Суд у Армэніі вызваліў з-пад варты былога прэзыдэнта краіны Робэрта Качар’яна. Палітык скарыстаўся сваім правам на недатыкальнасьць.
Качар’ян быў арыштаваны ў канцы ліпеня. Яго абвінавацілі ў зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу краіны. Былы прэзыдэнт Армэніі называе прад’яўленыя яму абвінавачваньні палітычна матываванымі.
Справу ў дачыненьні да Качар’яна пачалі ў сувязі з сілавым разгонам акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2008 годзе. Тады прыхільнікі кандыдата Лявона Тэр-Пэтрасьяна патрабавалі перагледзець вынікі галасаваньня. У сутычках з паліцыяй загінулі 10 чалавек. Качар’ян абвясьціў надзвычайнае становішча, пратэсты ў краіне спыніліся.
Адным з арганізатараў мітынгаў 2008 году быў цяперашні прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян. У 2010 годзе па абвінавачваньні ў арганізацыі беспарадкаў яго прысудзілі да сямі гадоў калёніі. У траўні 2011 году Пашыньян выйшаў на волю па амністыі.