Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін наведае вясельле міністра замежных спраў Аўстрыі.
Пра гэта ў сераду паведамілі аўстрыйскія СМІ, пазьней інфармацыю пацьвердзіў прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў. Ён адзначыў, што Пуцін «заедзе» на вясельле «па дарозе ў Бэрлін». У нямецкай сталіцы ў выходныя адбудуцца перамовы расейскага прэзыдэнта з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.
Кіраўніца МЗС Аўстрыі Карын Кнайсьль выходзіць замуж за Вольфганга Майлінгера, фінансіста і прадпрымальніка. Сама Кнайсьль стала міністрам ад правапапулісцкай Партыі свабоды, якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю з кансэрватыўнай Народнай партыяй канцлера Сэбастыяна Курца. Партыя свабоды вядомая прарасейскай пазыцыяй і нават заключыла пагадненьне аб супрацоўніцтве з «Адзінай Расеяй».
У пачатку 2018 году ў інтэрвію аўстрыйскай газэце Kurier Карын Кнайсьль заявіла, што санкцыі супраць Расеі, уведзеныя пасьля анэксіі Крыму і пачатку канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, не былі эфэктыўнымі.
Паводле дадзеных СМІ, у сувязі зь візытам Уладзіміра Пуціна на вясельлі ўзмоцняць меры бясьпекі. Спэцслужбы маюць намер задзейнічаць снайпэраў. Вясельле, як чакаецца, пройдзе ў суботу ў вінаробнай гаспадарцы на поўдні фэдэральнай зямлі Штырыя.
Апошні раз Пуцін быў у Аўстрыі ў пачатку чэрвеня. Гэта быў яго першы замежны візыт з пачатку цяперашняга прэзыдэнцкага тэрміну.