На адным з падразьдзяленьняў Горадзенскай рэгіянальнай мытні ў ліпені затрымалі супрацоўнікаў.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў Горадзенскай рэгіянальнай мытні на запыт аб тым, што ў пункце пропуску «Брузгі» затрымалі зьмену мытнікаў.
«Пра затрыманьне цэлай зьмены гаворка не ідзе. Іншай інфармацыі мы прадставіць ня можам, бо ідуць сьледчыя дзеяньні», — сказалі ў Горадзенскай рэгіянальнай мытні.
Афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Андрэй Яраш сказаў карэспандэнту Свабоды, што КДБ на беларуска-польскім памежным пераходзе затрыманьні не ажыцьцяўляў.
Сайт Hrodna.life паведаміў раней, што ў першых чыслах жніўня на памежным пераходзе «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы па падазрэньні ў атрыманньні хабараў і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі была затрымана ўся зьмена мытнікаў, якія працавалі пры афармленьні грузавых аўтамабіляў. Сайт спасылаўся на сваякоў некаторых затрыманых. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сярод затрыманых ёсьць і былыя супрацоўнікі мытні.