У цэнтры Менску зьявілася новая вялікая зона для адпачынку. Закрытую раней тэрыторыю вакол так званай «радыёглушылкі» ў канцы 2017 году перадалі касьцёлу Сьвятога Роха. Ужо заўтра, 16 жніўня, тут адкрываецца дэндрапарк, дзіцячая пляцоўка і выстава пад адкрытым небам. Сама «глушылка» можа стаць агляднай пляцоўкай.
«Тэрыторыя будзе адкрытая для ўсіх жыхароў і гасьцей нашага гораду, — сказаў Свабодзе Юры Санько, пробашч касьцёла. — Гэта будзе месцам адпачынку, малітвы і роздуму над сваім жыцьцём».
16 жніўня каталіцкі касьцёл адзначае дзень Сьвятога Роха. У гэты дзень у менскай парафіі, якая носіць імя сьвятога, пройдзе фэстываль Сьвятога Роха. Падчас яго адкрыюць дзіцячую пляцоўку на прыкасьцельнай тэрыторыі, правядуць выставу рэтрамабіляў і адкрыюць фотавыставу Ірыны Ермаковай «Новыя землі».
Як пісала Свабода, увосень 2017 году касьцёлу перадалі зямлю, дзе раней былі залатагорскія могілкі. Да 2014 году тэрыторыя належала мабільнаму апэратару «Белсел». Цяпер яна на балянсе тэрытарыяльнага сацыяльнага цэнтру Савецкага раёну.
«За намі замацавалі зямлю для добраўпарадкаваньня і санітарнага нагляду, — сказаў Юры Санько. — Наш праект ужо прайшоў экспэртызу».
Пасьля перадачы новай зямлі прыкасьцельная тэрыторыя павялічылася з 0,3 да 2,5 гектара. Каб яе ўпарадкаваць, штосуботы парафіяне ладзяць тут талокі.
Увосень тут высадзяць туі і іншыя кусты. Юры Санько мае задуму адкрыць біблейскі сад, дзе высадзяць расьліны, якія згадваюцца ў Бібліі і растуць у Беларусі. Таксама тут хочуць зрабіць парк Маці Божай, а ў старых гаражах адкрыць музэй рэтрамабіляў.
Ці стане «глушылка» агляднай пляцоўкай?
Разам з новай тэрыторыяй да касьцёла адышла былая «глушылка». Яе пабудавалі ў 1956 годзе і да 1990-х гадоў выкарыстоўвалі, каб глушыць сыгналы заходніх радыёстанцый, у тым ліку Радыё Свабода. У свой час яе хацеў узарваць дысыдэнт Сяргей Ханжанкоў. Цяпер вышку арандуюць мабільныя апэратары. Праход на яе закрыты.
Ханжанкоў: У лягеры была сабраная ўся савецкая гісторыя ў асобах
«Цяпер можна падысьці да яе з тэрыторыі касьцёла, але мы ня будзем пускаць на вышку людзей. Падымацца туды могуць толькі спэцыялісты», — сказаў Юры Санько.
Пробашч мае дзьве ідэі, што зрабіць са 100-мэтровай вышкай. З аднаго боку, яе можна было б проста дэмантаваць. Зь іншага — адкрыць там аглядную пляцоўку. «Глушылка» стаіць у цэнтры гораду, на натуральным пагорку. Зь яе адкрываецца від на касьцёл і праспэкт Незалежнасьці.
«Трэба палічыць, колькі гэта будзе каштаваць, — кажа Юры Санько. — Трэба было б да паловы разабраць вышку. Неабходна ставіць лесьвіцу і ліфт. Гэта вялікая праца. Пакуль нельга з упэўненасьцю сказаць, што мы зможам гэта зрабіць».
У цэнтры Менску, такім чынам, зьяўляецца яшчэ адна зона рэкрэацыі.
«У цэнтры гораду можна вырвацца зь мітусьні, — кажа Юры Санько. — Такая тэрыторыя для адпачынку, шпацыру. Зусім побач праспэкт, а ў гэтых дварах цішыня, лёгка дыхаецца».
Пры ўсім добраўпарадкаваньні будоўлі тут ня будзе, бо на гэтай тэрыторыі раней былі могілкі. Гэта стала адной з прычын, чаму іншыя інвэстары адмаўляліся ад гэтага пляца. Апошняй адсюль сышла фэдэрацыя біятлёну.
«Калі яны наткнуліся на пахаваньні, то сказалі, што сыходзяць, — сказаў Юры Санько. — Па заканадаўстве на месцы могілак мы можам рабіць толькі добраўпарадкаваньне і парк. Мы нічога не плянуем будаваць. Нават дзіцячая пляцоўка ў нас бесфундамэнтная».
***
Яшчэ нядаўна на вежу-«глушылку» на 9 траўня вывешвалі савецкі сьцяг — гэта адбывалася цягам двух дзясяткаў год, «традыцыя» перапынілася толькі ў бягучым годзе. Дырэктар прадпрыемства «Мачта», які падымаў на вежу сьцяг, расказваў, што раней распараджэньні наконт сьцяга прыходзілі зь міністэрстваў, пазьней — з гарвыканкаму, цяпер жа распараджэньняў і просьбаў ні ад кога не было. Сам ён вырашыў не вывешваць сьцяг без загаду «зьверху».