. Калі ласка, калі хочаце, пазваніце яму.

Навумчык: Давайце пазвонім ад Вас па ВЧ.

Дземянцей: Я ж не пацанёнак. Вы можаце сябе так толькі ў дзіцячым садку весьці. Але вы тут знаходзіцеся з дарослым чалавекам. Не размаўляйце вы так са мной. Не сьпяшайся, не спяшайся. Ты ўсё ведаеш, ты ўсё можаш, можаш быць нават прэзыдэнтам краіны.

Голубеў: Не.

Дземянцей: Не, чаму, мог бы быць прэзыдэнтам. Вось вы разумееце, калі ў мяне надыдзе момант, што я адмоўлюся ад сваёй пасады, вы што, мяне прымусіце?

Голубеў: У дзьве гадзіны ночы?

Дземянцей: Вы былі там? Якія вы маеце адносіны, што з Гарбачовым і якую ён заяву зрабіў? Вы ведаеце пра гэта альбо не?

Голубеў: Я грамадзянін гэтай дзяржавы, я дэпутат Вярхоўнага Савету, і мой абавязак — стаяць на абароне Канстытуцыі.

Дземянцей: І стойце, заўсёды стойце. Але стаяць трэба пасьлядоўна. Калі вы напішаце заяву аб складаньні сваіх дэпутацкіх паўнамоцтваў, дык хто б як бы ні разважаў, вы напісалі заяву.

Голубеў: Я не напішу.

Барыс Ельцын, Мікалай Дземянцей і Міхаіл Гарбачоў у Нова-Агарове. Лета 1991 г.


Дземянцей: Ну, не напісалі, і добра. Дык вось. Калі Гарбачоў за шэсьць гадоў прыйшоў да такога цяжкага стану, у якім ён, як і заўсёды, быў і працягвае заставацца, прыйшоў ён да такога стану. Я кажу гэта не паводле маіх службовых абавязкаў, а па-чалавечы. Ён прыйшоў да такога стану. І кожны чалавек можа прыйсьці да такога стану. І ён прыйшоў да такога стану. (Гэта ня стужка ў магнітафоне заядае, гэта гаворыць Дземянцей — С.Н.). І гэтая група, дакладней сказаць, Янаеў, былі зь ім разам, знаходзіліся, і гэтая нарадзілася заява разам з Гарбачовым. Па стану ягонага здароўя, яшчэ раз паўтараю...

Навумчык: Дзе заключэньне дактароў?

Ігар Гермянчук

Дземянцей: Калі вы мяне хочаце слухаць — так, калі ўсё ведаеце — прашу, тады не перашкаджайце.... Я вам кажу: у Гарбачова выцеклі, скажам, усе псыхалягічныя моманты, што яму далей казаць? І ён гаворыць: я далей ня рухаюся, давайце думаць разам. Вось і давялося па Канстытуцыі часова выконваць абавязкі Янаеву. Прэзыдэнт за суткі да гэтага пайшоў у адстаўку. На працягу тыдня будзе скліканая сэсія ВС СССР. Усё робіцца па Канстытуцыі. У нашыя рэспубліканскія справы ніхто ня ўмешваецца. Нам няма патрэбы зьбіраць сэсію. Гарбачоў сам за сябе вырашыў. Ён сышоў, а жыцьцё будзе працягвацца. Нам, беларусам, нішто не пагражае. І ня трэба падбухторваць людзей.

Гермянчук: Выходзіць, што Вы прызнаяце законнасьць камітэту на чале зь Янаевым і будзеце выконваць яго распараджэньні?

Дземянцей: А што Вы хочаце, каб я выконваў?

Гермянчук: Канстытуцыю і законы, а ня ўказы незаконнага камітэту. У Маскве на вуліцах ужо бронетэхніка. Вашае бязьдзеяньне можа прывесьці да таго, што танкі зьявяцца на вуліцах Беларусі.

Дземянцей: Усё, я далей ня буду працягваць размову. Паўтараю: Гарбачоў падаў у адстаўку. Абавязкі прэзыдэнта выконвае віцэ-прэзыдэнт Янаеў.

Заблоцкі: Вы можаце казаць нам што заўгодна. Аднак усе разумеюць, што ў СССР адбываецца неабальшавіцкі пераварот. Таму мы настойваем на тэрміновым скліканьні сэсіі Вярхоўнага Савету БССР. Калі Вы адмаўляецеся гэта зрабіць, мы будзем зьбіраць патрэбныя 115 подпісаў дэпутатаў«.

Стала зразумела, што Дземянцей падтрымлівае путчыстаў. Пазыцыя старшыні ВС Беларусі выглядала вельмі непрыгожай на фоне інфармацыі, якая пачала паступаць з Масквы — там прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын выступіў з асуджэньнем ГКЧП і заклікаў не выконваць загады хунты.

Тады ж Уладзімер Заблоцкі канкрэтызаваў журналістам нашыя патрабаваньні да сэсіі, якая мелася прыняць папраўку да артыкулу 72 Канстытуцыі «Аб вяршэнстве законаў БССР на яе тэрыторыі» і — што даўно было галоўнай мэтай БНФ — надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнай сілы.

«Многае павінны зразумець і людзі, якія дагэтуль не задумваліся пра сутнасьць „абноўленага Саюзу“, пра тое, чаму неабходны сувэрэнітэт кожнай рэспубліцы і чаму трэба яго дамагацца. Гэта будзе самая слушная выснова, якую зараз зробіць беларускі народ. Я спадзяюся на гэта!» — сказаў Уладзімер Заблоцкі ў інтэрвію газэце «Свабода».

«Мы маем дачыненьне з таталітарным прыёмам захопу ўлады»


У калідорах Вярхоўнага Савету пачалі зьяўляцца і нашыя палітычныя апанэнты, дэпутаты-камуністы. Настрой у іх быў бадзёры, некаторыя паблажліва паляпвалі нас па плячы — маўляў, трымайцеся, хлопцы, раней было так, жартачкі, а вось зараз у вас пачнуцца цяжкія часы.

Некаторыя зласьліва казалі: вы на свабодзе апошнія дні.

Ці ўсьведамлялі мы ўсю небясьпеку асабіста для нас, дэпутатаў, тых наступстваў у тым выпадку, калі б ГКЧП замацаваўся? Бо н Няма сумневу, што калі б ГКЧП перамагло — усіх нас, і арганізатараў, і ўдзельнікаў гэтага супраціву чакаў бы незайздросны лёс, бо, як пазьней выявіла сьледзтва, арганізатары путчу не спыніліся б перад самымі жорсткімі мерамі, уключна з арыштамі і турэмным зьняволеньнем.

Закратаваны вагон, здымак у газэце «Свабода», жнівень 1991

У той момант мы, канешне, ня ведалі ўсіх плянаў змоўшчыкаў у дэталях, але добра памяталі гісторыю панаваньня камуністычнага рэжыму — з Курапатамі і ГУЛагам. Але цікава вось што: я не магу прыгадаць, каб мы ў Апазыцыі абмяркоўвалі, што з намі могуць зрабіць — арыштаваць, выслаць, пасадзіць у турму альбо забіць. Пра гэта ўсе за тры дні путчу я ня чуў ні слова. Кожны з нас , канешне, падумаў пра гэта — але ўслых мы не выказваліся. Ды й хапалі неадкладнай працы.

У тралейбусе па дарозе ў Вярхоўны Савет Пазьняк зрабіў накіды заявы, але паколькі мы (Баршчэўскі, Голубеў і я) дабраліся раней і мелі перад сабой тэксты Канстытуцыі і законаў, дык тэкст ужо быў складзены (тыя паперы ў мяне захаваліся, тэкст напісаны рукой Лявона Баршчэўскага). Пазьняк ухваліў наш тэкст — зводзіць два варыянты ў адзін проста не было часу — мы зрабілі нейкія дадаткі і падпісалі.

Чарнавік заявы дэпутатаў апазыцыі БНФ, раніца 19.08.1991. Напісана Л. Баршчэўскім. З архіву С. Навумчыка

Пазьняк адразу ўзяў справу ў свае рукі — ён заўсёды дзейнічаў у экстрэмальных сытуацыях рашуча, пачаў абзвоньваць людзей, аддаваць распараджэньні. Галоўным вызначыў — арганізаваць масавы супраціў хунце (гэта на плошчах) і дамагчыся скліканьня нечарговай сэсіі. Адначасна вырашылі правесьці мітынг перад Домам ураду.

Мы аддрукавалі заяву і перадалі яе журналістам.

«Заява народных дэпутатаў БССР ад апазыцыі Беларускага Народнага Фронту. У ноч з 18 на 19 жніўня г.г. у Маскве шэрагам асоб, якія займаюць адказныя дзяржаўныя пасады Саюзу ССР, зроблена спроба дзяржаўнага перавароту. Гэтая спроба парушае арт. 127-3 п. 15 дзейнай Канстытуцыі СССР і арт.15 Закону Саюзу ССР «Аб прававым рэжыме надзвычайнага становішча». Згодна з гэтымі заканадаўчымі актамі, Прэзыдэнт Саюзу СССР можа абвяшчаць надзвычайнае становішча ў асобных рэгіёнах СССР толькі са згоды адпаведных ворганаў дзяржаўнай улады рэспублік «у інтарэсах гарантаваньня бясьпекі грамадзян СССР пры стыхійных бедзтвах, буйных аварыях альбо катастрофах, эпізаотыях, а таксама пры масавых беспарадках. Такім чынам, законных падставаў для ўвядзеньня надзвычайнага становішча у Беларусі і ў СССР няма. Разам з тым, праз 10 гадзін пасьля абвяшчэньня надзвычайнага становішча адсутнічае Заява Прэзыдэнта СССР М.С. Гарбачова аб добраахвотным намеры спыніць выкананьне сваіх паўнамоцтваў і мэдыцынскае заключэньне аб стане яго здароўя. У сувязі з гэтым, законным кіраўніком Саюзу ССР застаецца Прэзыдэнт СССР, які можа быць адхілены ад сваёй пасады ня менш як 2/3 галасоў ад агульнай колькасьці Зьезду народных дэпутатаў СССР.

