Хадаркоўскі і Неўзьлін ствараюць фонд дзеля расьсьледаваньняў злачынстваў супраць журналістаў

Журналіст Павал Шарамет. быў забіты ў 2016 годзе ў Кіеве.

Заснавальнік руху «Адкрытая Расея» Міхаіл Хадаркоўскі і яго былы партнэр па бізнэсе Леанід Неўзьлін заснавалі Фонд міжнародных расьсьледаваньняў злачынстваў супраць журналістаў Justice for Journalists. Пра гэта паведамляецца на сайце арганізацыі.

Фонд плянуе арганізоўваць і фінансаваць міжнародныя расьсьледаваньні злачынстваў, учыненых супраць журналістаў, незалежна ад месца іх зьдзяйсьненьня і матываў.

Фонд будзе аказваць арганізацыйную, палітычную, інфармацыйную і фінансавую падтрымку дзейнасьці міжнародных расьсьледавальных груп і праектаў, якія маюць на мэце выяўляць, абнародаваць і аддаваць пад суд асобаў, адказных за злачынствы супраць журналістаў, — гаворыцца на сайце.

З 1992 году па цяперашні час у розных краінах сьвету загінулі 849 журналістаў.

«Злачынствы супраць журналістаў — гэта глябальная праблема. Кожны год дзясяткі журналістаў ва ўсім сьвеце становяцца ахвярамі забойстваў, большасьць гэтых злачынстваў застаюцца нераскрытымі. На мой погляд, Фонд Justice for Journalists — гэта адзін са спосабаў барацьбы зь беспакаранасьцю», — заявіў Міхаіл Хадаркоўскі.

Паводле яго, расьсьледаваньне забойства ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы Архана Джэмаля, Аляксандра Растаргуева і Кірыла Радчанкі магло б стаць першай прыярытэтнай справай фонду.

Хадаркоўскі і Неўзьлін перададуць для будучай працы фонду першапачатковую суму 5 мільёнаў даляраў.

Як паведамляецца ў фэйсбуку Хадаркоўскага, заснавальнікі Фонду разьлічваюць, што на пачатковым этапе Фонд будзе фінансаваць або суфінансаваць ад пяці да дзесяці міжнародных расьсьледаваньняў у год.


На сайце фонду гаворыцца, што арганізацыя адкрытая для супрацоўніцтва зь міжнароднымі СМІ, праваабаронцамі і дасьледчыкамі па шырокім коле пытаньняў.