Намесьніка старшыні Сьветлагорскага райвыканкаму асудзілі на 3,5 года калёніі за карупцыю

Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock

Першы намесьнік старшыні Сьветлагорскага райвыканкаму асуджаны на тры з паловай гады пазбаўленьня з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Такі прысуд вынес 13 жніўня суд Сьветлагорскага раёну, паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога суду.

Таксама суд пастанавіў канфіскаваць у чыноўніка ўсю ягоную маёмасьць, аштрафаваць яго на 300 базавых велічыняў (7.350 рублёў) і пазбавіў яго права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцыяў на тэрмін 5 гадоў. На карысьць дзяржавы з абвінавачанага будзе спагнаны даход, атрыманы злачынным шляхам, — 21.574 рублі 56 капеек.

Чыноўнік прызнаны вінаватым паводле шэрагу карупцыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу — хабар, крадзеж праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, перавышэньні ўлады.

Прысуд яшчэ не набыў законную сілу і можа быць абскарджаны.