«Лаліта»: Раман пра дзяўчынку ў каралеўстве над морам

Вокладка выданьня «Лаліты» Ўладзіміра Набокава ў выдавецтве Penguin Books

60 год таму, 18 жніўня 1958, у амэрыканскім выдавецтве G. P. Putnam’s Sons выйшла кніжка Ўладзіміра Набокава «Лаліта».

100 тысяч асобнікаў «Лаліты» прадаліся за тры першыя тыдні пасьля яе выхаду — раней толькі бэстсэлер Маргарэт Мітчэл «Унесеныя ветрам» прадаваўся на амэрыканскім рынку лепш. Набокаў умомант стаў вядомым пісьменьнікам. І адносна багатым.

Парнаграфія?

Набокаў закончыў пісаць «Лаліту» ў 1953 або 1954. Амаль два гады занялі беспасьпяховыя спробы апублікаваць яе ў салідных амэрыканскіх выдавецтвах, такіх як Viking, Simon & Schuster, New Directions, Farrar, Straus and Giroux, Doubleday. Урэшце кніга выйшла ў 1955 у мала вядомым выдавецтве Olympia Press у Парыжы — заснаваным усяго за два гады да гэтага — якое займалася выдаваньнем таннай эратычнай літаратуры ўперамешку зь літаратурным авангардам. Аднак у гісторыі гэтае выдавецтва засталося выключна дзякуючы першаму выданьню «Лаліты».

Парыскае выданьне «Лаліты» прадавалася вяла, але яно зьвярнула ўвагу выбітнага брытанскага пісьменьніка Грэма Грына, які залічыў яе да найлепшых кніг 1955 году. Гэта выклікала вострую рэакцыю лёнданскага Sunday Express, рэдактар якога назваў «Лаліту» «самай гідкай кнігай, якую мне даводзілася чытаць» і «яўнай назацуглянай парнаграфіяй». Пасьля гэтай ацэнкі «Лаліту» як «парнаграфію» забаранілі на некалькі гадоў у Вялікай Брытаніі і Францыі. Пакуль выйшла амэрыканскае выданьне, на хвалі чутак пра парнаграфічны характар «Лаліты» яе пасьпелі апублікаваць у перакладах на дацкую, нідэрляндзкую і швэдзкую мовы.

«Нудны раман»

«Лаліту» з нацяжкамі можна называць «эратычным раманам», але гэта напэўна ніякая не парнаграфія. Калі лічыць, што асноўная мэта парнаграфіі — выклікаць сэксуальную ўзбуджанасьць у спажыўца, то «Лаліта» — якраз нешта адваротнае. Уплывовы кніжны аглядальнік The New York Times напісаў пасьля выхаду амэрыканскага выданьня «Лаліты», што гэтая кніга — «нудная, нудная, нудная ў прэтэнцыёзны, квяцісты і гульліва бязглузды спосаб» (dull, dull, dull in a pretentious, florid and archly fatuous fashion). Безумоўна, такой яна падавалася і падасца ўсім, хто зьбіраўся і зьбіраецца мастурбаваць на яе…

Клясыка ХХ стагодзьдзя

«Лаліта» даволі хутка набыла статус клясыкі ХХ стагодзьдзя. Папулярнасьць раману ўзмацніла яго адаптацыя для кіно, зробленая Стэнлі Кубрыкам у 1962 годзе. У 1997 годзе зьявілася наступная экранізацыя «Лаліты», зробленая Эдрыенам Лайнам. Фільм Лайна, зьняты праз 35 гадоў пасьля Кубрыка, меў аднак большыя праблемы з уваходам у масавы пракат, чым яго папярэднік. Галоўная сюжэтная тэма «Лаліты» — сэксуальныя зносіны паміж дарослым мужчынам і 12-гадовай дзяўчынкай — зь цягам часу сталася моцным табу ў сусьветнай культуры. Пад раздачу кампаній за выкараненьне сэксуальнага гвалту над дзецьмі і пэдафіліі нярэдка пападалі і творы мастацтва, якія выкарыстоўвалі матывы дзіцячай (непаўналетняй) сэксуальнасьці. Жывем у дзіўным сьвеце, дзе абвінавачаньне «Лаліты» ў прасоўваньні маральнай разбэшчанасьці набярэ сотні тысяч лайкаў і камэнтаў, а паведамленьне аб тым, што герархія Рыма-каталіцкага касьцёла дзесяцігодзьдзямі прыкрывала гвалтаваньні дзяцей сваімі сьвятарамі, нікога па сутнасьці не закране…

Тым ня менш, «Лаліце» пашанцавала. Нягледзячы на тое, што шмат хто глядзіць на гэты раман як на «рызыкоўны», ён сёньня — неад’емная частка сусьветнай культуры. «Лаліта», «німфэтка» — гэтыя словы ўвайшлі трывала ў слоўнік шматлікіх моваў сьвету. У рэспэктабэльных рэйтынгах найлепшых англамоўных кніг мінулага стагодзьдзя мы знойдзем «Лаліту» калі ня ў першай, дык у другой дзясятцы. «Лаліта», канешне, не рэкамэндуецца для чытаньня ў школах, але яна — жалезны пункт у курсах англамоўнай літаратуры ў большасьці ўнівэрсытэтаў сьвету.

Набокаў піша «Лаліту»

Літаратурная інсьпірацыя

Адкуль Набокаву прыйшла ў галаву ідэя напісаць раман пра сэксуальную сувязь дзяўчынкі з дарослым мужчынам? Нешта аўтабіяграфічнае?

