Карэйскі канцэрн LG Chem адказаў Свабодзе, што яму невядома пра ніводзін выпадак сьмерці дзіцяці, прычынай якой стала б вырабленая ім прышчэпка Eupenta.
Некалькі дзён таму, у сувязі са сьмерцю двухмесячнага хлопчыка і рэанімацыяй дзяўчынкі ў Ганцавічах пасьля плянавай вакцынацыі, мы зьвярнуліся з адпаведным запытам да LG Chem.
LG Chem — карэйскі хімічны канцэрн, які займаецца вытворчасьцю лекаў і вакцынаў. Паводле паведамленьняў у беларускіх СМІ, сьмерць хлопчыка і пагаршэньне здароўя дзяўчынкі ў Ганцавічах наступілі пасьля вакцынацыі прэпаратам Eupenta, вытворцам якога ад 2016 году зьяўляецца якраз гэтая фірма.
Канкрэтна, мы задалі канцэрну два пытаньні:
1. Ці вядома вам пра якія-небудзь выпадкі сьмерцяў немаўлят, якія наступілі адразу пасьля вакцынацыі Эўпэнтай?
2. Ці вядома вам пра якія-небудзь нечаканыя і/або небясьпечныя пабочныя рэакцыі ў немаўлят пасьля вакцынацыі Эўпэнтай?
Пэдыятарка: «Рух адмовы ад прышчэпак будзе ўзмацняцца». Праўда і міты пра вакцынацыю
Сёньня мы атрымалі адказ ад службы канцэрну LG Chem па грамадзкіх сувязях:
«LG Chem ведае пра праблему зь немаўлятамі ў Беларусі. Цяпер вядзецца расьсьледаваньне і LG Chem будзе поўнасьцю супрацоўнічаць з расьсьледаваньнем у пошуках прычыны інцыдэнту.
Ад пачатку ўвядзеньня вакцыны EupentaTM на сусьветны рынак у 2016 годзе і да гэтага часу, LG Chem не атрымаў ніводнага паведамленьня ні аб пацьверджанай прычыннай сувязі сьмерці з Эўпэнтай, ні аб іншых нечаканых і/або небясьпечных пабочных рэакцыях пасьля вакцынацыі Эўпэнтай».