Зьдзейсьненым 18-19 жніўня г.г. актам бальшавікі-камуністы яшчэ раз пацьвярджаюць сваю прыхільнасьць да гвалтоўнага вырашэньня сацыяльных і іншых праблем. Мы маем дачыненьне з таталітарным прыёмам захопу ўлады.

Дэпутаты ад Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце Беларускай ССР заклікаюць усіх грамадзян Беларусі захоўваць арганізаванасьць, вытрымку й дысцыпліну, выконваць толькі рашэньні канстытуцыйных органаў улады. Заклікаем нашых выбаршчыкаў правесьці 20 жніўня, у нерабочы час, пасьля 18 гадзін, сустрэчы з народнымі дэпутатамі ўсіх узроўняў і запатрабаваць спыненьня дзейнасьці незаконнага «Дзяржаўнага Камітэту па надзвычайным становішчы ў СССР».

Мы зьвяртаемся да ваеннаслужачых Савецкіх Узброеных Сіл, супрацоўнікаў МУС і КДБ БССР з заклікам захоўваць вернасьць Канстытуцыі Беларускай ССР і Саюзу ССР, свайму службоваму абавязку, пазьбягаць ужываньня сілы і ўстрымацца ад падтрымкі неканстытуцыйных органаў.

Апазыцыя ў Вярхоўным Савеце Беларускай ССР патрабуе тэрміновага скліканьня надзвычайнай Сэсіі ВС БССР для абмеркаваньня становішча і прыняцьця неабходных захадаў. Народныя дэпутаты БССР Л. Баршчэўскі, Ю. Беленькі, І. Гермянчук, В. Голубеў, Г. Грушавы, Б. Гюнтэр, Л. Дзейка, У. Заблоцкі, Л. Зданевіч, В. Какоўка, М. Крыжаноўскі, С. Навумчык, У. Новік, Я. Новікаў, З. Пазьняк, С. Папкоў, П. Садоўскі, С. Слабчанка, У. Станкевіч, Г. Сямдзянава, А. Трусаў, Я. Цумараў. 19 жніўня 1991 г.«.

Зварот дэпутатаў Апазыцыі БНФ, раніца 19.08.1991 г. З архіву С. Навумчыка.


Крыху пазьней Пазьняк напісаў лісты да старшыні Савету Міністраў Вячаслава Кебіча, старшыні КДБ Эдуарда Шыркоўскага і міністра ўнутраных спраў Уладзімера Ягорава з заклікам «праявіць дзяржаўную мудрасьць, вытрымку, вернасьць Беларускай рэспубліцы, не прымаць ніякіх патрабаваньняў і загадаў так званага камітэту па надзвычайным становішчы, выконваць законы і Канстытуцыю БССР». Кожны ліст падпісалі некалькі дэпутатаў БНФ, якія ў той момант былі ў пакоі апазыцыі.

Фрагмэнт дасланага ў Менск звароту Барыса Ельцына. 19.08.1991. З архіву С. Навумчыка



Пётра Садоўскі, які ўзначальваў Камісію ВС па міжнародных сувязях, быў адзіным з дэпутатаў БНФ, які меў факс — і неўзабаве нам удалося усталяваць сувязь з атачэньнем Барыса Ельцына. З Масквы нам пераслалі тэксты указаў — пад усімі, акрамя подпісу, Ельцын пазначаў і канкрэтны час.

У тыя трывожныя дні путчу 363-ці пакой Апазыцыі БНФ пераўтварыўся ў штаб арганізацыі супраціву хунце.

Станіслаў Шушкевіч, 1991

Разам з намі запатрабаваў склікаць сэсію Станіслаў Шушкевіч — ён зьвязаўся з кіраўніком Кіргізстану Аскарам Акаевым, які не падтрымаў КГЧП. Званіў ён і некаторым іншым дэмакратычным палітыкам «пры пасадах» — у яго як у першага намесьніка старшыні ВС быў тэлефон адмысловай урадавай сувязі, так званая лінія ВЧ, доступ да якой мелі вышэйшыя кіраўнікі СССР, рэспублік і і рэгіёнаў, камандуючыя вайсковых акруг і ўпраўленьняў КГБ (перад гэтым, увесну таго самага 1991-га Яўген Будзінас выдаваў зборнік артыкулаў Андрэя Сахарава і папрасіў мяне дамовіцца з Анатолем Сабчаком, які лічыўся паплечнікам Сахарава па міжрэгіянальнай дэпутацкай групе і быў мэрам Ленінграду, наконт прадмовы да кнігі. Я з Сабчаком быў не знаёмы і пайшоў да Шушкевіча. Ён пасунуў да мяне тэлефон ВЧ — «Званіце!». Сабчака на месцы не аказалася, і я перадаў просьбу ягонаму вельмі ветліваму памочніку. Прозьвішча памочніка — Пуцін — нічога мне не казала).

Шушкевіч зьвярнуўся да Дземянцея з прапановай склікаць нечарговую сэсію, але станоўчага адказу не атрымаў. Канешне, пазыцыя Шушкевіча як першага намесьніка старшыні ВС ў дні путчу, асабліва тое, што ён выказаўся за скліканьне нечарговай сэсіі, была для нас падтрымкай.

Менчукі выходзяць на плошчу


Але мы разумелі, што наўрад ці здолеем нешта зрабіць без падтрымкі людзей.

А з гэтым было цяжка. У нас не было доступу да тэлебачаньня і радыё (кіраўнік дзяржтэлерадыё Аляксандар Сталяроў у той дзень памяняў праграмную сетку, каб трансьляваць распараджэньні ГКЧП), афіцыйныя газэты назаўтра зьмясьцілі загады ГКЧП на першых палосах. У нас заставаліся «Свабода», «Навіны БНФ», канешне, была сувязь і з карэспандэнтамі радыё «Свабода». Асноўныя мітынгі мы разьлічвалі правесьці 20 жніўня (эфір «Свабоды» быў толькі увечары 19-га, а раніцай 20-га маглі ўжо выйсьці нашыя газэты, раней проста паведаміць пра месца і час акцыяў не было як), але праз «каналы» БНФ мы заклікалі прыйсьці людзей да Дому ўраду ужо сёньня, увечары 19-га.

Некаторыя прыйшлі на гэты заклік, некаторыя — самі.

Людзей было мала.

У параўнаньні з колькасьцю, якую сабрала падвышэньне цэнаў у красавіку (тады штодня стаяла некалькі дзесяткаў тысяч) — прыйшла, можна сказаць, мізэрная колькасьць — добра калі дзьвесьце чалавек. А можа быць і менш.

Мітынг супраць ГКЧП, арганізаваны БНФ


Людзей было ў той, першы дзень путчу, няшмат, але галоўнае — яны прыйшлі.

І гэта былі людзі, якія прыйшлі бараніць свабоду і Беларусь, і ніякія падачкі не прымусілі б іх адмовіцца ад сваіх намераў.

Мы выступілі ўсе — маю на ўвазе тых дэпутатаў БНФ, якія былі ў Доме ўраду, — распавялі пра паход да Дземянцея, пра пазыцыю Ельцына, патлумачылі, чаму вымушаныя падтрымаць Гарбачова і чаму патрабуем склікаць нечарговую сэсію, і папрасілі людзей прыйсьці на плошчу заўтра і прывесьці знаёмых.

Мы імкнуліся трымацца бадзёра — хаця ўсьведамлялі ўсю складанасьць сытуацыі. Магчыма, было б лягчэй, калі б на плошчу прыйшло ня дзьве сотні, а некалькі тысяч. І ўсё ж бачыць твары аднадумцаў тады, увечары 19 жніўня, было для нас важна. Нехта з калег-дэпутатаў сказаў мне напаўжартам «Можа быць, мы выступаем на гэтай плошчы апошні раз!».

Зянон Пазьняк выступае на мітынгу БНФ супраць путчу, жнівень 1991


Ніхто з нас ня ведаў, што выказваньне магло спраўдзіцца: 20 жніўня на станцыю «Менск-Радыятарная» падагналі восем закратаваных вагонаў, у якіх возяць «зэкаў»...

Але ўвечары 20-га на наш заклік на плошчы сабраліся ўжо тысячы.

Мітынг БНФ супраць ГКЧП, жнівень 1991

19-20 жніўня 1991 г. мы ў апазыцыі абмяркоўвалі, колькі працягнецца ГКЧП? Здаецца, пагадзіліся на тым, што нядоўга: год-паўгода.

Потым мне распавядалі, як на некаторых «інтэлігенцкіх кухнях» у Менску дэмакратыю пахавалі і абмяркоўвалі, ці хутка закрыюць межы — бо эміграцыя выглядала рэальнай альтэрнатывай шматгадовай палітычнай і духоўнай багне. Мы, дэпутаты, ужо больш ведалі пра «рэсурс» апарата і разумелі, што «доўгіх гадоў» у новай улады ня будзе — ну але гэта было невялікім суцяшэньнем, года хапіла б, каб загнаць пад асфальт ўсё тое, што прабілася ў апошні час.

І толькі Пазьняк сказаў — «Пратрымаюцца дні тры, ну максымум тыдзень».

Мне падалося гэта па-просту нерэальным.

Я на тыдзень не разьлічваў. Думаў, што год дакладна пратрымаецца, і таму часы наперадзе цяжкія (пэўна, так меркаваў і Валянцін Голубеў, які на мітынгу сказаў — «Надыходзяць часы цяжэйшыя»).

Дэпутат Менскага гарсавету Галіна Вашчана (зьлева) на мітынгу БНФ супраць путчу, жнівень 1991 г.


У тыя тры «путчаўскія» дні да мяне вярнулася адчуваньне, якое перажыў сем гадоў раней, калі «забралі» у войска: тады было поўнае ўсьведамленьне, што наперадзе — два страчаныя, папросту выкрэсьленыя зь біяграфіі гады, якія пройдуць без усялякага плёну, і пакуль былыя аднакурсьнікі будуць нешта рабіць і нечага дасягаць, я буду марнаваць час у казарме і на палігонах (меркаваньне было памылковым: войска сапраўды забрала час, але і дало нешта такое, чаго не атрымаў бы, працуючы ў газэце). Але разам з адчуваньнем наканаванасьці лёсу, які на бліжэйшыя два гады ня зьменіш, была і пэўнасьць: толькі два гады. Цяпер жа наперадзе — невядомасьць. І пры гэтым ніякага выбару — у тым сэнсе, што адмовіцца ад палітыкі, выйсьці з Народнага Фронту, «залегчы на дно» ці вярнуцца ў «чыстую журналістыку» — такія варыянты я проста не разглядаў. Пэўнасьць што да характару палітычнай дзейнасьці была абсалютнай. І вось гэтае разуменьне таго, што назад дарогі няма — давала нейкую лёгкасьць.

Але тады на рэфлексіі проста не было часу. Мы, дэпутаты разумелі, што ні на сэкунду не павінны выказваць сумненьне ў перамозе, што на нас глядзяць, і што калі хочам арганізаваць супраціў — трэба выглядаць аптымістамі.

Сяргей Навумчык і Зянон Пазьняк на мітынгу супраць ГКЧП. Фота Ул. Кармілкіна


Праз дваццаць гадоў мне перадалі некалькі сотняў здымкаў з архіву Уладзімера Кармілкіна, на якіх зафіксаваныя тыя жнівеньскія дні і нашыя мітынгі. І толькі на адным Кармілкін «падлавіў» момант, дзе ў нас з Пазьняком нейкі «не баявы» настрой. Але гэта падманлівае ўяўленьне: насамрэч настрой быў самы рашучы, можа быць, проста на некалькі сэкундаў выявілася стомленасьць — у тыя дні мы сапраўды недасыпалі. На астатніх здымках — усе выглядаем бадзёра.

Але што змоўшчыкі пратрымаюцца тры дні — не, тут я з Пазьняком быў нязгодны.

«Захоўваць спакой» — адчуваць сябе быдлам


Камуністычнае кіраўніцтва Беларусі сустрэла путч з энтузіязмам — Бюро ЦК на чале зь першым сакратаром Малафеевым падтрымала членаў ГКЧП.

Зрэшты, сакратары ЦК КПБ Малафееў, Камай, Ціхіня мелі вопыт стасункаў у самых верхніх эшалёнах улады і ведалі, якім зьменлівым бывае тое, што яшчэ сёньня выглядае несакрушальным. У дачыненьні да камуністычнай партыі яны такога, канешне, уявіць сабе не маглі, а вось датычна асобных палітычных фігур — тое выглядала рэальным. Сёньня Янаеў замяніў Гарбачова, а заўтра нехта заменіць Янаева. За тры дні путчу ня ўсе сакратары ЦК КПБ асабіста выказаліся публічна (ва ўсялякім разе, у друку) — хаця палітычная іх пазыцыя падтрымкі путчу была выразна выяўленая ў заяве Бюро ЦК КПБ. Магчыма — проста не пасьпелі.

Затое ў правінцыі — ці, як любілі казаць камуністычныя кіраўнікі, «на месцах» — партыйныя органы раскрыліся напоўніцу.

1-шы сакратар ЦК КПБ А. Малафеееў

"Першыя ж дакумэнты Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы ў СССР, абнародаваныя 19 жніўня 1991 года, паказваюць, што абвешчаныя надзвычайныя меры па выхаду краіны з глыбокага ўсебаковага крызісу адпавядаюць інтарэсам людзей працы і ня супярэчаць прынцыпам і бліжэйшым мэтам Камуністычнай партыі. Падтрымліваем дзеяньні Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы, накіраваныя на стабілізацыю абстаноўкі ў краіне, і заклікаем камуністаў, працоўных горада захоўваць вытрымку, спакой, узважанасьць у закліках і дзеяньнях, усямерна садзейнічаць аднаўленьню дысцыпліны і парадку, стабільнасьці ў рабоце працоўных калектываў«, — гаварылася ў заяве сакратароў пярвічных партыйных арганізацый кампартыі Магілёву, прынятай празь некалькі гадзін пасьля абвяшчэньня надзвычайнага становішча.

І такіх заяваў — у кожнай вобласьці — былі дзясяткі.

Праз некалькі дзён створаная Вярхоўным Саветам адмысловая камісія на чале з Ігарам Пырхам выявіць, што падтрымка хунты камуністычнымі кіраўнікамі ў рэгіёнах была татальнай.

У Мазыры старшыня гарвыканкаму Іван Замулка 20 жніўня выступіў па кабэльным тэлебачаньні і абвясьціў пра стварэньне «мясцовай камісіі па надзвычайным становішчы» (маскоўскага ГКЧП падавалася недастаткова).

У Рэчыцы старшыня гарвыканкаму Іван Бамбіза (наш калега па парлямэнце) сказаў на нарадзе, што падзяляе кожны пункт заявы путчыстаў. На гэтай нарадзе іншы дэпутат Вярхоўнага Савету, Анатоль Турак, спрабаваў пераканаць асудзіць хунту — але намэнклятура была маналітнай у сваім жаданьні скончыць з дэмакратычнымі пераменамі.

У Лагойску бюро райкаму КПБ сумесна з кіраўніцтва райсавету выказаліся ў падтрымку хунты.

У Бабруйску першы сакратар райкаму КПБ сумесна з камандуючым 5-ай арміяй сабраў сход у Доме афіцэраў і агітаваў прысутных падтрымаць КГЧП. У самім гаркаму хуценька арганізавалі камітэт у падтрымку хунце і, як даведаўся наш калега дэпутат Эдуард Багаўцоў, пачалі складаць «чорныя сьпісы» з прыхільнікаў дэмакратыі.

Плякат на мітынгу ў жніўні 1991

У Воршу 20 жніўня быў уведзены АМАП — і байцы адразу ж затрымалі ўдзельнікаў інфармацыйнага пікету БНФ З. Дзядзенку і Г. Сініцына, вызваліць якіх удалося толькі пасьля ўмяшаньня дэпутата Вярхоўнага Савету Яўгена Глушкевіча.

(Праз некалькі дзён па шмат якіх фактах падтрымкі хунце пракуратура ўзбудзіць справы — але ніводная ня скончыцца судом альбо нават нейкімі вялікімі непрыемнасьцямі для фігурантаў. Напрыклад, прыгаданы Іван Бамбіза праз пару гадоў зойме пасаду віцэ-спікера Вярхоўнага Савету, а пры Лукашэнку бузе прызначаны членам ураду. Увогуле, найбольш зацятыя прыхільнікі хунты будуць пры Лукашэнку будуць узьнесеныыя (да прыкладу, Малафееў ўзначаліць так званы «сэнат»).

«Захоўваць вытрымку і спакой» — гэта значыць, не зьбірацца на мітынгі, не пратэставаць, адчуваць сябе быдлам.

Разам з партыйнымі сакратарамі, кіраўнікамі рэгіёнаўпадтрымалі путч і шмат якія кіраўнікі прадпрыемстваў.

Генэральны дырэктар Менскага гадзіньнікавага заводу Абрамчык 19 жніўня выдаў загад № 489, у якім абавязваў «строга і рашуча спыняць якія заўгодна парушэньні працоўнай дысцыпліны і ўнутрызаводзкага распарадку...Увесьці на пэрыяд надзвычайнага становішча дзяжурствы на прадпрыемстве адказных работнікаў».

Газэта «Свабода» потым паведамляла, што адразу пасьля абвяшчэньня ГКЧП на гадзіньнікавы завод прыбег другі сакратар Менскага гаркаму партыі Віктар Чыкін, і на інфармацыйных стэндах зьявіліся пастановы ГКЧП. На наступны дзень члены страйкаму вывесілі ўлёткі з асуджэньнем хунты, аднак заводзкая адміністрацыя выклікала міліцыю, і міліцыянты «паўдня лазілі па цэхах зрываючы ўлёткі».

Журналісты газэты «Свабода» высьветлілі, што падпісаны дырэктарам загад рыхтаваў начальнік так званага «Першага» аддзелу заводу Бабіцкі, які раней кіраваў управай КДБ Савецкага раёну Менску.

Увогуле, пра тое, чым займаліся ў тыя дні гэбісты — мы ўжо ніколі не даведаемся, навідавоку іх дзейнасьць, як заўсёды, не была, пазьней старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі даводзіў, што «камітэт» не падтрымліваў путчыстаў, а, як яму і належыць, быў «на варце законнасьці». Але некаторыя гэбісты ўсё ж сваю пазыцыю выказаць пасьпелі. Так, у віцебскай газэце «Віцьбічы» (якая заўсёды вызначалася антыбеларускай, антынацыянальнай і праімпэрскай накіраванасьцю, кіравала ёй добра вядомая мне па працы ў Віцебску Ніна Тулінава), адзін з кіраўнікоў абласной управы КДБ Віктар Буряк пра канстытуцыйнасьць сказаў крыху больш, чым потым казаў ягоны шэф Шыркоўскі: «Як орган дзяржаўнага кіраваньня мы стаім на варце канстытуцыйнага ладу. Камітэт па надзвычайнаму становішчу ў СССР створаны ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй СССР, з гэтага вынікае, што мы будзем кіравацца ягонымі рашэньнямі».

Ні Канстытуцыяй БССР, ні Дэклярацыяй аб дзяржаўным сувэрэнітэце — а загадамі праімпэрскай хунты зьбіраўся кіраваць кадэбісцкі начальнік.

Шаладонаў: «Застаўся дагавор 1922 году»

У той самы дзень, 20 жніўня, адбылося пасяджэньне Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі. Дэпутаты Апазыцыі спрабавалі на ім пераканаць Прэзыдыюм асудзіць ГКЧП — але безвынікова. На тым пасяджэньні я выказаў пратэст генэральнаму пракурору Тарнаўскаму з прычыны забароны выхаду газэты «Знамя юности» — у нумары меліся зьявіцца меркаваньні тых, хто не падтрымаў путч.

Запіс з пасяджэньня Прэзыдыюму ВС БССР, 20 жніўня 1991 г. З архіву С. Навумчыка


Стэнаграма таго пасяджэньня Прэзыдыюму ВС БССР захоўваецца недзе ў архівах — а ў мяне захаваўся толькі фрагмэнт запісу, калі дэпутат Апазыцыі БНФ Алег Трусаў, заклікаючы членаў Прэзыдыюму падтрымаць прэзыдэнта РСФСР Ельцына ў ягоным супраціве ГКЧП, апэляваў да нядаўна падпісаных паміж БСССР і РСФСР пагадненьняў (іх падпісалі Ельцын і Дземянцей). Паказальная пазыцыя двух юрыстаў — генэральнага пракурора Тарнаўскага і намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Шаладонава:

«Трусаў: Беларусь падпісала з Расеяй адпаведныя юрыдычныя пагадненьні.

Тарнаўскі: Я ў падпісаньні ня ўдзельнічаў.

Шаладонаў: Не было абмену ратыфікацыйнымі граматамі!

Заблоцкі: Саромцеся! Павінна быць сумленьне!

Гаркун: Спакойна!

Дземянцей: Напэўна, не безь ягонай, Гарбачова, згоды гэта адбывалася. Янаеў (сказаў), у самым цяжкім становішчы ён цяпер.

Булахаў: Я — за абноўлены Саюз. Але парадак і дэмакратыя (павінны ўсталёўвацца) толькі мэтадамі, якія абапіраюцца на законы».

Дзьмітрый Булахаў быў не адзіным членам Прэзыдыюму ВС, хто ацаніў ГКЧП як антыканстытуцыйнае ўтварэньне: акрамя яго гэта зрабілі першы намесьнік старшыні ВС Станіслаў Шушкевіч старшыні камісій Генадзь Карпенка, Валер Курдзюкоў, Аляксандар Сасноў, Міхаіл Сьлямнёў і, канешне, фронтавец Пётра Садоўскі.

Сьлямнёў паспрабаваў выказаць стаўленьне да перавароту па радыё, але кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё яму адмовіла ў эфіры.

Члены Прэзыдыюму ВС БССР у Авальнай залі. Аляксандар Сасноў, Васіль Шаладонаў, Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Леўчык. 1991 г.

Затое на наступны дзень пасьля пасяджэньня Прэзыдыюму ВС, раніцай 20 жніўня, па Беларускім радыё прагучала інтэрвію намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Васіля Шаладонава, у якім ён сказаў, што верыць «тым людзям, якія заяўляюць, што прэзыдэнт хворы, і хацеў бы нагадаць адно, што сёньня дзейнічае Канстытуцыя Саюзу ССР. Мы не падпісалі новы саюзны Дагавор, а таму няма новай прававой базы. Застаўся дагавор 1922 году. Таму мы павінны выконваць усе законы, якія дзейнічаюць і прынятыя ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Саюзу ССР».

Пра Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі Шаладонаў нават і не ўзгадаў. Затое выказаўся пра нашае патрабаваньне неадкладна сабраць сэсію.

«Сёньня я прачытаў у „Народнай газэце“ заяву народных дэпутатаў склікаць нечарговую сэсію, — працягваў Шаладонаў. — Я ня бачу ў гэтым неабходнасьці. Калі Прэзыдыюм палічыць, што нейкае рашэньне патрабуе ацэнкі шырокага кола дэпутатаў, ён у любым выпадку зьбярэцца, і ня будзе Прэзыдыюм ніколі прымаць рашэньні, якія супярэчылі б разьвіцьцю дэмакратыі й стабілізацыі становішча ў цэлым па рэспубліцы».

Што да інтарэсаў дэмакратыі, дык Прэзыдыюм ВС БССР ніколі ня быў заўважаны ў сымпатыі да дэмакратычных сілаў і ўвогуле дэмакратычных працэсаў. І якраз заклікі да «стабільнасьці» былі традыцыйнай прапагандысцкай шырмай дзеля таго, каб спыніць усялякія дэмакратычныя перамены.

Шаладонаў таксама заклікаў «больш надаць увагі ўборцы ўраджаю» і выказаў спадзяваньне, што «будзем імкнуцца да навядзеньня правапарадку ў цэлым па краіне», гэта відаць, надасьць сілы і ўпэўненасьці ў рабоце праваахоўных органаў«.

Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету прыняў заяву, у якой было шмат пра «канстытуцыйнасць» і «спакой», але — ні слова з асуджэньнем путчу.

Потым члены Прэзыдыюму ВС БССР апраўдваліся, што ў Беларусі надзвычайнага становішча ня ўводзілася. Але насамрэч іх нежаданьне супрацьстаяць хунце, адсутнасьць асуджэньня ГКЧП і яго антыканстытуцыйнай дзейнасьці — азначала згоду з дзеяньнямі змоўшчыкаў, фактычную легітымізацыю іх намераў на тэрыторыі Беларусі.

Вось чаму мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, пасьля правалу путчу прапанавалі Вярхоўнаму Савету «асудзіць бязьдзейнасьць і безадказнасьць у справе абароны Канстытуцыі і сувэрэнітэту Беларускай ССР членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР Дземянцея М.І., Шаладонава В.І., Гаркуна У.Г., Гілевіча Н.С., Грыба М.І., Жуковіча Я.Б., Жукоўскага М.Д., Капытава М.Я., Каратчэні І.М., Козіка Л.П., Кулічкова А.М., Котава С.М., Леўчыка У.К., Міцько П.Я., Савіцкага Б.П., Смоляра І.М., Сівіцкага Д.А., Уручкі Р.І. у часе спробы дзяржаўнага перавароту 19-21 жніўня г.г. ... Лічыць немагчымым далейшае выкананьне імі абавязкаў членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР».

Садоўскі: «Мы разам гаворым путчыстам „Не!“

20 жніўня дэпутаты Апазыцыі БНФ прынялі зварот да народных дэпутатаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ведамстваў Беларускай ССР», у якім пазначылі, што «дзеяньні путчыстаў у СССР зьяўляюцца крымінальным злачынствам, а створаны імі самазваны „Камітэт па надзвычайным становішчы“ — антызаконным. Таму ніякія патрабаваньні і распараджэньні змоўшчыкаў з „Камітэту“ не павінны брацца пад увагу і тым больш выконвацца на тэрыторыі Беларусі. Выкананьне гэтых распараджэньняў можа расцэньвацца як спрыяньне дзяржаўным злачынцам. Заклікаем дэпутатаў усіх узроўняў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ведамстваў Беларускай ССР разам з усімі людзьмі добрай волі адстаяць сувэрэнітэт Рэспублікі, правы чалавека, законы і дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі».

Падпісалі — З. Пазьняк, В. Голубеў, У. Заблоцкі, С. Навумчык, У. Станкевіч, А. Трусаў, Б. Гюнтар, Л. Дзейка, Л. Баршчэўскі, Я. Цумараў, В. Зяленін, С. Папкоў.

Нас вельмі рашуча падтрымалі дэмакратычныя дэпутаты Менскага гарсавету, якія выступілі са зваротам да жыхароў сталіцы «захоўваць вернасьць законна абраным органам улады і дамагацца ўсімі канстытуцыйнымі мэтадамі спыненьня дзейнасьці Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы». Зварот падпісалі дэпутаты Менгарсавету Міхась Бусьнюк, Галіна Вашчанка, Андрэй Завадзкі, Рыгор Куневіч, Міхась Расолька, Міхась Кобаса, Міхась Пліска, Валер Несьцер, Алесь Бяляцкі — усяго 29 дэпутатаў; свой подпіс паставіў і народны дэпутат СССР Аляксандар Дабравольскі.

У Пінску гарсавет быў падзелены на дзьве дэпутацкія групы. Тая, куды уваходзіла пераважная большасьць кіраўнікоў прадпрыемстваў, мела назоў «За грамадзянскую згоду» — камуністы любілі слова «згода», і ў дадзеным выпадку пазыцыя гэтай групы цалкам адпавядала назову; згода з путчыстамі. Але была і група, якая складалася з актывістаў БНФ і прыхільнікаў дэмакратычных рэформ. Менавіта яны 19 жніўня сабралі патрэбную колькасьць подпісаў і прымусілі старшыню гарсавету склікаць сэсію, якая сабралася на наступны дзень, 20 жніўня. Адбылося гэта шмат у чым дзякуючы дырэктару Пінскай дзіцячай школы выяўленчага мастацтва, «фронтаўцу» Яўгену Шатохіну. На сэсіі першы сакратар райкаму партыі заклікаў «не сьпяшацца з высновамі», але для дэмакратаў высновы былі зразумелыя. Яны пераконвалі асудзіць путчыстаў, і ў выніку ім удалося сабраць належную для прыняцьця адпаведнай заявы колькасьць прыхільнікаў. «Разам з вамі я падпісаў сабе прысуд» — сказаў тады старшыня гарсавету.

Па факсе зь Віцебску я атрымаў зварот, падпісаны дырэктарам заводу заточных станкоў Кісялёвым і старшынём прафкаму Белагузавым, дзе ГКЧП называлася «злачыннай хунтай», а дэпутатаў заклікалі «даказаць сваю адданасьць народным інтарэсам».

Гэты настрой супраціву выявіўся увечары 20 жніўня на плошчы перад Домам ураду, дзе адбыўся мітынг, і дзе, акрамя іншага, было абвешчана пра стварэньне БЗВ — Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

Мітынг БНФ супраць ГКЧП, жнівень 1991


Захаваліся ўнікальныя кінакадры — у тыя дні Алесь Лукашук і Юры Гарулёў здымалі фільм пра дэпутатаў Вярхоўнага Савету, і апэратар быў у памяшканьні апазыцыі. Ён і засьняў, як дэпутаты БНФ выйшлі на плошчу (на відэа зафіксаваны таксама моманты працы над дакумэнтамі да сэсіі Вярхоўнага Савету, якая абвясьціла Незалежнасьць — гэта адзіныя і ўнікальныя здымкі, больш у памяшканьні Апазыцыі БНФ у тыя жнівеньскія дні ніхто, здаецца, не здымаў).

У мяне захаваліся фрагмэнты стэнаграмы мітынгу 20 ліпеня на плошчы Леніна.

Пётра Садоўскі: «КГБ баяліся, што зьявіліся ўлёткі і людзі прыйдуць на плошчу на сустрэчу са сваімі дэпутатамі і выкажуцца, што яны думаюць супраць гэтых путчыстаў. А мы разам гаворым путчыстам „Не!“ (галасы на плошчы „Не! Не!“)... Я хачу сказаць, што дэпутацкая Апазыцыя ў Вярхоўным Савеце выступіла з ініцыятывай аб скліканьні нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі, дзе мы маглі б даць ацэнку і тым падзеям, якія адбыліся ў імпэрскім цэнтры, у спробе захопу ўлады, каб мы маглі даць ацэнку тым нашым кіраўнікам Беларусі, якія яшчэ ў нядзелю лісьліва даказвалі нам, што трэба ехаць у Маскву падпісваць з Гарбачовым саюзны дагавор, і празь некалькі гадзін яны ўжо адмовіліся і пачалі служыць новым панам (сьвіст з натоўпу, воклічы „Далой! Далой!“). Людзі! Зараз галоўнае — арганізаваць еднасьць, згуртаваньне, змаганьне за канстытуцыйныя правы, за захаваньне ўсіх законаў, па якіх мы жывём, і галоўнае — пабудову нашай незалежнай беларускай дзяржавы».

Алег Трусаў на мітынгу супраць путчу, жнівень 1991 г

Алег Трусаў: «Я хачу вам у двух словах сказаць, што ня толькі зараз мянчане абмяркоўваюць гэтую сытуацыю, якая здарылася зараз у краіне, але і дэмакратычныя дэпутаты розных узроўняў у такіх гарадах — Маладэчна, Пінск, Наваполацак, Магілёў, Гомель і шмат іншых гарадоў (Аплядысмэнты). Сярод нас прысутнічаюць таксама прадстаўнікі Смалявіч, Бабруйску і іншых гарадоў, якія прыехалі спэцыяльна на нашу плошчу (Аплядысмэнты).Таксама зараз гэтае пытаньне абмяркоўваюць шахцёры Салігорску. Такім чынам, мы бачым, што ўсё дэмакратычнае насельніцтва Беларусі разумее, чым можа скончыцца той путч, які хацелі распачаць. Гэта паварот да 37-га году, гэта ізноў ГУЛаг. Гэта зноў зганьбаваньне ўсіх нацыянальных сьвятынь, зноў зганьбаваньне нашай занядбанай спадчыны. І таму мне здаецца, што ў наш такі складаны час трэба не забываць, што мы беларусы, што зараз, калі пачынаецца новы навучальны год, трэба аддаваць сваіх дзяцей менавіта ў беларускамоўныя клясы, трэба ствараць разьвіцьцё беларускамоўнай культуры. Бо толькі нацыя, якая валодае мовай і гісторыяй культуры, можа быць незалежнай нацыяй. Жыве Беларусь! („Жыве“», аплядысмэнты).

Вядоўца: Шаноўныя сябры! Слова для інфармацыі мае падпалкоўнік Статкевіч.

Мікола Статкевіч абвяшчае аб утварэньні БЗВ, 20 жніўня 1991 г.

Мікола Статкевіч: «Заява беларускага Згуртаваньня вайскоўцаў. 20 жніўня ў горадзе Менску групай афіцэраў створанае Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў. Мы... (аплядысмэнты, «Ура!»). Мы, афіцэры, увайшоўшыя ў Згуртаваньне, зьвяртаемся да беларускага народу, да Вярхоўнага Савету рэспублікі, і заяўляем наступнае. Спроба дзяржаўнага перавароту, пачатая ў ноч на 19 жніўня ў Маскве паказала, што асобай гарантыяй незваротнасьці дэмакратычных зьмен і сувэрэнітэту рэспублікі могуць стаць толькі дэпартызаваныя нацыянальныя вайсковыя злучэньні. У сувязі з гэтым мы выступаем супраць антыканстытуцыйнага перавароту і будзем канстытуцыйным крокам змагацца за стварэньне беларускага войска («Ура!», аплядысмэнты). Цяпер яшчэ адзін дакумэнт, мы зьвярнуліся да вайскоўцаў Беларускай вайсковай акругі. (далей гаворыць па-расейску) «Памятаеце, вы давалі прысягу на службу Радзіме, на абарону яе свабод, вы не давалі прысягу абараняць намэнклятуру КПСС ад гневу народа (Аплядысмэнты). Вы не маеце юрыдычнага права выконваць загады, якія зыходзяць ад неканстытуцыйнага органа, далёка да ўлады прэзыдэнта СССР — галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі. Мы заклікам войска не прымаць удзел у рэвалюцыйным перавароце. Сёння вы маўчыце, заўтра вам аддадуць загад страляць у свой народ, у вашых бацькоў, маці, братоў, сясцёр. Выбар трэба сдедать сёньня. Заўтра можа быць позна. Заўтра можа пачацца грамадзянская вайна. Беларускае Згуртаваньне вайскоўцаў».

Сяргей Навумчык на мітынгу супраць ГКЧП

Сяргей Навумчык: «Я прыгадваю, як некалькі месяцаў таму, у лютым, давялося сядзець за некалькі мэтраў на сустрэчы з Гарбачовым, у Акадэміі навук, як Міхаіл Сяргеевіч лаяў і абражаў дэмакратаў, а ў двух мэтрах за ім сядзелі задаволеныя, усьміхаючыся, малафеевы, камаі, кастэнкі, дземянцеі. І вось сёньня, калі ён аказаўся блякаваны путчыстамі, ніхто з гэтых людзей ня стаў у абарону, а «так называемыя дэмакраты» — сталі. Тая пазыцыя, якую займаў Гарбачоў, лягічна прывяла да гэтых падзей. І гэта паказвае ўсю беспэрспэктыўнасьць так званага цэнтрызму, і вытрымкі так званай памяркоўнасьці, якую, на жаль, спавядаюць многія ў нашым Вярхоўным Савеце... Сёньня раніцай... была забаронена газэта «Знамя юности». Яна ня выйшла толькі таму, што асьмелілася ў вельмі сьціплых выразах сказаць пра ўчорашні дзяржаўны пераварот. І ня выйшла таму, што паступіў адпаведны загад, ну, канешне, адтуль, зь вядомага нам будынку на Кастрычніцкай плошчы, з будынку Цэнтральнага камітэту кампартыі бальшавікоў (галасы «Далой!», сьвіст)... Я заклікаю блякаваць, не выпісваць ні «Правду», ні «Советскую Россию», ні "Советскую Белоруссию«ні «Звязду», калі яны будуць несьці тую лухту, якую нясуць зараз. Ніводнай працоўнай капейкі дзеля бальшавіцкай лухты! Жыве Беларусь" (Галасы «Жыве»«, аплядысмэнты).

Анямелая «Звязда» і рашучая «Свабода»

У той дзень, 20 жніўня, сапраўды ня выйшла «Знамя юности», і з гэтай прычыны на пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету я заявіў пратэст Генэральнаму пракурору Тарнаўскаму.

Нашую прынятую раніцай 19 жніўня заяву з заклікам не выконваць распараджэньні ГКЧП, на другі дзень, 20-га жніўня, яна не апублікавала ніводная афіцыйная газэта. У тым ліку — і парлямэнцкая «Народная газэта» ( У тыя дні рэдактара Іосіфа Сярэдзіча не было ў Менску. Праўда, «Народная газэта» зьмясьціла артыкул Паўла Якубовіча, дзе былі пастаўленыя пад сумнеў дзеяньні ГКЧП) .

Газэта «Звязда» 20 жніўня на першай паласе, побач з загалоўкам надрукавала: «Краіна ў шоку. І мы анямелі...» Разумей, як хочаш — ад радасьці анямелі ці ад роспачы?

