Пасьля пратэстаў чыноўнікі рэкамэндавалі прыпыніць будоўлю бізнэс-цэнтру ў Менску

14 жніўня працягваюцца працы на тэрыторыі былога дзіцячага садка ў дварах вуліцы Талбухіна і праспэкту Незалежнасьці

Свабода працягвае сачыць за канфліктам вакол будоўлі бізнэс-цэнтру ў дварах вуліц Талбухіна і праспэкту Незалежнасьці ў Менску. Хоць улады і пракуратура знайшлі парушэньні, будоўля аднавілася. 13 жніўня жыхары выйшлі бараніць свой двор і разабралі частку плота вакол будоўлі.

Пасьля публікацый Свабоды ў канцы чэрвеня, паўтара месяцы будоўля не аднаўлялася. Але ад 13 жніўня рабочыя ўсталёўваюць мэталічны плот вакол тэрыторыі, дзе хочуць пабудаваць бізнэс-цэнтар, хоць яшчэ 8 жніўня адміністрацыя Першамайскага раёну Менску рэкамэндавала гарадзкім уладам прыпыніць тут усе работы. Падстава такой рэкамэндацыі — тое, што Генпракуратура і Мінкульт знайшлі парушэньні закону.

Але выразнай забароны на будаўніцтва пакуль няма, і забудоўшчык, кампанія «Вецер», аднавіў працы на аб’екце. Гэта выклікала новыя пратэсты жыхароў.

«Людзі бачаць, што закон на іх баку»

У канцы чэрвеня мясцовыя жыхары баранілі дрэвы ад высечкі. Фота Vit van Hoov

Пасьля сыходу будаўнікоў увечары 13 жніўня мясцовыя жыхары разабралі частку новага мэталічнага плота вакол будоўлі. Яны ўпэўненыя, што гэты плот незаконны, а сама будоўля не дазволеная.

«Людзі даведзеныя да крайняй меры. Яны бачаць, што закон на іх баку, — сказаў Свабодзе Юры Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду». Ён займаецца праблемай гэтай будоўлі з часу выбараў у мясцовыя дэпутаты, калі балятаваўся ад гэтай акругі.

Па ягоных словах, звароты ў суд і пракуратуру прымусілі чыноўнікаў прызнаць, што праўда на баку жыхароў.

«Але карупцыйныя схемы і схемы тэлефоннага права працягваюць дзейнічаць у Беларусі, — кажа Губарэвіч. — Хоць гаспадарчую дзейнасьць на аб’екце забаранілі, забудоўшчык прыяжджае, напляваўшы на ўсё, працягвае сваю актыўнасьць».

У канцы чэрвеня «Менскзелянбуд» зьбіраўся сьпілаваць 300 дрэваў у дварах вакол былога дзіцячага садка на праспэкце Незалежнасьці, 93а. Тут зьбіраюцца будаваць бізнэс-цэнтар з паркоўкай на 129 аўтамабіляў.

25 чэрвеня жыхары абаранілі дрэвы. Месяц цягнуўся судовы працэс супраць забудоўшчыка — кампаніі «Вецер». Суд быў прайграны, але за гэты час жыхары атрымалі дакумэнты, на падставе якіх зьвярнуліся ў пракуратуру, Міністэрства культуры і органы ўлады, каб прыпыніць будоўлю.

Мінкульт і Генпракуратура знайшлі парушэньні заканадаўства

Як кажуць жыхары, яны ня супраць самой будоўлі. Стары дзіцячы садок ужо даўно быў занядбаны. Але яны маюць два галоўныя патрабаваньні. Па-першае, павінны захавацца дрэвы вакол былога садка.

«Гэта тое, што выклікае найбольшае абурэньне жыхароў, — кажа Губарэвіч. — Нават апалітычныя людзі гатовыя падняцца, выступіць у абарону».

На тэрыторыі, дзе зьбіраюцца будаваць гандлёвы цэнтар, яшчэ ў чэрвені сьпілавалі ўсе дрэвы

Па-другое, будоўля павінна адпавядаць закону. За апошнія паўтара месяца пацьвердзілася, што паркоўка на 129 месцаў, як гэта прадугледжана ў праекце бізнэс-цэнтру, ня можа быць у зоне аховы праспэкта Незалежнасьці. Пра гэта яшчэ раз напісана ў лісьце Міністэрства культуры ад 1 жніўня.

На мінулым тыдні кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну накіраваў ліст у Менгарвыканкам, каб тыя «даручылі інспэкцыі Дзяржбуднагляду прыпыніць работы на Аб’екце да ліквідацыі парушэньняў заканадаўства».

Сход жыхароў у канцы чэрвеня

Скончыла праверку і Генэральная пракуратура. Яна выявіла парушэньне заканадаўства аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці пры праектаваньні і будаўніцтве бізнэс-цэнтру кампаніяй «Вецер».

«Павінен прыпыніцца тэрмін дзеяньня дазволаў на карыстаньне ўчасткам, — сказала Свабодзе Галіна Сінілевіч, мясцовая жыхарка. — Таксама павінны пераглядзець архітэктурна-пляніровачнае заданьне бізнэс-цэнтру».

Жыхары разабралі частку плота, бо лічаць яго незаконным

Паўтара месяцы, пакуль ішоў суд, ні будаўнікі, ні рабочыя зелянбуду не зьўляліся на вуліцы Талбухіна

Калі 13 жніўня рабочыя пачалі разьбіраць стары бэтонны плот, на месца прыехаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Васіль Касавец. Ён асабіста выявіў, што ў рабочых не было дакумэнтаў, каб весьці працы. Ён напісаў прадпісаньне, якім забараняюцца працы без дакумэнтаў.

Але да самага вечара тут працавала тэхніка. Рабочыя абгарадзілі будаўнічую пляцоўку новым мэталічным плотам. Міліцыю двойчы выклікалі, але ў канфлікт яна ня ўмешвалася. Міліцыянты толькі прынялі заяву ад мясцовых жыхароў.

13 жніўня на пляцоўку прыехала тэхніка, тут пачалі разьбіраць стары бэтонны плот і ўсталёўваць новы мэталічны

Сёньня раніцай ужо прадстаўнікі «Ветру» выклікалі міліцыю. Тое, што плот разабралі, яны лічаць вандалізмам. Пра гэта яны сказалі Свабодзе на месцы. Па словах прадстаўнікоў кампаніі, яны вядуць працы на падставе дазволу на будаўніцтва, атрыманага яшчэ 23 траўня.

«Забароны на будаўніцтва мы не атрымлівалі», — сказаў прадстаўнік тэхнічнага нагляду аб’екта Свабодзе.

Мясцовыя жыхары лічаць, што будоўля аднавілася незаконна

Жыхары ведаюць, што дазвол сапраўды быў атрыманы ў траўні. Але лічаць, што праз новыя абставіны будоўля павінна быць спынена. Бо кампаніі даручылі перагледзець праект.

«Закон на баку мясцовых жыхароў. Чыноўнікі пацьвердзілі гэта, але яны дэманструюць сваё бясьсільле, — сказаў Юры Губарэвіч. — Людзям застаецца толькі выйсьці на вуліцу і прадэманстраваць, што ты з гэтым ня згодны».

Каля парку Чалюскінцаў у Менску высекуць 273 дрэвы. Тут будуюць бізнэс-цэнтар

Менчукі заблякавалі машыну «Зелянбуду», не дазволіўшы пілаваць дрэвы. ВІДЭА