Сам Набокаў у «Лаліце», вуснамі яе пратаганіста і апавядальніка Гумбэрта Гумбэрта, ставіць пытаньне: «Ці былі ў яе папярэдніцы?» — і ў адказе на яго дае зразумець, што ідэя напісаць кнігу — чыста літаратурная. Набокаў адсылае чытача да Эдгара Алана По, канкрэтна, да ягонага верша «Annabel Lee» (1848), у якім По распавядае пра каханьне лірычнага героя да дзяўчынкі, якая жыла «in a kingdom by the sea» і там памерла. Каханьне было настолькі моцнае, што яму пазайздросьцілі анёлы (the winged seraphs) і забралі дзіцячую Анабэл Лі да сябе на неба. Пра гэта якраз гаворыцца ў самым пачатку раману, які мы папрасілі перакласьці на беларускую траіх перакладчыкаў. Enjoy!

Арыгінал:

Lolita, light of my life, fire of my loins. My sin, my soul. Lo-lee-ta: the tip of the tongue taking a trip of three steps down the palate to tap, at three, on the teeth. Lo. Lee. Ta.

She was Lo, plain Lo, in the morning, standing four feet ten in one sock. She was Lola in slacks. She was Dolly at school. She was Dolores on the dotted line. But in my arms she was always Lolita.

Did she have a precursor? She did, indeed she did. In point of fact, there might have been no Lolita at all had I not loved, one summer, a certain initial girl-child. In a princedom by the sea. Oh when? About as many years before Lolita was born as my age was that summer. You can always count on a murderer for a fancy prose style.

Ladies and gentlemen of the jury, exhibit number one is what the seraphs, the misinformed, simple, noble-winged seraphs, envied. Look at this tangle of thorns.

Пераклад Андрэя Вылінскага:

Лаліта, сьвятло майго жыцьця, полымя маіх сьцёгнаў. Мой грэх, мая душа. Ла-лі-та: кончык языка ў тры крокі танчыць праз паднябеньне, каб на трэцім даткнуцца да зубоў. Ла. Лі. Та.

Раніцай яна была Ло, проста Ло, ростам амаль паўтара мэтра і ў адной шкарпэтцы. У слаксах яна была Лола. У школе яна была Долі. На пункціры блянкаў яна была Далорэс. Але ў маіх абдымках яна заўжды была Лалітай.

Ці была ў яе прадвесьніца? Безумоўна, бясспрэчна. Больш за тое, магло б і ня быць ніякай Лаліты, калі б я адным летам не закахаўся ўпершыню ў малую дзяўчынку. У адным княстве прыморскай зямлі. Але калі ж гэта здарылася? Прыкладна за столькі год да нараджэньня Лаліты, колькі мне было ў тое лета. Забойца ніколі не падвядзе ў тым, што датычыцца выкрутасаў стылю.

Шаноўны суд прысяжных, экспанату нумар адзін зайздросьцілі самі серафімы, недасьведчаныя, прастадушныя, велічнакрылыя серафімы. Зірніце на гэты суплёт церняў.

Пераклад Юлі Цімафеевай:

Лаліта, бляск майго лёсу, полымя маіх сьцёгнаў. Мая віна, мая душа. Ла-лі-та: так кончык языка тры крокі долу ступае па паднябеньні й тады на трэцім торкаецца зубоў. Ла. Лі. Та.

Яна была Ло, проста Ло, ураньні, ростам амаль пяць футаў без адной шкарпэткі. Яна была Лолаю ў доўгіх штанах. Яна была Долі ў школе. Яна была Далорэс на лінейцы блянку. Але ў маіх абоймах яна заўжды была Лалітай.

Ці хтосьці быў да яе? А як жа, быў. Фактычна, Лаліты магло б ня здарыцца, калі б улетку неяк я не пакахаў адну першапачатковую дзяўчынку. У каралеўстве прыморскай зямлі. О, калі гэта было? А недзе за столькі ж год да нараджэньня Лаліты, колькі мне споўнілася тым летам. Вы можаце заўжды разьлічваць на забойцу ў справе мудрагелістасьці стылю.

Шаноўныя прысяжныя, спадарыні і спадары! Вось экспанат нумар адзін — той самы, якому зайздросьцілі анёлы-серафімы, слабаабазнаныя, несамавітыя, шляхетнакрылыя анёлы. Зірніце ж на гэты суплёт церняў.

Пераклад Аляксандра Кудраўцава:

Лаліта, сьвятло жыцьця майго, агонь сьцёгнаў маіх. Мой грэх, мая душа. Ла-лі-та: кончык языка робіць трохкрокавую вандроўку ўніз па паднябеньні, і на трэцім кроку спатыкаецца аб зубы. Ла. Лі. Та.

Яна была Ло, звычайнай Ло раніцай, ростам каля мэтра пяцідзесяці, у адной шкарпэтцы. Яна была Лолай у штанах. Яна была Долі ў школе. Яна была Далорэс на пункцірнай лініі блянку. Але ў маіх руках яна заўсёды была Лалітай.

Ці былі ў яе папярэдніцы? Вядома ж, былі. Скажу больш, ніякай Лаліты не было б, калі б адным летам я не закахаўся ў адной дзяўчынцы. У княстве ля мора. Калі ж гэта было? Прыблізна за столькі ж год да нараджэньня Лаліты, колькі было мне тым летам. Калі вам патрэбны вычварны стыль, даверцеся забойцы, не пралічыцеся.

Спадарства прысяжныя, доказам нумар адзін зьяўляецца тое, чаму так зайздросьцілі серафімы, прастадушныя, высакароднакрылыя серафімы. Толькі гляньце на гэты клубок церняў.

Альгерд Бахарэвіч пра «Лаліту»