Вінаватымі ў акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968 былі ўкраінцы, а ўся акцыя мела антырасейскі характар — з такой сэнсацыйнай заявай выступіў днямі кіраўнік Камуністычнай партыі Чэхіі і Маравы Войцех Філіп.
Паводле Войцеха Філіпа, большасьць Палітбюро ЦК КПСС, якое прымала рашэньне аб уварваньні ў Чэхаславаччыну, складалі ня рускія, а людзі іншых нацыянальнасьцяў, таму Расея не нясе адказнасьці за акупацыю Чэхаславаччыны. А старшыня Палітбюро Леанід Брэжнеў быў ўкраінцам па нацыянальнасьці, і савецкая армія-захопніца была таксама пераважна ўкраінскай паводле нацыянальнага складу, заявіў галоўны чэскі камуніст. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію брытанскаму дзёньніку The Guardian.
У інтэрвію брытанскаму дзёньніку, які цікавіўся стаўленьнем сёньняшніх чэскіх камуністаў да падзеяў 50-гадовай даўніны, старшыня Кампартыі Чэхіі і Маравіі Войцех Філіп сказаў: «Гісторыя фальсыфікуецца на сто адсоткаў. Ніхто не напіша, што ўся гэтая ідэя грунтуецца на антырасейскай пазыцыі. У той час у Палітбюро Савецкага Саюзу быў толькі адзін чысты рускі, і ён прагаласаваў супраць ўварваньня [сярод 20 членаў і кандыдатаў у члены Палітбюро ЦК КПСС у 1968 годзе рускімі былі прынамсі 9 чалавек — РС]. Брэжнеў быў з Украіны. Галоўнай сілай у арміях уварваньня былі ўкраінцы», — сказаў лідэр чэскіх камуністаў.
Акупанты і акупаваныя
Гэтыя словы выклікалі бурную рэакцыю ў чэскім грамадзтве, асабліва на фоне падрыхтоўкі да адзначэньня 50-годзьдзя савецкай акупацыі Чэхаславаччыны, якое адбудзецца на наступным тыдні. Таму калі Чэскае радыё зьвярнулася да лідэра камуністаў па тлумачэньні, ён удакладніў: «Маральную адказнасьць за ўварваньне войскаў Варшаўскай дамовы нясуць усе краіны былога Савецкага Саюзу, уключаючы краіны Балтыі і Ўкраіну».
Ня важна, хто якой нацыянальнасьці, таму што ўся сыстэма засноўвалася на камуністычнай намэнклятуры
Чэскі гісторык Пэтр Блажэк з Інстытуту вывучэньня таталітарных рэжымаў, якога чэскія журналісты папрасілі даць камэнтар, сказаў, што лідэр чэскіх камуністаў спрабуе заблытаць сытуацыю. «Савецкім блёкам тады кіраваў Савецкі Саюз. Прынцыпам камуністычнай сыстэмы зьяўляецца цэнтралізацыя. Гэта як у войску: няважна, хто якой нацыянальнасьці, таму што ўся сыстэма базавалася на камуністычнай намэнклятуры», — растлумачыў гісторык.
Пазьней, у інтэрвію Чэскаму тэлебачаньню ў галоўнай аналітычнай праграме дня, ён дадаў, што абсурдна вінаваціць Украіну і краіны Балтыі ў дзеяньнях Савецкага Саюзу, таму што яны самі былі ахвярамі савецкай акупацыі.
Філіп выкарыстоўвае такую самую лёгіку, як тыя, хто кажа пра „польскія лягеры сьмерці“
«Гэта былі акупаваныя краіны — краіны Балтыі былі акупаваныя Савецкім Саюзам ад 1939 году, а Ўкраіна — ад 1920-х гадоў. Гэта абсурд! Войцех Філіп выкарыстоўвае такую самую лёгіку, як тыя, хто кажа пра „польскія лягеры сьмерці“ замест таго, каб гаварыць „нацыстоўскія лягеры сьмерці“. Гэта — проста абсурд», — кажа ён.
На думку чэскага гiсторыка, мэтай Войцеха Філіпа было адбяліць ролю чэхаславацкіх камуністаў, што праводзілі палітыку «нармалізацыі», якая наступіла пасьля ўварваньня войскаў Варшаўскага пакту, і ачарніць Украіну, таму што ў сувязі з падзеямі 1968 году ў Чэхаславаччыне пастаянна гучыць паралель з акупацыяй Крыму Расеяй 2014 году. На думку Блажэка, Філіп спрабаваў аддзяліць акупацыю Чэхаславаччыны ад акупацыі Крыму і «напусьціць туману» ў гэтым пытаньні.
Рэакцыя чэскіх палітыкаў
На радзіме словы лідэра чэскіх камуністаў выклікалі бурную рэакцыю, асабліва таму, што ўрад прэм’ер-міністра Андрэя Бабіша абапіраецца на галасы дэпутатаў ад камуністычнай партыі. Рэакцыя чэскіх палітыкаў была адзінадушна адмоўнай, адрозьніваўся толькі тон камэнтараў.
