Суд Фрунзенскага раёну Менску прысудзіў 14 жніўня дырэктару Дэпартамэнту кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржстандарту Сяргею Бобку 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і 5-гадовай забаронай займаць арганізацыйна-распарадчыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады.
Імя і прозьвішча колішняга чыноўніка публікаваў Tut.by.
Сяргея Бобку прызналі вінаватым у атрыманьні хабару паводле ч. 3 арт. 430. Таксама асудзілі ягонага знаёмага М., які, паводле суду:
- арганізоўваў сустрэчы Бобкі з хабарадаўцам;
- запэўніваў у неабходнасьці перадаць хабар;
- перадаваў хабар Бобку.
Жонку Сяргея Бобкі І. прызналі вінаватай у садзеяньні ў атрыманьні хабару, а таксама ў атрыманьні выгодаў, зьвязаных са службовым становішчам. Паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 430 Бобцы І. прысудзілі:
- 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму;
- канфіскацыю маёмасьці;
- забарону цягам 5 гадоў займаць арганізацыйна-распарадчыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады.