Прэзыдэнт Турэччыны абвясьціў байкот амэрыканскай электроніцы

Рэджэп Эрдаган

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган раніцай 14 жніўня заявіў, што краіна пачынае байкот амэрыканскай электронікі.

«Мы будзем байкатаваць усе электронныя тавары вытворчасьці ЗША. У іх ёсьць iPhone, але на іншым канцы сьвету таксама вырабляюць Samsung, а ў нас саміх ёсьць Venus Vestel. Мы ўвядзем гэтыя абмежавальныя меры», — заявіў прэзыдэнт у Анкары.

Vestel — турэцкі вытворца бытавой электронікі і тавараў у галіне інфармацыйных тэхналёгій. Гэта адзін з найбуйнейшых прадаўцоў тэлевізараў у Эўропе пад маркай Vestel, таксама ён прадае лядоўні пад маркай Vestfrost і іншыя тавары пад маркамі Telefunken, Kendo, Maxwell, Celcus, Finlux, Electra. У 2014 годзе Vestel выйшаў на рынак смартфонаў з мадэльлю Venus, розныя мадэлі гэтага тэлефона прадаюцца па кошце ад 130 да 360 долараў.

Эрдаган падкрэсьліў, што рашэньне пра байкот — адказ на рашэньне ўладаў ЗША рэзка павялічыць тарыфы на турэцкую сталь і алюміній і агульнае пагаршэньне адносінаў дзьвюх краінаў. Напярэдадні прэзыдэнт Турэччыны абвінаваціў амэрыканскіх і іншых замежных інвэстараў у рэзкім падзеньні курсу турэцкай ліры, якая за апошнія пяць дзён страціла ў цане амаль 25%, столькі ж, колькі за ўвесь апошні год.

Эрдаган назваў дзеяньні Белага дома супраць Турэччыны і ліры «эканамічным тэрарызмам» і «ударам у сьпіну», заўважыўшы, што «краіна знаходзіцца ў аблозе, як у сфэры эканомікі, так і ў іншых галінах».

Аднак эканамічны дарадца Белага Дома Кевін Гасэт патлумачыў эканамічныя праблемы Турэччыны ў першую чаргу ўнутранымі прычынамі і заявіў у сувязі з гэтым: «Калі краіна адыходзіць ад лібэральнай дэмакратыі, ніхто не ведае, што можа здарыцца з яе эканомікай. Я думаю, гэта ўсё (праблемы) зьвязана менавіта зь нявызначанасьцю».