У Віцебску паставяць помнік вязьням гета, які праляжаў на складзе 18 гадоў

Месца, дзе будзе помнік

У 1993 годзе віцебскія ўлады паабяцалі ўшанаваць памяць закатаваных вязьняў Віцебскага гета. Напамінам пра няспраўджанае абяцаньне дагэтуль застаецца сымбалічны камень каля былога раённага Дома культуры. А практычна гатовы памятны знак так і ляжаў бы на складзе, каб пра яго не нагадаў аўтар — скульптар Іван Казак.

Зроблены 18 год таму помнік ледзьве знайшлі

«Тут будзе ўсталяваны памятны знак у памяць вязьняў віцебскага гета — ахвяраў фашысцкага генацыду ў 1941–44 гадах», — напісана на шыльдзе, прымацаванай да валуна каля дома № 2 па вуліцы Энгельса.

Манумэнт-абяцаньне зьявіўся тут у 1993 годзе, і толькі ў 2000-м гарадзкія ўлады замовілі помнік віцебскаму скульптару Івану Казаку.

Шыльда-абяцаньне

«Быў зроблены эскіз, праект, — расказвае Свабодзе Іван Казак. — Я прапаноўваў розныя варыянты, урэшце спыніліся на тым, каб гэта былі тры стэлы-рэльефы. Іх адлілі з сылюміну ў Менску, прывезьлі ў Віцебск і паклалі на складзе.

Сёлета я нагадаў старшыні аблвыканкаму Ўладзімеру Цярэнцьеву, што ёсьць помнік, практычна гатовы. Той, дзякуй яму вялікі, дужа хутка зрэагаваў: загадаў адшукаць помнік»

Іван Казак

Помнік, які праляжаў на складзе 18 гадоў, знайшлі і зладзілі абмеркаваньне з удзелам гарадзкіх уладаў, віцебскага рабіна і прадстаўнікоў габрэйскай грамады. Рабін Малкіель Гаргодзэ прапанаваў трохі зьмяніць скульптурныя элемэнты ў адпаведнасьці з канонамі габрэйскай рэлігіі. Аўтар пагадзіўся прыкрыць аголеныя часткі целаў драпіроўкамі.

Як будзе выглядаць памятны знак

«Я пагадзіўся, што гэта будзе слушна. Улады абяцаюць на наступны год абвясьціць тэндэр на іх адліўку. І тады я паеду ў Менск, даляплю драпіроўкі, іх таксама зробяць з сылюміну і прымацуюць да ўжо гатовых рэльефаў асобнымі фрагмэнтамі», — кажа скульптар.

Здымак з архіву Івана Казака

Помнік будзе ўяўляць сабой трохбаковую стэлу з мноствам безаблічных чалавечых фігур. Гэта нават ня людзі, а здані без дакладных анатамічных прапорцыяў. Самы скрушны сымбаль кампазыцыі — дрэва без кары, з апошнім лістком на самым версе. Гэта дрэва смутку. Відавочцы ўспаміналі, як галодныя вязьні ў гета зьдзіралі і елі кару з дрэваў...

На адным з бакоў стэлы — выява мэдаля Праведніка сьвету, якім уганароўваюць тых, хто ратаваў габрэяў ад генацыду. Яшчэ будзе надпіс па-беларуску, на ідыш або на іўрыце і на ангельскай мове — пра тое, якім падзеям прысьвечаны памятны знак. Але гэта ўжо ня клопат скульптара: складаць гэты тэкст будуць габрэйская грамада і ідэалягічны аддзел.

Здымак з архіву Івана Казака

​На самым версе стэлы паставяць мэнору — сямісьвечнік, адзін з самых старажытных сымбаляў юдаізму. Яе таксама яшчэ трэба будзе вырабіць, кажа Іван Казак.

Помнік паставяць побач з закінутым будынкам

Месца, вызначанае для памятнага знака ў 1993 годзе, выглядае сёньня непрывабна: дом закінуты, часткова разбураны.​

Фасад дома на вуліцы Энгельса

Будынак зь іншага боку

У будынку, узьведзеным у 1932 годзе ў стылі канструктывізму, да вайны быў Клюб мэталістаў. А з 1941 па 1944 гады глядзельная заля ды іншыя памяшканьні сталі прытулкам для габрэяў, якіх гвалтам выгналі з уласнага жытла на тэрыторыю гета — невялікі квартал у межах вуліц Вакзальнай, Верхне-Набярэжнай, Багаяўленскай і Ніжне-Пятроўскай.

