«Амэрыканка», турма ў Горадні і яшчэ 6 стратэгічных аб’ектаў, якія маглі б стаць турыстычнымі

Палац у Снове, фота Сяргея Плыткевіча, planetabelarus.by

Больш за 2 гектары закрытай раней тэрыторыі ў цэнтры Менску перадалі касьцёлу Сьвятога Роха. Тут зьявіцца дэндрапарк і дзіцячая пляцоўка. А былая радыёвежа-«глушылка» можа стаць агляднай пляцоўкай. Якія яшчэ стратэгічныя аб’екты можна было б зрабіць турыстычнымі атракцыямі? Мы адабралі 8 самых цікавых.

Турмы

Многія турмы ў Беларусі месьцяцца ў гістарычных будынках. Хіба толькі ў Воршы былую вязьніцу перадалі гарадзкім уладам. У 2000-я гады тамтэйшы езуіцкі калегіюм, дзе ў часы Расейскай імпэрыі і Савецкага Саюзу была турма, аддалі пад дзіцячую школу, мастацкую галерэю і кавярню.

Пішчалаўскі замак

Пішчалаўскі замак, цяпер СІЗА №1. Фота Васіля Сямашкі

Пішчалаўскі замак у Менску быў пабудаваны як турма ў 1825 годзе. Цяпер тут сьледчы ізалятар № 1, вядомы як «Валадарка».

У гэтай вязьніцы адбывалі пакараньне многія палітычныя зьняволеныя: удзельнікі паўстаньняў 1830–1831 гадоў і 1863–1864 гадоў. У розны час у Пішчалаўскім замку былі пад вартай Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Алесь Гарун, Якуб Колас.

«Валадарка»: сьмяротнікі ды каты, 19–21 ст.

Сёлета стала вядома, што Пішчалаўскі замак да 2020 году перададуць гораду, а сьледчы ізалятар перавядуць у Калядзічы, пісаў https://citydog. by/post/zaden-volodarka/ Citydog. Аднак што рабіць зь вялікім замкам, гарадзкія ўлады пакуль ня ведаюць.

Горадзенская турма

Турма ў цэнтры Горадні

У самым цэнтры і турма ў Горадні. Гэта былы езуіцкі комплекс 17 стагодзьдзя. У 1820 годзе расейскія ўлады выгналі адтуль каталікоў і зрабілі ў кляштары перасыльную турму. Празь яе прайшлі Напалеон Орда, Фэлікс Дзяржынскі, Валянцін Таўлай, Вольф Мэсінг, Павал Шарамет.

Побач з турмой — фарны касьцёл і самая старая аптэка Беларусі. У 2015 годзе ў Горадні адкрыўся музэй турэмнага побыту. Але не ў самой турме № 1, а праз дарогу.

Глыбоцкая калёнія

У сярэдзіне 18 стагодзьдзя каля Глыбокага пабудавалі базыльянскі кляштар. Царкву ў стылі позьняга барока пасьля вайны разабралі, а ў кляштары зрабілі папраўчую калёнію. Дагэтуль гістарычны будынак выкарыстоўваецца Міністэрствам унутраных спраў. У 2014 годзе ў Глыбокім зьбіралі подпісы, каб турму закрылі.

«Лічу, што ў такім маляўнічым месцы турма — гэта ня плюс гораду, — цытавала Радыё Рацыя Зьмітра Лупача, які зьбіраў подпісы. — Канешне, калі б храм стаяў — дадаткова былі б турысты, і наагул гэта ж гістарычная спадчына Глыбокага».

КДБ: турма ў цэнтры Менску і палац каля Нясьвіжа

Прынамсі два аб’екты, якія сёньня належаць КДБ, можна было б адкрыць для турыстаў.

«Амэрыканка»

Амэрыканка месьціцца ў двары КДБ. Фота з паветранага шару

Сьледчы ізалятар КДБ вядомы як «амэрыканка». Гэта адна з найбольш закрытых турмаў Беларусі. У 1930-я тут сядзелі «ворагі народу» — прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, якія трапілі пад сталінскія рэпрэсіі. Кузьма Чорны пісаў у дзёньніку, як праводзіліся допыты ў «Амэрыканцы»:

«У яжоўскай турме [у камэры-адзіночцы] увосень 1938 года мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі зьбітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла...»

