Два моцных уражаньня было ў мяне зьвязана з гэтым фільмам. Першае – калі нам, студэнтам журфаку, паказалі яго на зачыненым праглядзе ў Доме кіно (альбо як яго тады называлі, «чырвоным касьцёле).
Другое – калі пад час службы ў войску я набыў кнігу прозы італьянскага пісьменьніка Таніна Гуэры, прачытаў там сцэнар «Амаркорду» і зразумеў, што ўсё, літаральна ўсё, што бачыў я ў фільме рэжысэра Фэдэрыка Феліні – было прапісана ў сцэнары. І тое ж самае – з фільмам «І карабель плыве», таксама зьнятым Феліні па сцэнары Гуэры.
Таму цяпер я ніколі не кажу "Амаркорд" Феліні, а - Феліні і Гуэры.
-- Я пыталася ў Таніна, як жа гэта атрымліваецца: увесь «Амаркорд», ды і «Карабель» – гэта ж ты і толькі ты, а ён мне адказаў: «Запомні, кіно – гэта найперш рэжысэр. І калі б быў толькі мой сцэнар, у «Амаркордзе» усе б убачылі гарэзьлівыя прыгоды хлапчукоў з правінцыйнага італьянскага гарадку, а Фэдэрыка са сваім "Рэксам" , і хвалямі з цэлафану ў студыйным павільёне, узьняў тэму да эпасу, – кажа Лора Гуэра.
Мы сядзім у яе доме ў Пінабілі, невялікім гарадку ў італьянскай правінцыі Эмілія-Раманья, на вуліцах якога, здаецца, час спыніўся некалькі стагодзьдзяў таму. І ня ведаеш, ці то разглядаць палотны на сьценах, ці то слухаць расповеды Лоры пра Фэдэрыка Феліні і Джульету Мазіну, пра Мікелянджэла Антаніёні і Андрэя Таркоўскага...
Лора жыла ў Маскве, працавала рэдактарам на «Масфільме», цяжка перажыла сьмерць мужа, у сярэдзіне 1970-х пазнаёмілася з Таніна Гуэра, які прыехаў у СССР у складзе групы італьянскіх кінэматаграфістаў. Пачаўся раман, прамежкавым вынікам якога была страта працы (у СССР не ўхвалялі несанкцыянаваную сувязь з замежнікамі) , а канчатковым – вясельле і пераезд у Італію.
На яе з Гуэрам вясельлі ў Маскве Таркоўскі быў сьведкам з боку нявесты, а Антаніёні - з боку жаніха. Вясельны фотаздымак зафіксаваў геніяльнага італьянскага рэжысэра са сьціснутай у зубах хусткай – каб не расьсьмяяцца з празмерна афіцыёзнай, пампезнай цырымоніі перад гіганцкім бюстам Леніна; чаго не даведаешся з фота, дык гэта пра словы Гуэры, які паўтараў праз плячо: «Хопіць сьмяяцца! Ты дасьмяешся да таго, што нас усіх пашлюць у Сыбір!»
Два фільмы Мікелянджэла Антаніёні па сцэнары Таніна Гуэры – «Фотапавелічэньне» і «Забрыскі-пойнт»– зрабіліся культавымі для пакаленьня 1960-1970-х. Андрэй Таркоўскі зьняў па ягоным сцэнары "Настальгію". Бэрнарда Бэрталучы, Джузэпэ дэ Санціс, Віторыя дэ Сіка, Тэа Ангелопулас - імёны гэтых рэжысэраў дазволілі назваць Таніна Гуэру адным з найлепшых сцэнарыстаў ХХ стагодзьдзя.
Уласна, якраз Таніна Гуэра ня меў падставаў крыўдаваць на тое, што абдзелены славай, і ня толькі таму, што фільмы па ягоных сцэнарах бралі «Оскар» і прызы Канскага фэстывалю. Гуэра вядомы і як пісьменьнік, ягоныя тэксты зрабіліся клясыкай італьянскай літаратуры, нароўні з творамі Луіджы Пірандэла і Італа Кальвіна, а паэзія завяршае сабой клясычную традыцыю, якая бярэ пачатак ад Дантэ і Пэтраркі. На расейскую Гуэру перакладала Бэла Ахмадуліна; на беларускай, наколькі мне вядома, ён пакуль не гучаў.
Лора захоўвае ў доме ўсё, як было пры Таніна – мэблю, зробленую ягонымі рукамі, карціны, бібліятэку. На сьценах -- малюнкі Антаніёні, Феліні, маскоўскага мастака і рэжысэра Рустама Хамдамава (ён якраз гэтымі днямі гасьціць у Пінабілі). Але сам дом успрымаецца толькі часткай пэйзажу, які бачыш з вакна пакоя творцы – краявід надзвычайнай прыгажосьці пачынаецца з саду, цягнецца на некалькі кілямэтраў і завяршаецца горамі.
Лора была сяброўкай Андрэя Таркоўскага яшчэ да знаёмства з Гуэрам, ліставалася зь ім, калі пераехала ў сярэдзіне 70-х у Італію. Менавіта з гэтага дому ў Пінабілі Таркоўскі і Гуэра пачалі пошукі натуры для «Настальгіі».
-- Таркоўскі ня быў палітыкам, ён не выступаў у фільмах супраць савецкага рэжыму, ягоныя фільмы не пра гэта, -- кажа Лора. -- Ён проста адстойваў свой творчы мэтад, свой індывідуальны погляд, і гэтага для тагачаснага кіраўніцтва было дастаткова, каб лічыць: «Ня наш!».