Цяпер гэта вуліцы Набярэжная, Ільінскага, Кірава, Камсамольская, Энгельса. На рагу апошняй і стаіць будынак, які пасьля зьнішчэньня гета быў разбураны. Па вайне яго аднавілі і часова перадалі драматычнаму тэатру. У 1947-м тут адбыўся адкрыты судовы працэс над дзесяцьцю катамі — зьнішчальнікамі габрэйскага насельніцтва.

Графіці на сьцяне

Пра такі стан будынка кажуць «як пасьля вайны»

Трагічная гісторыя будынка — грунтоўная падстава, каб зрабіць там музэй віцебскага гета, лічыць Іван Казак. На ягоную думку, гэта было б і знакам памяці, і прывабіла б у горад турыстаў. Але будынак ужо шмат гадоў стаіць пусты і разбураецца практычна на вачох. Ён зьмяніў шмат гаспадароў, і з 1990-х, калі там закрыўся раённы Дом культуры, стаіць пусты.

Каб стварыць музэй, патрабуецца спонсар

У Віцебску можна пачуць гісторыю пра турыстаў з Ізраілю, якія былі ў захапленьні ад цяперашняга выгляду гістарычнага будынка. Ім падалося, што яго знарок захоўваюць у паўразбураным стане — як напамін пра гета і часы мінулай вайны. Наколькі гэта праўда, а наколькі сумны гумар — сказаць цяжка.

Для рамонту трэба шмат грошай

Дрэвы на тэрыторыі былога гета

Будынак настолькі запушчаны, што давесьці яго да ладу будзе каштаваць надта дорага. Таму гарадзкія ўлады не сьпяшаюцца з рамонтам.

У Віцебску ўжо зьбіралі сродкі на ўшанаваньне памяці ахвяраў гета: у 2010 годзе так паставілі помнік на месцы расстрэлу вязьняў гета ў Ілаўскім яры каля пасёлка Тулава.

5 жахлівых фактаў пра віцебскае гета

  1. Да Вялікай Айчыннай вайны ў Віцебску жылі 118 тысяч чалавек, габрэяў зь іх каля 37 тысяч. У віцебскім гета было зьнішчана, паводле розных крыніцаў, ад 16 да 20 тысяч габрэяў. Фашысты баяліся бунтаў, і таму ў першую чаргу зьнішчалі мужчынаў ва ўзросьце ад 15 да 50 год.
  2. Стварыць гета на правым беразе Дзьвіны загадалі 25 ліпеня 1941 г. Габрэяў гвалтам гналі за раку, і пераправа па вадзе ператварылася ў масавы пагром: фашысты знарок перакульвалі лодкі і плыты, а людзей у вадзе дабівалі вёсламі ці расстрэльвалі. Так загінулі некалькі соцень чалавек.
  3. За час існаваньня віцебскага гета масавыя расстрэлы адбываліся некалькі разоў у розных месцах. Найбольш — у Ілаўскім яры: тут у кастрычніку 1941 году расстралялі каля 10 тысяч чалавек.
  4. Вязьняў прывозілі, цэлы дзень расстрэльвалі групамі па 5–10 чалавек і скідалі ў яр. Дзяцей і старых закопвалі жывымі. Пасьля па брацкіх магілах некалькі разоў праяжджала грузавая аўтамашына. Зь верасьня 1943 году нацысты, баючыся помсты, загадвалі ваеннапалонным ці мірным жыхарам раскопваць масавыя пахаваньні і спальваць парэшткі. Пасьля гэтага выканаўцаў таксама забівалі.
  5. Некаторыя габрэі на працягу чэрвеня-ліпеня 1941 году сышлі з гораду, шукаючы ратунку ў навакольных вёсках. Перажыць ліхалецьце і вярнуцца ўдалося нямногім. На пачатку 1946 году ў Віцебску было зарэгістравана каля 500 габрэяў — у 74 разы меней, чым да вайны.