Памятаеце маладую манашку, якая так весела сьпявала песьню Лявона Вольскага на відэа ў сацсетках? Мы пагаварылі зь ёю пра тое, як маладыя беларусы вырашаюць аддаць сваё жыцьцё Богу.
Сястра Аліна (Аліна Скапец) нарадзілася ў Маладэчне. Кажа, што ў яе было вясёлае дзяцінства, бо мае яшчэ двух родных братоў і сястру, а таксама стрыечных брата і сястру. Выгадавалася ў каталіцкай сям’і, добра ведае ангельскую мову, вельмі вясёлая.
«Не прыгадаю, каб у касьцёле ня можна было сьпяваць. «Тры чарапахі» я найперш даведалася ў касьцельным варыянце. Так часта бывае — музыку бяруць, а словы накладаюць з рэлігійным сэнсам. Але мы розныя песьні сьпяваем, і рускі рок, як «ДДТ». Гэта ж добра каля вогнішча з гітарай сесьці пасьпяваць, хто што любіць.
Спачатку чалавек верыць па звычцы, а пасьля адкрывае ў веры штосьці асабістае. У маёй сям’і было так. Зь дзяцінства мяне бацькі вадзілі ў касьцёл. Мая мама для мяне — прыклад веруючага чалавека і стаўленьня да жыцьця. Дзякую ёй за гэта.
«Тры чарапахі» я найперш даведалася ў касьцельным варыянце
Я не адчувала сябе ў школе адкінутай аднаклясьнікамі, не саромелася гаварыць, што я хаджу ў касьцёл. Мы разам былі са стрыечным братам у клясе, і быў яшчэ адзін хлопчык, які таксама хадзіў. Болей ніхто. У нас былі катэхетычныя заняткі, таксама ў нядзелю нічога ня можна было рабіць дома — шыць, прыбіраць, бо гэта дзень сьвяты. Удзельнічалі ў жыцьці касьцёла, сцэнкі рабілі. Грала я анёлкаў, а пазьней ужо былі ролі больш сур’ёзныя, як Марыя, напрыклад.
Я гляджу на фатаздымак зь першай камуніі, дзе нас амаль 100 чалавек. Я ня ўпэўненая, што хаця б палова зь іх ходзіць цяпер у касьцёл. Чула, як некаторыя казалі: я ўжо вырас з гэтага, мне гэта непатрэбна. Нібыта вера — гэта нешта, з чаго можна вырасьці. Мяркую, яны думаюць, што Бог іх абмяжоўвае. Што запаветы, правілы — гэта штосьці, што ім перашкаджае. Таму яны думаюць, што інакш жыць лягчэй. Але калі я сапраўды люблю Бога, то для мяне гэтыя правілы ўжо ня правілы, а звычайнае жыцьцё.
Людзі думаюць, што зь веры можна вырасьці, што Бог іх абмяжоўвае.
Пасьля школы я паступіла ў Тэхналягічны ўнівэрсытэт на ляндшафтнага дызайнэра. Я не была пэўная, куды хачу ісьці вучыцца. А гэтая спэцыяльнасьць патрэбная людзям, і паступіць было няцяжка. Вучыцца падабалася, было весела, але правучылася адзін год.
Каб стаць сястрой, заняло 4 гады. Першы этап — асьпірантат, ён трывае паўгода. Я была ў Польшчы разам яшчэ з 8 дзяўчатамі. Пасьля нас прынялі ў пастулят, гэта два гады. У нас былі рэлігійныя заняткі, вучылі гісторыю сьвятога Францішка, патрона нашага ордэна.
Пасьля пастуляту трэба зноў пісаць просьбу і матывацыю, каб пайсьці на наступны этап — навіцыят. Тады ўжо зьмяняецца зьнешні выгляд, бо ў пастуляце мы ходзім у звычайных спадніцах ніжэй калена, нейкая майка — можна не адрозьніць, сястра ці не. А ў навіцыяце даюць ужо белую кашулю і карычневую спадніцу, як мой хабіт (манаскае адзеньне. — РС).
Каб стаць сястрой, заняло 4 гады
Зь сябрамі гэтыя два гады мы не кантактуем, толькі раз на месяц зь сям’ёй. Гэта каб глыбей увайсьці ў духоўнае разуменьне гэтага законнага жыцьця. Два гады навіцыяту дзеляцца на кананічны год, калі нікуды нельга выяжджаць. А другі год — апостальскі. Тады ўжо на паўгода мы едзем у Італію, — гэта месца нараджэньня нашага ордэна, — каб спазнаць гісторыю, сясьцёр, якія цяпер там жывуць, каб адчуць сябе часткай ордэна. Я таксама працавала ў госьпісе, можна езьдзіць у лягер зь дзецьмі.
І пасьля я стала сястрой. Нас было 9 напачатку, але склалі шлюб мы ўчатырох. Мае бацькі па-рознаму адрэагавалі. Але найважнейшае, што брат, сястра, мама падзялялі мой погляд. Мама блаславіла мяне на гэты шлях.
