За сем месяцаў гэтага года пачатыя 142 крымінальныя справы прэвэнтыўнай накіраванасьці ў сфэры сямейна-бытавых стасункаў. Да адміністрацыйнай адказансьці за правапарушэньні ў быце прыцягнута 4900 чалавек і аб’яўлены 463 ахоўныя прадпісаньні.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў гарадзкім упраўленьні ўнутраных спраў Менгарвыканкаму адносна сытуацыі з сямейным гвалтам у Менску.
Паводле ГУУС, «дзеля прыцягненьня ўвагі шырокіх слаёў насельнітва да праблемаў гвалту ў сям’і» у Менску праводзяцца акцыі «Дом без гвалту!».
«Таксама міжведамасныя рабочыя групы на сталай аснове наведваюць па месцы жыхраства грамадзян, якія раней дапускалі хатні гвалт», — паведаміла прэс-служба ГУСС Менгарвыканкаму.
Захарэвіч супраць Севярынца: ці патрэбны Беларусі новы закон аб барацьбе з хатнім гвалтам?
Беларусь пакуль ня мае закону аб папярэджаньні гвалту ў сям’і. У траўні намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Алег Каразей паведаміў, што МУС завяршыў падрыхтоўку канцэпцыі такога законапраекта.
«Да ліпеня мы павінны ўзгадніць канцэпцыю з усімі зацікаўленымі ведамствамі, а затым унесьці на разгляд у Савет міністраў. Калі ўсё пройдзе пасьпяхова, па пляне ў кастрычніку дакумэнт трапіць на даклад прэзыдэнту. Закон можа быць прыняты ў наступным годзе», — сказаў Алег Каразей.