«Звязда» (орган ЦК КПБ, Вярхоўнага Савету і Савету Міністраў Беларускай ССР праз тры дні, калі путч праваліўся, надрукуе рэпліку ў мой адрас (на першай паласе!), дзе выкажа незадаволенасьць, што «народны дэпутат БССР былы журналіст С. Навумык» прайшоўся па адрасу «Звязды»: маўляў, іх журналістам не хапіла мужнасьці і грамадзянскай сьмеласьці...«. У рэпліцы — спасылка на заяву «Выбар», зьмешчаную у той жа «Звяздзе» 21 жніўня, дзе, сапраўды, частка журналістаў не пагадзілася прыняць ГКЧП як канстытуцыйны ворган — і такая заява, безумоўна, вымагала ад журналістаў зрабіць выбар.

Але ж прафэсійны абавязак журналіста — даваць чытачу аб’ектыўную інфармацыю, твая асабістая пазыцыя чытача цікавіць у апошнюю чаргу.

«Звязда» і 20, і 21 жніўня на першай паласе друкавала распараджэньні ГКЧП — і ні радка не дала пра заклікі не падтрымліваць хунту. Хаця былі заявы і дэпутатаў Апазыцыі БНФ, і нават некаторых членаў Прэзыдыюму ВС (рэдакцыя магла б «прыкрыцца» Законам аб статусе дэпутата, паводле якога прэса абавязаная была даваць дэпутатам слова).

Нарэшце, на наступны дзень пасьля правалу путчу, 22 жніўня, добрую палову першай паласы «Звязды» занялі «Пастанова нумар 3» ГКЧП, а таксама паведамленьне камэнданта г. Масквы і загад камэнданта г. Масквы («на пэрыяд дзеяньня надзвычайнага становішча забараніць правядзеньне забастовак, сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў і дэманстрацый. Відовішчныя і іншыя масавыя мерапрыемствы праводзіць з дазволу камэндантаў раёнаў па тэрытарыяльнасьці» — ужо нават не сакратары райкамаў вырашалі, а палкоўнікі! Падрабязна расьпісаны падзел тэрыторыі Масквы па раёнах; толькі навошта пра гэта так пільна ведаць чытачам у Беларусі?).

А ўнізе першай паласы нібыта апраўдаліся: «Матэрыялы гэтага нумару былі падрыхтаваныя да таго, як наступіла разьвязка: замыслы экстрэмістаў праваліліся, антыканстытуцыйны пераварот ня ўдаўся. Каб не зрываць выхад газэты, а магчыма, і дзеля гісторыі, мы пакідаем усё як ёсьць».

Заявы Апазыцыі БНФ з асуджэньнем ГКЧП — «для гісторыі» — «Звязда» не зьмясьціла.

І ўсё ж у дні путчу мы ўбачылі сваю заяву надрукаванай — у газэце «Свабода», якую рэдагаваў Ігар Гермянчук. Нумар быў падрыхтаваны (яшчэ да путчу), але Віктар Корзун, які вёз нумар, калі ўжо даехаў да друкарні, пачуўшы ў аўтобусе пра путч, зьвязаўся па тэлефоне з рэдакцыяй і вярнуўся ў Менск, Сяргей Харэўскі намаляваў карыкатуру, Ігар Гермянчук скарыстаў запіс нашай гутаркі з Дземянцеем, Сяргей Шупа вычытаў карэктуру — і першая паласа выйшла пад заклікам «Ніякай падтрымцы хунце!».

Магчыма, хлопцы ў «Свабодзе» таксама былі ў шоку — але тое, што яны рабілі, ніяк не назавеш «аняменьнем»...

Не анямелі і журналісты ў некаторых афіцыйных рэгіянальных выданьнях.

Рэдактар пінскай газэты (органу гаркаму КПБ!) Пётра Сыцін 19 жніўня даручыў журналістам сабраць меркаваньні дэпутатаў гарсавету — і ў друкарню пайшоў нумар са зваротам да жыхароў Піску і Пінскага раёну з асуджэньнем хунты. «Я і мае калегі не былі ўпэўненыя, што нумар дойдзе да чытача, меркавалі, што КДБ ўвесь наклад можа канфіскаваць яшчэ на выхадзе з друкарні, а таму аддрукавалі для рэдакцыі дадаткова 100 асобнікаў і тут жа забралі. Да нашага зьдзіўленьня, на наступную раніцу газэта паступіла ў кіёскі „Саюздруку“, свае асобнікі своечасова атрымалі падпісчыкі.» — прыгадваў ён пазьней. У той жа дзень, 20 жніўня,Пётра Сыцін аднёс у гаркам заяву аб выхадзе з КПСС.

... Позна ўвечары 20 жніўня, фактычна ўжо ўначы, мы з жонкай прыехалі да Лукашукоў. Хацелася проста пабыць у кампаніі, крыху адключыцца — але, натуральна, не атрымалася. Дый наўрад ці ў тыя дні я мог апынуцца ў нейкай кампаніі, дзе б не размаўлялі пра палітыку і не прагназавалі, якія зьмены чакаюць наперадзе. Мне налілі грамаў сто гарэлкі — каб зьняць стрэс. У Лукашукоў была іВераніка Чаркасава, і , здаецца, яе муж Дзьмітры Філімонаў — яны жылі па суседзтве. Дэталі той начной размовы ўжо не прыгадаю, але памятаю вельмі зьедлівыя характарыстыкі, якая давала Вераніка путчыстам. Праз гады, у эміграцыі, мы былі ўзрушаныя паведамленьнем пра забойства Веранікі, якая тады працавала ў «Салідарнасьці».

Ужо глыбокай ноччу мы выйшлі ад Лукашукоў, разьвіталіся зь Веранікай і калі дабраліся дадому, уключылі «Свабоду». У Маскве пралілася кроў — пад вайсковай тэхнікай загінулі тры чалавекі.

Супраціў у Менску і вырашальная ноч у Маскве

Праз усяго некалькі гадоў пасьля путчу будзе стварацца міт, што ў Беларусі людзі моўчкі пагадзіліся з маскоўскім пераваротам, што не было ніякага супраціву, ніякіх масавых акцыяў. Пры Лукашэнку падзеі жніўня 91-га будуць замоўчвацца, найперш — з-за імкненьня паказаць беларусаў абыякавымі, няздольнымі на рашучыя дзеяньні. Мяркую, не апошнюю ролю адыграе і палітыка скажэньня інфармацыі пра Беларускі Народны Фронт і яо лідэраў.

З папярэдніх старонак гэтай кнігі чытач мог пераканацца, што нязгода з утварэньнем і праграмай ГКЧП (прычым — рашучая нязгода, з кваліфікацыяй дзеяньняў змоўшчыкаў як дзяржаўнага злачынства) была выказаная намі, дэпутатамі Апазыцыі БНФ ужо ў першыя гадзіны пасьля абвяшчэньня пра ГКЧП. І адразу быў арганізаваны супраціў, які выявіўся на самых розных узроўнях. Гэта і наш ціск на кіраўніцтва Беларусі (жорсткая гутарка ў Дземянцеям, удзел у пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету з патрабаваньнем асудзіць путчыстаў, зварот Пазьняка да сілавых міністраў і генпракурора з патрабаваньнем не выконваць загады змоўшчыкаў), і арганізацыя супраціву як менскімі, гэтак і рэгіянальнымі структурамі БНФ (мітынгі, улёткі і гэтак далей).

Барыс Ельцын перад абаронцамі «Белага дому», 19 жніўня 1991

Я параўнаў ступень арганізаванага БНФ супраціву у Беларусі з тым, што было ў тыя дні ў іншых рэспубліках былога СССР. Калі не лічыць рэспублікі Прыбалтыкі і Грузію, дзе супраць перавароту адразу і рашуча выступіла вышэйшае кіраўніцтва (але там лідэры народных рухаў былі ва ўладзе), дык хіба толькі дзеяньні нацыянальна-дэмакратычных сілаў ва Украіне можна параўнаць з тым, што было ў нас. У ў большасьці рэспублікаў, сапраўды, было ціха.

Безумоўна, лёс ГКЧП вырашаўся ў Маскве. Так, у Менску на вуліцы выйшла колькасна меней людзей, чым у Маскве, у першы дзень перад Домам ураду сабралася, як я ўжо казаў, некалькі сотняў (можа быць, дзьвесьце) чалавек.

Абарона «Белага дому» у Маскве. 19 жніўня 1991

Але вось сьведчаньне Барыса Мінаева, аўтара палітычнай біяграфіі Ельцына, пра першую ноч путчу ў Маскве: «Да начы (першай начы) колькасьць тых, хто сабраўся каля Белага дому, некалькі паменшыла, паводле майго сябра, ... які знаходзіўся ў гэты час у „Белым доме“ і званіў мне па тэлефоне: „Тут усяго некалькі сотняў чалавек, ну максымум тысяча“ — гэтак бачылася яму сытуацыя з вакна будынка » (Барыс Мінаеў, «Ельцин», «Молодая Гвардия», Москва, 2010, стар. 303).

Калі параўнаць колькасьць жыхароў у той час у Маскве і Менску (9 мільёнаў і 1,5 мільёны адпаведна, пры гэтым ня будзем улічваць падмаскоўныя «гарады-спадарожнікі»), дык у прапорцыі атрымліваеца аднолькава. Калі ж улічваць і прыгарады (да цэнтру Масквы ў той час на электрычцы можна было дабрацца за гадзіну, на аўтамабілі — за паўгадзіны) — дык Менск у гэтым сэнсе выглядае і лепей.

Але канешне — тыя, хто тады сабраўся вакол Белага дому, у якім знаходзіўся Ельцын, адыгралі выключную ролю. Менавіта дзякуючы ім змоўшчыкам не ўдалося ажыцьцявіць свае пляны. І тут будзе дарэчы працытаваць урыўкі з кнігі тагачаснага генэральнага пракурора Расеі Сьцепанкова і журналіста Яўгена Лісава «Кремлёвский заговор. Версия следствия» (Масква," Огонёк«, 1992), дзе адноўленая храналёгія падзеяў ночы з 20 на 21 жніўня.

20 жніўня група КГБ «А» (больш вядомая як «Альфа») атрымала ад путчыстаў заданьне нейтралізаваць Ельцына:

«Паводле ўдакладненага пляну дзеяньняў група „Б“ (асобны навучальны цэнтр КДБ) павінна была» апрацаваць "1-й і 2-й паверхі сакрэтнай зброяй велізарнай разбуральнай сілы, — сьведчыць начальнік аддзяленьня групы "А«Леанід Гумянны. — Пасьля такой «апрацоўкі» абодва паверхі перасталі б існаваць. А задача арыштаваць Ельцына, якую паставіў Карпухин (камандзір «Альфы» — С.Н.) , была нерэальнай па той прычыне, што пасьля «зачысткі», зробленай намі, усё, у тым ліку і прэзыдэнт Расіі, былі б зьнішчаны ... «

Аднак да Белага дому «Альфе» трэба было яшчэ дабрацца. А зрабіць гэта аказалася вельмі праблематычна, бо —

«Днём, распрацоўваючы апэрацыю, ніхто ня думаў, што на абарону Белага дома прыйдзе столькі людзей. Па розных крыніцах, да вечара на плошчы перад будынкам Вярхоўнага Савету Расеі ў абароне стаяла ад 50 да 100 тысяч чалавек »

І таму прайсьці да Белага дому можна было толькі праз калідор, пераўтварыўшы жывых людзей у трупы. У гіганцкую колькасьць трупаў.

«... Узяліся не за рукі, а пад рукі, і вельмі моцна, — прыгадвае тую ноч маскоўская пісьменьніца Марыета Чудакова. — І ўсю ноч — прыблізна да чатырох-паловы пятай раніцы — кожныя паўгадзіны з балькону Белага дому нам абвяшчалі, што, па інфармацыі чарговага лазутчыка з шэрагаў КГБ, штурм можа пачацца ў бліжэйшыя 30-40 хвілінаў. І зноў і зноў прасілі адцянуцца ад будынку і папярэджвалі, што пры з’яўленьні любой групы мужчынаў з вокнаў Дому будзе распачаты агонь без папярэджаньня. Мы стаялі шэрагамі, моцна трымаючыся пад рукі. Напружанасьць не сьціхала да сьвітанку. Незвычайна для маскоўскага жніўня халодна. Гэткім жа незвычайным было тое, што дробненькі дождж сеяўся ўжо другія суткі, не спыняючыся ні на хвіліну...» (Марыета Чудакова, «Егор», Масква, «Время», стар 364)

«Каб зьнішчыць абаронцаў Белага дома, трэба было ўладкаваць неверагодную крывавую бойню, перад якой патухлі бы жахі плошчы Тэньанмень, — пішуць Сьцепанкоў і Лісаў. — У гэтых умовах штурм, нягледзячы на велізарную перавагу, абярнуўся б значнымі стратамі і для атакуючага боку. Паводле ацэнкі начальніка аддзяленьня Леаніда Гумяннога, які ўдзельнічаў у рэкагнасцыроўцы, падчас штурму група „А“ страціла б 50 адсоткаў асабістага складу. Кожны другі б загінуў ... ».

Такім чынам — менавіта людзі, што сабраліся вакол Белага дому (сярод іх, між іншым, былі і жыхары Беларусі) не дазволілі захапіць кіраўніцтва Расеі, што, у выніку, уключна з іншымі фактарамі, прывяло да паразы ГКЧП.

Дземянцей і мыла

21 жніўня стаў апошнім днём путчу.

Пазьней Мікалай Дземянцей будзе казаць і нават напіша ў сваіх мэмуарах, што перад пачаткам сэсіі (насамрэч — у дзень правалу путчу, 21 жніўня, у 16 гадзін) да яго «ў працоўны кабінэт зайшла група дэпутатаў ад апазыцыі на чале з З. Пазьняком і С. Навумчыкам. Двое апошніх папярэдзілі мяне, каб я не выступаў за захаваньне Саюзу ССР, інакш можа здарыцца непрадбачанае. Я пажартаваў: „Павесіце на вяроўцы бяз мыла?“. Яны зьбянтэжыліся і, сказаўшы нешта няўцямнае, сышлі...».

Гэтак піша ў мэмуарах Дземянцей — відавочна, па памяці. Я ж занатоўваў тую гутарку у кабінэце Дзямянея, як пазьней будзе прынята казаць, «у рэжыме рэальнага часу».

Запіс сустрэчы дэпутатаў Апазыцыі БНФ з М. Дземянцеем, 21 жніўня 1991. З архіву С. Навумчыка


Вось як было на самой справе.

Нас было чацьвёра: акрамя Пазьняка і мяне былі яшчэ Валянцін Голубеў і Юрась Беленькі. Пра «саюзны дагавор» у запісах няма, але зусім магчыма, што фразу такую я проста не пасьпеў запісаць, ну а «непрадбачанае» тычылася б, канешне, ня лёсу Дземянцея, а лёсу Беларусі, якая ўцягвалася імпэрскімі гульнямі ў небясьпечныя працэсы. Канешне, у нашых словах ніякіх пагрозаў фізычнай расправы не было, як не было і зьбянтэжанасьці і няўцямнасьці: Пазьняк у канцы зрабіў Дземянцею абсалютна канкрэтную прапанову.

«Дземянцей: Добры дзень!

Пазьняк: Добры. Шаноўны Мікалай Іванавіч, мы да Вас ужо ня першы раз заходзім, і мы зварот ад дэпутатаў Апазыцыі Вам абавязаны ўручыць. Вось, калі ласка, прачытайце...

Дземянцей: Вы прысаджвайцеся.

Пазьняк: Ня трэба.

Голубеў: Ведаеце, якія зьвесткі ідуць па цэнтральнаму радыё? Ведаеце?

Дземянцей: Не...

(Тут я не запісаў — якраз у гэтым месцы Дземянцей зьвярнуўся да мяне са словамі кшталту — „Ну што, будзеце цяпер вешаць мяне? А вяроўка будзе з мылам ці бяз мыла?“).

Навумчык: Мы ніколі не заклікалі да пятлі...

Дземяцей: Ну, добра... З мылам, бяз мыла...

Навумчык: Ніколі не заклікалі да пятлі.

Дземянцей: Ну я з вамі таксама вельмі ветліва, ветліва...

Пазьняк: Мікалай Іванавіч, калі Вам хочацца пагаварыць, то ў 18 гадзін мы можам пагаварыць тут, на плошчы. Калі ласка, мы Вас запрашаем...

Дземянцей: Дзякуй...»

«Калі добрыя камуністы аб'ядноўваюцца — ператвараюцца ў банду»


Натуральна, на мітынг Дземянцей не прыйшоў. Патрабаваньне ягонай адстаўкі гучала як адно з галоўных у словах выступоўцаў.

Валянцін Голубеў: «Спадара Дземянцея дэпутаты Апазыцыі папярэджвалі некалькі разоў, што ён не павінен падтрымліваць путчыстаў, што ён павінен выказаць пратэст супраць таго, што робіцца, а калі ён баіцца, хай скліча сэсію Вярхоўнага Савету. Дэпутаты скажуць усё, а калі ня ўсё, то скажа Апазыцыя. Я хачу сказаць, што мы выступалі за адстаўку гэтага Прэзыдыюму, мы выступалі за роспуск гэтага Вярхоўнага Савету і запраз, ці будзе чарговая сэсія, ці нечарговая, будзем выступаць за адстаўку ў першую чаргу Дземянцея. Верыць такому чалавеку я не магу, і думаю, што вы ня можаце. Людзі! Добра, што мы ўсе разумеем, што наша будучыня — у Незалежнасьці, калі мы станем усе вольнымі, калі мы станем поўнасьцю незалежнымі, то выберам таго, хто нам трэба, тых людзей, у каго мы верым, і толькі будзем спачуваць тым краінам і рэспублікам, калі ў іх камуністы змогуць што-небудзь зрабіць. А ў нас гэтага не павінна быць. Жыве Беларусь»

Стэнаграма таго мітынгу 21 жніўня перадае эмацыйны настрой прамоўцаў, але эмоцыі не перашкодзілі выступоўцам ужо тады зрабіць дакладны аналіз і на дзіва трапны прагноз.

Пётра Садоўскі, ззаду — Лявонцій Зданевіч. 1991

Пётра Садоўскі: «Дарагія людзі, калі вы чытаеце справаздачу, калі хто бывае на плошчы, калі вы чытаеце справаздачу калі, пішуць так, значыць маецца на ўвазе „натоўп“, але некаторыя журналісты пішуць „на плошчы людзі“ — дзякуй, што вы хоць людзі. Прабачце. (Прамоўцу цяжка гаварыць, бо душаць сьлёзы). ... Прабачце, мужчыны. Яй-Богу, нешта са мной здарылася... А я б хацеў праінфармаваць вас яшчэ раз, што ў нас адбыўся пэўны зрух, у гэты цяжкі час пазнаюцца людзі і ў Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету таксама адбыўся пэўны зрух...У нас сем членаў Прэзыдыюму, у тым ліку па алфавіце: Булахаў, Карпенка, Курдзюкоў, Садоўскі, Сьлямнёў, Сасноў і Шушкевіч падпісалі заяву, паводле якой... даюць прававую ацэнку таго, што адбылося, і лічаць неабходным сабраць Вярхоўны Савет неадкладна, каб усе дэпутаты паказалі свой твар, сваю думку..»