«Амэрыканка»: сьведчаньні відавочцаў

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэньнях «Амэрыканкі» расстралялі больш за сто прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР.

У постсавецкіх краінах у былых штаб-кватэрах і турмах КДБ адкрываюць музэі. У Вільні гэта музэй ахвяраў генацыду. У Рызе — музэй КДБ.

Палац у Снове

Палац у Снове, фота Сяргея Плыткевіча, planetabelarus.by

Да 2006 года палац Рдултоўскіх у мястэчку Сноў належаў вайсковай частцы. Ён быў пабудаваны ў стылі клясыцызму ў 1827 годзе. Палац добра захаваўся да нашага часу, але трапіць усярэдзіну нельга. Цяпер ён належыць КДБ і ахоўваецца. Глядзець на яго можна толькі з-за плота. Натрапіўшы на добрага ахоўніка, можна падысьці бліжэй. Але экскурсій тут не праводзяць.

Закінутыя вайсковыя часткі

У Беларусі ўжо некалькі ваенных музэяў, але няма ніводнага, які б зрабілі са старой вайсковай часткі. На фота – будаўніцтва «Лініі Карбышава-Молатава« каля Горадні

У савецкія часы БССР была нашпігаваная вайсковымі часткамі. Шмат якія зь іх сёньня не выкарыстоўваюцца.

Ракетная частка «Воўчыя норы»

Пасьля развалу Савецкага Саюзу ракетныя часткі, дзе захоўвалася ядзерная зброя, расфармавалі аднымі зь першых. Паступова войска скарачаецца, і ўсё больш былых вайсковых аб’ектаў рознага прызначэньня закрываецца. Некаторыя перарабляюць пад папраўчыя калёніі ці ўвогуле перадаюць цывільным.

А мог бы на іх месцы зьявіцца музэй. Напрыклад, музэй «халоднай вайны». У былой вайсковай частцы паміж Слонімам і Івацэвічамі, вядомай як «Воўчыя норы», і цяпер можна знайсьці ангары першых савецкіх балістычных ракет Р-12, ракетных комплексаў «Піянэр».

У «Воўчых норах» захаваліся стартавыя пляцоўкі для пуску ракет, гаражы, склады і нават казармы з насьценгазэтамі савецкіх часоў.

Інтэрнаты

У былых панскіх сядзібах за савецкім часам разьмяшчалі школы, турмы, шпіталі і інтэрнаты. Некаторыя зь іх — закрытага тыпу. Туды дагэтуль нельга трапіць.

Псыхіятрычная лякарня ў Гайцюнішках

Гайцюінішкі, фота Дьмітрые Іўчанкі і Натальлі Косар, fotobel.by

У 1612 годзе інжынэр і архітэктар Пётар Нонхарт пабудаваў у Гайцюнішках, гэта Воранаўскі раён, сваю загарадную рэзыдэнцыю. Дом-крэпасьць мае чатыры круглыя вежы па вуглах і нагадвае мініятурны замак. У 19 стагодзьдзі вёска належала сям’і каханай Адама Міцкевіча Марыі Верашчакі. Зь Вільні ў Гайцюнішкі да яе ў госьці прыяжджаў Адам Міцкевіч.

«Дзе можна закахацца ў пэдафіла, гвалтаўніка і забойцу»

У 1960 годзе савецкія ўлады разьмясьцілі ў гэтай сядзібе турму-лякарню для звар’яцелых злачынцаў. Гэта рэжымны аб’ект, і рэгулярных экскурсій тут не праводзяць.

Галавічполе

Галавічполе, фота Дьмітрые Іўчанкі і Натальлі Косар, fotobel.by

Сям’я Іваноўскіх у 1909 годзе ў вёсцы Галавічполе (сёньня гэта Шчучынскі раён) пабудавала сядзібу з рысамі мадэрну і нэаготыкі. Гаспадар Юры Іваноўскі стварыў тут птушыны музэй, які пазьней стаў першай экспазыцыяй Ковенскага заалягічнага музэю.

Цяпер на сядзібу можна паглядзець толькі здалёк, бо пасьля апошняй рэстаўрацыі будынак перадалі пад дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця. Староньнім людзям уваход сюды забаронены.

А які стратэгічны аб’ект вы прапанавалі б адкрыць для турыстаў?