Эўразьвяз выдзеліць каля 1 млн эўра для мадэрнізацыі пунктаў пропуску «Брузгі» і «Бераставіца» на мяжы Беларусі з Польшчай. Грантавы кантракт па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі падпісаны Горадзенскай рэгіянальнай мытняй і Эўрапейскім Зьвязам, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.
Праект будзе рэалізоўвацца сумесна з Падляскім ваяводзтвам Польшчы па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» на 2014-2020 гады. Унёсак Эўразьвязу па праекце складзе каля 1 млн эўра.
Асноўны акцэнт у праекце будзе зроблены на поўную мадэрнізацыю лякальных вылічальных сетак у аўтадарожных пунктах пропуску «Брузгі» і «Бераставіца», сярод іншага правядуць замену ўсяго сэрвэрнага абсталяваньня і аргтэхнікі.
«Гэта, у сваю чаргу, будзе садзейнічаць умацаваньню бясьпекі на беларуска-польскай мяжы, скарачэньню часу правядзеньня апэрацый мытнага кантролю, паляпшэньню эфэктыўнасці мытных працэдур», — адзначаюць у Дзяржаўным мытным камітэце.