Сяргей Папкоў, жнівень 1991 г.

Сяргей Папкоў: «Настаў час, калі усе прадпрыемствы сапраўды павінны стаць уласнасьцю нашай Беларусі, нашай незалежнай Беларусі, і гэта будзе наш уклад у стварэньне незалежнай інтэлектуальнай Беларусі. У нас хапае інтэлекту жыць самім не па ўказцы нейкіх там «цэнтраў» і так далей, не пад началам ніякіх хунтаў. Я заклікаю вас, я таксама буду працаваць у гэтым накірунку. Каб наша Беларусь, маючы такі магутны інтэлект, усё ж такі стала свабоднай дзяржавай. Жыве незалежная Беларусь!

Сяргей Антончык на мітынгу супраць путчу, жнівень 1991

Сяргей Антончык: "Мы можам назваць нашую перамогу толькі тады, калі Беларусь будзе вольная ад камунізму. Таму што гісторыя паказвае, што дэмакратыя і камунізм несумяшчальныя. Паталягічнай нянавісьці няма да камуністаў, таму што сярод іх, асабліва сярод шараговых камуністаў, ёсьць шмат нядрэнных людзей. Але раптам гэтыя нядрэнныя людзі аб’ядноўвюцца ў адну арганізацыю, і ператвараюцца ў самую сапраўдную банду. Небясьпечней за КПСС для нас цяпер няма, няма і няма. КПСС, менавіта КПСС. Калі мы ня зможам скарыстаць сёньняшнюю іхнюю разгубленасьць, калі не дакажам ім, у рэшце рэшт, зразумеем усе, што не адхіліўшы КПСС, мы ня прыйдзем да свабоды. Калі сёньня мы будзем заклікаць да таварыша Гарбачова як да пакутніка, я думаю, што мы далёка ня дойдзем у сваёй барацьбе за дэмакратыю. Мы не абараняем Гарбачова, мы абараняем сваё права, сваю свабоду. Дзякуй за ўвагу. Менскі страйкам будзе дзейнічаць і далей«.

Барыс Гюнтэр, жнівень 1991

Выступае дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Барыс Гюнтэр: «Вы цудоўна разумееце, што путч, які адбыўся ў Маскве, нарадзіўся ў ЦК КПСС. Гэта самае галоўнае. Вы цудоўна ведаеце, Саюз, бальшавіцкі рэжым замешаны на крыві, пачынаючы з 1917 году».

Вера Церлюкевіч на мітынгу, жнівень 1991 г.

Рабочая трактарнага заводу Вера Церлюкевіч: (пераклад з расейскай): «Дарагія мае землякі-беларусы. Мне вельмі шкада, што я не магу размаўляць на сваёй роднай мове. Я выхоўвалася на Каўказе, так склаліся мае абставіны жабрацкага майго жыцьця. Таму я не навучылася размаўляць па-беларуску. У свае 50 гадоў прыкладу ўсе намаганьні і хоць перад сьмерцю. Але навучуся. Мілая мая Беларусь. Я вельмі радая, што такое здарылася, што самазванцы пацярпелі крах. Як яны прыйшлі да гэтай улады з ганьбай, гэтак яны з ганьбай і праваліліся. Я два дні, шчыра вам скажу, не спала. Я старшыня страйкавага камітэту трактарнага заводу. І я вельмі ўдзячная страйкамаўцам гораду Менску. Гэта людзі моцныя духам, яны верылі ў перамогу нашага народу, нашага страйкаму... У мяне вялікі калектыў, 1200 чалавек, абраў страйкам. Я ганарылася гэтым, я сёньня таксама клеіла ўлёткі на будынку КГБ, я ні пра што ня думала (Аплядысмэнты). Але калі КГБісты падышлі і пачалі пераконваць, я сказала: «Вы таксама хунта! Паколькі спрыяеце і падтрымліваеце».

Зянон Пазьняк на мітынгу супраць путчу, 1991 г.

Зянон Пазьняк: «Паважаная грамада! Яшчэ ідуць працэсы, дзеля якіх мы тут сабраліся. А ўжо можна рабіць высновы, я пастараюся зрабіць некалькі зь іх, таму што Народны Фронт і дэмакратычныя лідэры гаварылі пастаянна, з 88-га году, вы памятаеце, — што пакуль будзе камуністычны рэжым у Беларусі, ня будзе ніякай дэмакратыі, ніякіх рэформаў, і ніякай свабоды. Слухалі, кожны думаў па-свойму. І вось гісторыя пацьвярджае правільнасьць гэтых слоў Другое, што гаварылася пастаянна і над чым мы пастаянна думалі. Пакуль мы ня будзем свабоднымі, пакуль ня будзем мець Незалежнасьць і сувэрэнітэт — ня будзем мець ні рэформы, ні паляпшэньня жыцьця, ні разьвіцьця культуры — нічога. Таму што гэты путч — растаптаньне. Яны імкнуліся растаптаць наш гонар, нашае ўсьведамленьне Незалежнасьці. Яны не лічыліся з намі, мы ня маем нічога — ні законаў неабходных канстытуцыйных, бо Дэклярацыя — гэта толькі дэклярацыя. Мы ня маем нашага войска, мы для іх ніхто, мы для іх — гразь. Яны так з намі і хацелі паступіць. Мы павінны рабіць з гэтага высновы. Трэцяя выснова, якую мы можам зрабіць. Некалі Вальтэр казаў, што мне не падабаецца, што вы гаворыце, але я гатовы аддаць жыцьцё за тое, каб вы мелі права гэта гаварыць. Гэта прынцып дэмакратыі, прынцып свабоды чалавечай, павагі. Паважаць чалавека — гэта значыць прымаць чалавека такім, як ён ёсьць. Мы не падтрымліваем палітыку Гарбачова, мы ведаем, як яна правалілася. Яго палітыку з Чарнобылем, яго праімпэрскую палітыку з Савецкім Саюзам. Усё гэта мы крытыкавалі і паказвалі, але калі да ўлады вырашыла прыйсьці крывавая хунта бандыцкімі мэтадамі, то справа ўжо не ў палітыцы Гарбачова, а справа ў легітымнасьці яго ўлады. Справа ў дэмакратычных прынцыпах, дзеля якіх мы змагаемся і жывём. Можа стацца так, што хунта, напэўна, пацерпіць паражэньне. Я памыліўся, я казаў, што пратрымаюцца максымум тыдзень, але пратрымаюцца яны менш. Дык вось на гэтай хвалі, калі былі ўжо чалавечыя ахвяры, і калі столькі разоў было напружаньне, можа здарыцца так, што саюзны дагавор, які нам пятля на шыю, будзе прыняты «на ўра»... Я хацеў бы засьцерагчы нас усіх. Таму што мы павінны памятаць, што гарбачоўская — гэта адна група, а гэта, якая прыйшла і хацела прыйсьці — гэта другая група, яны аднаго кораня, толькі адны бандыты крымінальныя, а другая, як кажуць, мафія партыйная... Я хачу з вамі падзяліцца сваёй інтуіцыяй. Яна мяне не пакідае ўсе гэтыя тры дні і чаму хачу падзяліцца, таму што многія мае калегі выказваюць тое, што думаю я. Шаноўныя людзі, мяне не пакідае адчуваньне нейкай д’ябальскай змовы. Вось і сёньня што адбываецца... Нешта тут нячыста, нешта было прадугледжана. А вы будзьце асьцярожнымі, хунта пойдзе, яны будуць асуджаныя, але будзем асьцярожныя, каб тыя, хто вялі нас у пятлю, сьмерць ад Чарнобылю, вялі нас у пятлю гэтага каляніяльнага дагавору, каб яны пад нашае «Ура!», каб яны не завялі ў тупік... »

Гэтыя інтуітыўныя меркаваньні Пазьняка наконт «д’ябальскай змовы» потым, праз гады, неаднойчы пацьвярджаліся ў выказваньнях некаторых членаў ГКЧП, што Гарбачоў нібыта ведаў загадзя пра ўвядзеньне надзвычайнага становішча і нават даў «дабро» змоўшчыкам — але потым адмовіўся ад падтрымкі путчу. На карысьць такой вэрсіі прыводзяць і словы самога Гарбачова на прэсавай канфэрэнцыі у першыя ж дні пасьля путчу — «Усёй праўды я вам усё роўна не скажу». Як там было на самой справе (мне ўсё ж падаецца, што Гарбачоў ня меў дачыненьня да арганізацыі перавароту) — пэўна, застанецца адной з таямніцаў ХХ стагодзьдзя.

Але тое ўжо — частка расейскай гісторыі.

Для беларусаў жа ГКЧП, кім бы ён ні ініцыяваўся, быў вялізнай пагрозай. Узьнікла небясьпека ліквідацыі ўсіх дэмакратычных свабодаў, якіх мы з такой цяжкасьцю дамагаліся і, галоўнае — у выпадку перамогі путчыстаў Беларусь ня хутка здолела б вырвацца з імпэрыі.

Зрэшты, і ажыцьцяўленьне плянаў Гарбачова падпісаць "саюзную дамову (цырымонія, нагадаю, плянавалася на 20 жніўня, ды путч перашкодзіў) — не сумяшчалася з нашым імкненьнем бачыць Беларусь вольнай.

Адразу пасьля мітынгу мы прыступілі да падрыхтоўкі нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету, на якой трэба было дамагчыся Незалежнасьці.

Дамагчыся якімі заўгодна мірнымі сродкамі.

І якім заўгодна коштам.