Бацькі па-рознаму адрэагавалі на маё рашэньне
Складала шлюбы год таму — шлюб чысьціні, паслухмянасьці і беднасьці. І гэта сьведчыць, што я ўжо не жыву для сябе. Які чалавек хоча для сябе жыць бедна? А я жыву ў перакананьні, што я пілігрым у гэтым сьвеце. Я іду да неба, там маё месца. Я раблю тут усё толькі таму, што хачу, каб кожны гэта так перажываў, каб кожны ведаў, што жыцьцё тут прамінае, але нас чакае жыцьцё, якое будзе трываць вечна.
Я склала шлюб беднасьці. Беднасьць і ў матэрыяльным сэнсе, канечне, але найперш беднасьць духовая. Усё маё жыцьцё ўжо не залежыць ад матэрыяльнага і культурнага багацьця, якое сьвет нясе, а толькі ад таго, што дае мне Бог.
Усё маё жыцьцё ўжо не залежыць ад матэрыяльнага і культурнага багацьця
Я жыву ўжо такім жыцьцём, што ня маю сваіх дзяцей, гэта таксама мая беднасьць. Але магу стаць маці для іншых. Я працую ў дзіцячым доме, апякуюся дзецьмі. Мы даем ім тое, чаго іх бацькі не маглі даць. Большасьць такіх бацькоў маюць абмежаваныя правы, а некаторыя дзеці — сіроты. Найчасьцейшая праблема ў сем’ях — алькаголь.
Мы даглядаем дзяцей, як нармальныя маці. Мы для іх прыклад таго, што жыцьцё вартае чагосьці, варта чагосьці хацець, варта марыць і дасягаць чагосьці ў жыцьці. Кажам ім, што яны маюць сваю годнасьць, што яны прыгожыя, таленавітыя, што яны могуць больш. Бо гэтыя сем’і з пакаленьня ў пакаленьне ня маюць смаку жыцьця. А мы хочам, каб яны адчулі, што Бог стварыў сьвет шчасьлівы, а шчасьце — гэта не пачуцьцё весялосьці і радасьці. Гэта сьвядомасьць таго, для чаго жыву, для каго і куды хачу ісьці далей.
Я склала шлюб паслушэнства. Лічыцца, што брат можа быць непаслухмяны толькі ў тым выпадку, калі гэта супярэчыць Божаму выхаваньню, калі гэта супраць запаведзяў і ўсяго, што наказвае касьцёл. Я сьвядома выбіраю, што воля маёй галоўнай сястры будзе па-над маёй. Бо трэба перажыць страту, каб распачаць штосьці новае.
Праз інтэрнэт часта чалавек робіцца непрысутны
Цяпер маладому чалавеку цяжка зрабіць выбар, бо ёсьць шмат рэчаў, якія перашкаджаюць, той жа інтэрнэт. Праз інтэрнэт часта чалавек робіцца непрысутны. Вы нібыта разам, але ён зьнікае ў тэлефоне. Інтэрнэт мяне таксама паглынае — навіна за навіной, здымак за здымкам, час мінае, а за гэты час можна зрабіць штосьці важнае і патрэбнае.
Для выбару, напэўна, патрэбная ціша. Для мяне было важна, калі я застаюся сама з сабой, у цішыні, у касьцёле ці на прыродзе. Калі я малілася, то адчувала, чаго я сапраўды хачу, чаго Бог хоча ад мяне.
Як я закахалася, то гэта ня значыць, што буду пісаць да гэтай асобы ці сустракацца
Закахацца — гэта нармальна. У сужэнствах таксама можна закахацца. Але як я закахалася, то гэта ня значыць, што буду пісаць да гэтай асобы ці сустракацца. Адзін сьвятар мне сказаў, што калі бачыш прыгожага хлапца, то трэба думаць: «Божа, якога прыгожага хлапца ты стварыў», а ня нешта іншае.
З аднаго боку, я думаю, што закахацца — гэта прыгожы досьвед, але, зь іншага боку, гэта можа быць спакусай, бо можа адцягнуць ад шляху і ад Бога. Трэба з такімі рэчамі асьцярожна. Напэўна, пра гэта трэба размаўляць са сьвятаром ці з духоўнай асобай.
Я трохі баялася прыяжджаць у Беларусь, але тут людзі ўсьміхаюцца мне. Не каб пасьмяяцца, а з прыязнасьцю. Многія да мяне падыходзілі, адчувалася, што ім хочацца паразмаўляць, штосьці мне даверыць.
Я хаджу паўсюль — і ў крамы, і ў кіно. Нядаўна глядзелі зь сястрой і братам «Чалавека-мураша і Асу». Я люблю глядзець фільмы. Апошні фільм, які мяне вельмі крануў, — «Інтэрстэлар». Мяне ўразіла, што герой хацеў не жывых людзей уратаваць, а толькі тыя клеткі. Ён не хацеў ратаваць жыцьцё, а толькі тую будучыню, якая яшчэ нават не існавала. А жывых людзей, якія жылі тут і цяпер, пакінуў паміраць. Мы павінны жыць тут і цяпер. Як пан Езус кажа ў Эвангельлі: Заўтра паклапоціцца пра сябе.
Я шчасьлівая. Тут і цяпер».