Ня мае ніякага значэньня, якой нацыянальнасьці былі члены Палітбюро або асобныя салдаты
Крытычна, але мякка аб словах чэскага камуніста выказаўся прэм’ер-міністар Чэхіі, лідэр папулісцкай партыі ANO Андрэй Бабіш. У сваім твітэр-акаўнце ён напісаў: «Для Чэхаславаччыны акупацыя 1968 была адной з найвялікшых трагедый у гісторыі, і ня мае ніякага значэньня, якой нацыянальнасьці былі члены Палітбюро або асобныя салдаты».
Старшыня апазыцыйнай правацэнтрысцкай партыі «ТОП-09» Іржы Посьпішыл таксама ў твітэры не пашкадаваў рэзкіх выказваньняў супраць лідэра палітычных апанэнтаў.
Ён стаў марыянэткай сталінскага крыла Камуністычнай партыі
«Скажэньне гісторыі заўсёды было і застаецца полем дзейнасьці таталітарных палітыкаў і антыдэмакратычных сэктаў. Сваімі выказваньнямі аб 1968 Войцех Філіп залічыў сябе да іх. Спробай зьняць віну за акупацыю з Расеі ён стаў толькі марыянэткай сталінскага крыла Камуністычнай партыі Чэхіі і Маравы, якое цяпер узмацняецца», — напісаў Іржы Посьпішыл.
Чэскія «ленінцы-сталінцы»
У інтэрвію Радыё Свабода публіцыст і былы чэхаславацкі дысыдэнт Яфім Фіштэйн тлумачыць, што чэскія камуністы — выключэньне сярод сваіх калегаў ва Ўсходняй Эўропе, таму што партыя практычна не зьмянілася ў посткамуністычныя часы.
«Чыста камуністычных партыяў, якія ня сталі сацыял-дэмакратычнымі і не перанялі сацыял-дэмакратычную ідэалёгію, засталося ня так шмат, і яны — непарлямэнцкія партыі, пазасыстэмныя партыі. У Чэхіі ня так, таму што чэскія камуністы не рэфармаваліся, а засталіся вернымі ленінцамі-сталінцамі і мелі пры гэтым досыць трывалую электаральную падтрымку, да 10–15% у розных выбарах. У апошні час іх падтрымка ўпала, таму што іх выбаршчыкаў перацягнула новая папулісцкая партыя ANO, гэта значыць „так“ у перакладзе, якую ўзначальвае прэм’ер-міністар Андрэй Бабіш. Таму камуністы атрымліваюць дзесьці 7–8% на выбарах, але для Бабіша яны засталіся ледзь не адзінымі партнэрамі, і ўрад залежыць ад іх падтрымкі», — сказаў Фіштэйн.
Забытае кіно
Вэрсія пра тое, што мэтай увядзеньня войскаў у Чэхаславаччыну было «прадухіліць вайсковы пераварот, які падтрымліваўся Захадам», стала афіцыйнай у Расеі як мінімум ад 2015 году. Тады, у траўні, у часе сьвяткаваньня Дня перамогі, у эфір тэлеканалу «Расія-1» выйшаў фільм «Варшаўская дамова. Рассакрэчаныя старонкі». У ім гаварылася пра тое, што вайсковы блёк на чале з Савецкім Саюзам быў абарончай арганізацыяй, якая супрацьстаяла агрэсіўнаму блёку NATO.
Аўтары стужкі сьцьвярджалі, што пад прыкрыцьцём легенды пра мірнае грамадзянскае паўстаньне з рамантычнай назвай «Праская вясна» хаваўся ўзброены пераварот, які абапіраўся на падтрымку NATO, і Савецкі Саюз проста вымушаны быў здушыць яго.
Праз два гады, у сувязі з інтэрпрэтацяй падзеяў у Чэхаславаччыне ў 1968 годзе, здарыўся новы скандал. Абвастрэньне наступіла ў лістападзе 2017 праз псэўдагістарычную публікацыю на сайце тэлеканалу «Звезда», які належыць Міністэрству абароны Расеі. Артыкул пад назвай «Чэхаславаччына павінна быць удзячная СССР за 1968 год: гісторыя «Праскай вясны» сьцьвярджаў, што акупацыя Чэхаславаччыны войскамі Варшаўскага пакту ў жніўні 1968 году прадухіліла дзяржаўны пераварот, таму чэхі павінны быць удзячныя за гэта Савецкаму Саюзу.
Тады рэакцыя чэскага кіраўніцтва таксама была вострай, а прэзыдэнт краіны Мілаш Зэман, вядомы даволі прарасейскай пазыцыяй, папярэдзіў, што ў выпадку, калі расейскі бок не адрэагуе на публікацыю, гэта можа «сур’ёзна нашкодзіць чэска-расейскім адносінам».
Паводле матэрыялу Ўкраінскай службы Радыё Свабода.