Як зьмянялася Горадня падчас «бязьвізу». ФОТА

Горадню за 21 месяц «бязьвізу» наведалі больш як 90 тысяч турыстаў: каля 50 тысяч летась і 40 тысяч сёлета. Як выглядае горад дзякуючы гасьцям, — у фотарэпартажы Свабоды.

Бясконцымі экскурсіямі па старым горадзе і пытаньнямі ад мінакоў «Як прайсьці?» і «Дзе паесьці?» ужо ня зьдзівіш нікога зь мясцовых.

Стары замак, нягледзячы на рэканструкцыю з адбойнікам, застаецца адным з must-see кожнага турыста. На час працаў адмыслова для наведнікаў пабудавалі дадатковы мост да замка, асноўны — перакрыты.

Выявы старога гораду з Брыгіцкай вуліцай і ўжо неіснуючай Фарай Вітаўта зьявіліся на непрыкметных дагэтуль сьценах гарадзкіх дворыкаў.

Пляцоўка агляду на даху савецкага ўнівэрмагу стала бадай што самым высокім даступным пунктам у цэнтры гораду.

Для гасьцей усталявалі інфармацыйныя стэнды, шыльды, мапы, указальнікі на беларускай, расейскай, ангельскай мовах — каб даведацца дарогу або пачытаць пра славутасьці.

Калі хто ня дойдзе да набярэжнай Нёмана, то зможа пабачыць яе зноў жа на сьценах дворыкаў у цэнтры.

Настальгія па савецкім мінулым — адзін з матываў наведаць Горадню.

Панарамны ліфт ва ўнівэрмагу стаў сапраўднай атракцыяй. У першыя дні пасьля адкрыцьця ён зьбіраў вялізныя чэргі ахвотных пакатацца. Дый цяпер, каб праехаць на ім, зазвычай трэба пачакаць некалькі заездаў.

Пакуль ліфт вязе на чацьвёрты паверх, можна ўбачыць чырвоную дахоўку дамкоў пешаходнай вуліцы і Фарны касьцёл, зрабіць пару фатаздымкаў і нават пасьпець спужацца вышыні.

У парку Жылібэра і іншых месцах гораду запрацавалі стэнды буккросінгу. Пацёртыя кнігі беларускіх і замежных аўтараў ахвяравала бібліятэка горадзенскага шклозаводу.

Гітарыста Алега мясцовыя клічуць «горадзенскім Дзімам Біланам». Самых розных музыкаў на пешаходнай Савецкай вуліцы ўсё больш. Яны мусяць атрымаць дазвол на музыку ад уладаў.

Адной з галоўных баек для прыежджых застаецца горадзенская Мона Ліза на пажарнай каланчы. Паспрабуйце яе знайсьці!

Нават горадзенская зямля вітае гасьцей: пешаходныя пераходы ўпрыгожылі надпісамі і малюнкамі, а каналізацыйныя люкі — гербам гораду з аленем сьвятога Губэрта. У цені дрэваў турыстаў чакае абаронца горадзенскай зямлі ад крыжакоў — сьвежазроблены Давыд Гарадзенскі.

Беларусь адмяніла візы для жыхароў 80 краін. Аднак найчасьцей на горадзенскіх вуліцах чуваць польская і літоўская мовы, а таксама выразная расейская, безь мясцовай трасянкі.

Так выглядае горад з даху ўнівэрмага. Вось-вось там абяцаюць адкрыць летнюю кавярню на даху, першую такую ў «самым эўрапейскім горадзе Беларусі».

Лесьвіца каханьня вядзе да набярэжнай і як бы намякае гасьцям, што ў гэты горад над Нёманам нельга не закахацца.