З рэзэрвовага фонду кіраўніка Беларусі будзе выдзелена амаль 77 мільёнаў рублёў на падрыхтоўку да Эўрапейскіх гульняў 2019 году. Адпаведны ўказ № 315 падпісаў Аляксандар Лукашэнка 15 жніўня, паведамляе БелТА.
Гэтыя грошы накіруюць на:
- разьмяшчэньне матэрыялаў у эўрапейскіх СМІ;
- арганізацыю і правядзеньне допінг-кантролю спартоўцаў;
- набыцьцё праграмна-тэхнічнага блёку для правядзеньня мерапрыемстваў;
- рамонт і ўпарадкаваньне Палаца спорту, рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі па вясьлярных відах спорту і па тэнісе;
- падрыхтоўку спартовых аб’ектаў па месцы пражываньня ўдзельнікаў гульняў;
- падрыхтоўку інтэрнатаў для расьсяленьня студэнтаў, якія жывуць у «Студэнцкай вёсцы».
Таксама Лукашэнка даручыў Савету Міністраў прадугледзець грошы на падрыхтоўку і правядзеньне Эўрапейскіх гульняў пры фармаваньні бюджэту на 2019 год.
14 жніўня Нямецкі алімпійскі камітэт прыгразіў байкатаваць Эўрапейскія гульні ў Менску праз затрыманьні беларускіх журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі адказаў на магчымасьць нямецкага байкоту Эўрапейскіх гульняўДругія Эўрапейскія гульні пройдуць у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка дазволіў удзельнікам і гледачам спартовага мерапрыемства бязьвізавы ўезд у краіну. На Эўрапейскія гульні ў Менск чакаюць 30 тысяч замежных турыстаў. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі, паводле афіцыйных заяваў, 80 тысяч замежных турыстаў.