У Крыме больш ня дзейнічаюць банкаўскія карты Visa і MasterCard 

Генбанк, які базуецца ў анэксаваным Расеяй Крыме, спыніў абслугоўваньне і выпуск карт Visa і MasterCard. Расейская служба BBC адзначае, што гэта быў апошні банк на паўвостраве, які выпускаў карты міжнародных плацёжных сыстэм.

Некаторым кліентам банку прапанавалі замяніць іх на карты расейскай плацёжнай сыстэмы «Мир».

Рашэньне спыніць працу з Visa і MasterCard прынятае ў сувязі з уведзенымі ў 2014 годзе санкцыямі ў дачыненьні да расейскіх банкаў у адказ на анэксію Крыму і падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Як перадае Reuters са спасылкай на крыніцы, крымскія банкі да гэтага часу абслугоўвалі карты міжнародных сыстэм дзякуючы іх запасу, які быў выпушчаны да санкцый.

На пачатку жніўня паведамлялася, што з Крыму сышла апошняя заходняя гатэльная сетка.

Генбанк уваходзіць у групу банку «Расея», у радзе дырэктараў якога старшынюе Юрый Кавальчук. Ён уключаны ў санкцыйны сьпіс ЗША як бізнэсовец з «блізкага кола Пуціна».