Не было палітычнай прычыны і ў рашэньні рэжысэра прасіць прытулку ў Італіі. Пасьля таго, як Таркоўскі па сцэнары Гуэры зьняў «Настальгію», ён папрасіў савецкія ўлады даць дазвол прыехаць да яго сыну – на абмежаваны час. Улады – адмовілі, і тады Таркоўскі правёў прэсавую канфэрэнцыю і зрабіў заяву, што вяртацца ў СССР ня будзе. Сыну ж савецкія ўлады дазволілі выехаць да бацькі, толькі калі Таркоўскі быў сьмяротна хворы….
У Гуэры ўвогуле быў талент сябраваць з людзьмі, якія якраз праз нязгоду адмовіцца ад свайго права ўвасабляць у творчасьці сьвет такім, які яны яго бачаць, былі ў СССР пазбаўлены права на гэтую самую творчасьць. З тым жа Рустамам Хамадамавым – ягоны фільм «Раба каханьня» быў змыты са стужкі, а выканаўцы роляў, а таксама касьцюмы, дэкарацыі – аддадзеныя іншаму рэжысэру.
І, канешне, зь Сяргеем Параджанавым – калі ён апынуўся ў зьняволеньні, Таніна і Лора арганізавалі кампанію за ягонае вызваленьне па ўсім сьвеце. У доме – некалькі інсталяцыяў Параджанава, у тым ліку і дасланых з-за кратаў.
Лора кажа, што, нягледзячы на шматлікія прапановы пісаць для Галівуда, Таніна не імкнуўся ў Амэрыку ("Я павінен добра ўяўляць, як амэрыканскі чалавек, напрыклад, каўбой, заходзіць у бар, якой рукой ён дастае цыгарэту, якім жэстам вітаецца"). Гуэра казаў, што ангельская мова паступова робіцца афіцыйнай мовай сьвету, а іншыя мовы ператвараюцца ў дыялект ангельскай. Яна распавядае, чаму ў сярэдзіне 80-х Таніна Гуэра пакінуў Рым і паступова ўвогуле адышоў ад Вялікага Кіно. Яна цытуе запіс у дзёньніку ад 23 студзеня 1987 (прайшло некалькі тыдняў з моманту сьмерці Андрэя Таркоўскага):
«Кіно, на жаль, у руках у людзей, якія ня ўмеюць чытаць і ведаюць толькі, як пахне пот падпахам знакамітых акторак. Гэты вялізны храм італьянскага кіно ахоўваецца ужо служкамі, якія ня ўмеюць нават запаліць сьвечкі. І калі нехта, па волі выпадку, увойдзе ў гэты сабор – абавязкова спатыкнецца аб лаву і знойдзе путанаў ля спавядальняў. Італьянскія палітыкі нічога не разумеюць у кіно і дазваляюць суцэльнае разбурэньне гэтага цудоўнага італьянскага помніка».
Гуэра вярнуўся туды, дзе нарадзіўся – у Эмілью-Раманью, і цяпер сябры наведвалі яг ня ў Рыме, а ў Сантаркаджэла і ў Пінабілі.
Зьвёўшы да мінімуму кантакты з тымі, каго прынята называць элітай, Гуэра пасябраваў з мулярамі, кавалямі, цесьлярамі, садоўнікамі, з сялянамі – і адчуваў сябе ня менш шчасьлівым, чым тады, калі знаходзіўся ў цэнтры ўвагі сусьветных зорак.
Ён кажа, што яму досыць назіраць, як геніі ўвасабляюць чалавека, прыроду, рэчы – і пачынае ствараць рэчы сам. Ён яшчэ займаўся сцэнарыямі, але ўжобыў захоплены керамікай, дзе кожная плітка – можа быць асобным сюжэтам для апавяданьня. Ён малюе, стварае палотны і эстампы.
Сёньня, праз шэсьць гадоў пасьля таго, як Гуэра «перайшоў з аднаго пакоя ў другі», ягоная прысутнасьць у родных мясьцінах адчуваецца, бадай, яшчэ болей, чым пры жыцьці. І ня толькі таму, што ёсьць два прысьвечаных яму музэі - у Сантаркаджэла і ў Пінабілі.
Гуэра зрабіў фантаны ў некалькіх гарадах, стварыў ў Пінабілі «Сад забытых расьлінаў» (адно дрэва пасадзіўь ягоны госьць – Далай Лама), усталёўвае старажытны звон над горадам.
Лора Гуэра паказвае Пінабілі, і паўсюль знаходзіцца нешта, зробленае паводле праектаў Таніна альбо нават ягонымі рукамі. У садзе ля свайго дому ён усталяваў памятныя знакі сябрам – Таркоўскаму, Антаніёні. Па ўсім горадзе -- керамічныя пліткі з цытатамі ды малюнкамі Гуэры. А ў "Садзе забытых расьлінаў" выплаўленыя з мэталу матылі апоўдні кідаюць цень, якая ўтварае абрысы Фэдэрыка Феліні і Джульеты Мазіны.
... Ужо з’ехаўшы з Пінабілі, прыгадваю, што так і не запытаўся ў Лоры – ці не апавяданьне Буніна "Чалавек з Сан-Францыска" натхніла Гуэру на сюжэт фильму "І карабель плыве"?
Ну, наступным разам.